Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тры́шка ‘баязлівы, нясмелы чалавек’ (Бяльк.). Верагодна, ад УІ Тры́хан (якое, магчыма, да Тры́фан), але матывацыя няясная. Нейкая сувязь з папярэднім словам? Параўн. укр. три́шкатися ‘неспакойна захоўвацца’, якое звязваюць з те́рти ‘церці’ (ЕСУМ, 5, 642), а таксама труха2 ‘нейкая картачная гульня’ і трухлівы ‘баязлівы’, гл.

Тры́шты: у трышты ‘ў тры разы’ (ТС). Параўн. ст.-слав. триши ‘тройчы’, паралельнае да тришьди ‘тс’ (СССл.), якое з прасл. *trišьdy, спалучэння з *tri (гл. тры) і дзеепрыметніка *šъdъ ад *xoditi (Фасмер, 4, 102; ЕСУМ, 5, 637), гл. трожды.

Трышчаці́ннік ‘травяністая злакавая расліна Trisetum Pers.’ (ТСБМ). Як рус. трищети́нник, чэш. trojštĕtmice, славац. trojštet, з’яўляецца калькай навуковай лацінскай назвы trísetum, утворанай з tri ‘тры’ і seta (< saeta) ‘шчаціна’, ‘грыва’, ‘шорсткія валасы’ (Махэк, Jména, 288), бо сцябло і лісты расліны пакрыты шчацінай, кароценькімі калючкамі.

Тры́шчыць1 ‘крышыць, ламаць на дробныя часткі пад цяжарам’ (Нас., Байк. і Некр.), трі́шчыты ‘лупцаваць’ (кам., ЖНС), трышчэ́нне ‘ламанне’ (Юрч. СНС), трышчэ́ньнік ‘ламальшчык’ (там жа); тры́шчыцца ‘раскрывацца (пра пупышкі на дрэвах)’ (Касп.), ‘крышыцца на дробныя часткі’ (Нас., Байк. і Некр.), тры́шчаны ‘раздроблены’ (там жа). Да трысці́ць2, трушчыць, гл.

Тры́шчыць2 ‘сукаць’ (Сцяшк. Сл.). Да трысці́ць1 (гл.), тры́шчаны ‘злучаны з двух-трох столак, нітак’ (Нас.), ‘ссуканы’ (Сцяшк. Сл.).

Трышэ́ўнік ‘суконная світка са сточанай часткай на спіне’ (паст., Сл. ПЗБ). Утворана на базе словазлучэння тры швы (на спіне), гл. тры, шво.

Трыш- у прыгаворцы: Сем пол наперадзе, / Чаму мяне не бераце. / І трыштыкі туды ж такі (Вушац. сл.). Няясна. У трыштыкі вычляняецца фармант ‑тыкі, адносна якога Насовіч сцвярджае, што ён далучаецца да слоў як бы для пацверджання (Нас.), гл. такі2. Параўн. запісанае на Смаленшчыне три́ш‑таки ‘выклічнік, што ўжываецца для выражэння незадавальнення’ (?): у триш‑таки тудыш‑таки (СРНГ). Першую частку можна зблізіць з тры́шты (гл.), параўн., аднак, харв. trîž, triš ‘тры разы, тройчы’, чарнаг. три̂ш ‘тс’, серб. цімак. триш ‘тс’, балг. триж ‘тс’, макед. триш ‘тс’, што выводзяцца з прасл. *trišьdъ, гл. Ільінскі, Зб. Ягічу, 298; Скок, 3, 501; Младэнаў, Диалектология, 547–550; Тодараў, Этим. етюди, 149. Адзіная засведчаная ў паўночнаславянскім арэале беларуска-паўднёваславянская паралель з канцавым ж/ш са значэннем ‘тройчы, у тры разы’? З-за фармальных цяжкасцей малаверагодна вывядзенне з трышты (гл.).

Трыя́да ‘адзінства, якое ўтвараецца трыма асобнымі прадметамі, паняццямі або часткамі’ (ТСБМ). Праз рускую (триада) ці польскую (triada) мову з формы Р. скл. адз. л. τριάδος ад ст.-грэч. τριάς ‘тройца, траістасць’ < τρεῖς ‘тры’ (Голуб-Ліер, 488; ЕСУМ, 5, 642).

Трэ, трэ’ ‘трэба’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк., Касп., Шат., Сержп. Казкі, Мат. Маг. 2, Арх. Вяр., Ян., ТС, ПСл, Сл. ПЗБ), сюды ж трэ́а ‘тс’ (Ян.; кобр., гродз., Кольб.), трэ́э ‘тс’ (Сержп. Прык. і прым.), а таксама тра ‘тс’ (КСТ, Булг., Сл. Брэс.). Параўн. укр. тре, тре́а ‘тс’, палес. тра ‘тс’: йак тра, то тра (Арк.), польск. trzea, trza ‘тс’, чэш. třa, třás ‘тс’, славац. tra ‘тс’, ст.-слав. трѣ ‘тс’. У выніку рэдукцыі з трэ́ба1 (гл.) у працэсе трансфармацыі ад назоўніка да прыслоўя (Карскі, 2, 354); не выключана, што гэтаму паспрыяла гаплалогія ў найбольш частотным спалучэнні трэба было > трэ было, параўн. трэ́ было́, трэ́бло (Хромчанка, Паўн.-маст. гав.), трэ́булоу < ы, Сцяцко, БММ, 2, 204), trébała ‘тс’ (Варл.), трэ́бало ‘тс’ (Клундук) і інш.

Трэба1 ‘ахвярапрынашэнне’, ‘рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда), які выконваецца святаром па просьбе веруючых’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. треба ‘ахвяра’ (ГСБМ). Параўн. стараж.-рус. тереба, якое праз ц.-слав. са ст.-слав. трѣба ‘ахвяра’. Паводле Фасмера (4, 95), разумеецца як ‘выкананне абавязку’ і звязана з трэба2 (гл.). Параўн. таксама палаб. trebe ‘каляды’, больш падрабязна Ферлюга-Пятроніё, Linguistica, 20, 2, 138 і наст. Зафіксаванае на Брэстчыне трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай з незамярзаючым ручаём’ (Чэрн.), а таксама трэ́ба ‘ляда, месца, дзе высечаны лес’ (бяроз., Шатал.), хутчэй з ўсё, не мае непасрэдных адносін да ‘месца, куды прыносіліся ахвяры багам’, а звязана з трыб1 ‘прасека ў лесе’, гл.

Трэ́ба2 ‘патрэба, неабходнасць’ (Нас.), ‘клопат, справы’ (Нар. Гом.), ‘неабходна, абавязкова, патрэбна’, ‘пажадана’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Яруш., Мал., Федар. 4, ТС, Кліх, Ян., Растарг., Сл. ПЗБ), ‘належаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘мець патрэбу ў чым- ці кім-небудзь’ (смарг., воран., вільн., шальч., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘быць патрэбным’ (Нас.), тре́ба ‘трэба’ (Бяльк.; Мат. Маг. 2), трэ́бо ‘тс’ (Скарбы₂; слуц., Мат.), ст.-бел. треба ‘патрэба’: ездилъ есми у требе моей до урадника (ПГС), сюды ж трэ́бака ‘тс’ (пін., Нар. лекс.), тра́було, трэ́було ‘трэба было’ (пін., Ск. нар. мовы), трэ́буль ‘тс’ (астрав., там жа); трэ́батка ‘тс’ (Рагаўц.), трэ́бацімя ‘трэба будзе’ (шчуч., З нар. сл.). Параўн. укр. тре́ба ‘трэба’, зах.-укр. трі́ба ‘патрэба, спроба’, рус. зах. треба ‘патрабаванне’: по требе явиться (Даль), польск. trzeba ‘трэба, неабходна, варта, як належыць, патрэбна было б’, каш. třeba ‘трэба’; н.- і в.-луж. trjeba ‘патрэбна, неабходна’, чэш. třeba ‘тс’, ‘нават, хаця’, ‘хаця б’, ‘можа быць’, ‘бадай што, мабыць’, славац. treba ‘трэба, патрэбна, належыць’, trebars ‘хаця’, славен. tréba (je), харв. trijéba, серб. тре̏ба ‘патрэбна’, дыял. цімак. тре́бе ‘тс’, балг. трѐба ‘грамадская справа’, макед. треба ‘быць неабходным, патрэбным’, ст.-слав. трѣбѣ (ѥсть) ‘патрэбна, трэба, неабходна’. Прасл. *terba ‘патрэба, неабходнасць’ рэканструюць на падставе матэрыялу часткі славянскіх моў, разглядаючы яе як аснову, варыянтную ў адносінах да і.-е. *terp‑: ст.-прус. enterpo ‘ўжывае, патрабуе, патрэбны’, літ. tar̃pti ‘квітнець’, гоц. þaúrban ‘патрабаваць’, þarbs ‘неабходны, патрэбны’, ст.-в.-ням. durfan, thurfan ‘патрабаваць’, ням. dürfen ‘магчы; мець дазвол’, ст.-грэч. τέρπώ ‘насычаюся; маю досыць; радуюся, весялюся’, ст.-інд. tŕ̥pyati, tárpati ‘насычацца’ (Борысь, 648; Фасмер, 4, 96; Сной₂, 779; ESJSt, 16, 979). Беларускія і ўсходнеславянскія формы разглядаюцца як запазычаныя з царкоўнаславянскай або польскай (гл. Анікін, РЭС, 9, 204; Цвяткоў, Запіскі, 2, 63), што, улічваючы шырокае іх распаўсюджанне, здаецца малаверагодным і ставіць пад сумненне прапанаваную этымалогію (пра поўную яе няяснасць гл. ESJSt, 16, 979). Скок (3, 501) мяркуе, што першасным значэннем прасл. *terb‑ было ‘церабіць’, і ўтвораны ад дзеяслова *terbiti (гл. церабіць) назоўнік *trěba абазначаў ‘праца’, пазней — ‘карчаванне’, якое было вельмі патрэбным у жыцці ранніх славян, таму развілося значэнне ‘патрэба ўвогуле’ > ‘патрэба, неабходнасць’; паводле Трубачова (Этимология–1994–1996, 25) — ‘вострая неабходнасць, справа’. У ЕСУМ (5, 626) прасл. *terba ‘патрэба, неабходнасць’ звязваецца з *terbiti ‘ачышчаць ад лупінаў’, ‘церабіць’, ‘карчаваць’, ‘мяць’, ‘пакладаць’. Сюды ж трэ́баваць ‘быць у цечцы (пра свінню)’ (Юрч. СНЛ).

Трэ́баць ‘патрабаваць’ (Мат. Гом.). Параўн. н.-луж. trjobaś ‘карыстацца, патрабаваць’, в.-луж. trjebać ‘мець патрэбу’, ‘карыстацца’, ‘патрабаваць’, серб. тро̏бати ‘патрабаваць’, славен. trebati ‘тс’. Хутчэй за ўсё, новаўтварэнне ад трэба2 (гл.), аналагічна наконт лужыцкіх слоў гл. Шустар-Шэўц, 1528. Не выключана другаснае ўтварэнне (інфінітыў) на аснове сцягненых формаў тыпу трэ́бала, гл. трэ.