Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыця́жыч ’прыстасаванне для датыкання красён’ (ТС). Да прыцягнуць < цягнуць (гл.). Аб суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 45.

Прыця́кнуць (прыткнуты) ’крыху падсохнуць’ (Клім.). Няясна. Магчыма, звязана з цячы (гл.), параўн. цекці ’цячы’ (ТС), з падаўжэннем галоснага ў корані пад націскам. Інакш і непераканаўча ЕСУМ, 4, 582 (вынік трансфармацыі протряхнути ’падсохнуць’).

Прыця́міць ’уважліва паглядваць, прымячаць’; ’прыпамінаць, прыгадваць’ (Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб.), прыця́мляць, прыця́мліваць ’прымячаць’ (Нік. Очерки), прыця́мны ’прыметны’; ’памятны’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.), прыця́мна ’прыметна’; ’помніцца, уяўляецца ў думках’, прыця́м ’заметка, прыкмета’ (Нас., Байк. і Некр.), пры́цям ’тс’ (Байк. і Некр.), прыцямка ’заметка’ (Яруш.). Да цям, ця́міць (гл.).

Прыця́пнуць ’прышыць наспех, спехам’ (Нас.). Гл. цяпаць.

Прыцяцё́хацца (прыцяцёхыцца) ’стаміцца’ (Бяльк.). Відаць, да гукапераймальнага (імітатыўнага) цяцёх‑цяцёх (гл.), што перадае ўражанне замаруджанага руху.

Прыцяцю́рыцца экспр. ’натапырыцца’; ’памерці’ (смарг., Сл. ПЗБ). Да цяцерыцца падымацца, тапырыцца’ (Ласт.), гл.

Прычабе́ніцца (прычэбеніцца) ’прычапіцца, прыстаць’ (ТС). Фармальна каранёвая частка суадносіцца з чэбень ’каркас галаўнога ўбору’, вытворнага ад набіць ’сціскаць’ (ТС). Сумнеўная сувязь з рус. арханг. чабанить, чебанить ’прыставаць да берага’, алан. ’хутка рухацца, бегчы’, якія Трубачоў у Фасмера (4, 308) параўноўвае з рус. табанить (гл. табаніць).

*Прычабу́рыцца, прычобурыцца ’прысесці, прыхінуцца’ (ТС). Няясна. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнае, параўн. выкліч-нік чэбрак ’ход, доп’ (ТС), дзеяслоў чабуракнуць ’паваліць’ (ТС), гл.

Прычаі́цца (прычаітісе) ’прытаіцца’ (беласт., Сл. ПЗБ). З улікам адзінкавасці фіксацыі — з польск. przyczaić się ’тс’ (Банькоўскі, 1, 213). Апошняе да прасл. *čajiti sę, суадноснага з *čajati© параўн. рус. чаять ’спадзявацца’ (Фасмер, 4, 320; ЭССЯ 4, 10–11).

Прыча́л ’частка прыстані, дзе прыстаюць судны’; ’вяроўка або канат, якімі прывязваюць судны’ (ТСБМ, ТС). З рус. прича́л ’тс’.