Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыгрэ́бка ’пограб, склеп; прыбудоўка перад уваходам у пограб, склеп’ (ТСБМ, Юрч., Жд.), прыгрэ́бак ’тс’ (Нар. Гом.), прыгрэ́бнік ’пограб, склеп; памяшканне над пограбам; прыбудоўка перад уваходам у пограб, склеп; пабудова са сценамі для гаспадарчых прылад’ (ТСБМ, Байк. і Некр.; брагін., ДАБМ; Жд., Ян.), прыгрэ́бня ’насціл над склепам’ (Ян.), прыгрэ́біца ’пограб; частка пограба (надбудоўка над ім), як бы сенцы’ (петрык., Маш.; чырв., З нар. сл.; слуц., Нар. словатв.), прыгрэ́бачка ’невялікі склеп’ (слонім., Сл. ПЗБ); сюды ж прыгрэ́бка ’прызба’ (Жд.). Аддзеяслоўныя назоўнікі ад прыгрэ́бці ’зграбаючы, сабраць, насыпаць’, прэфіксальныя да грэ́бці/грэ́баць (гл.) < прасл. *grebati/*grěbati, таксама *grebti (ЭССЯ, 7, 108–109, 109–110). Параўн. прыгрэбці́ ’прыгрэбці, закапаць (нябожчыка)’ (ТС).

Прыгу́біць ’прыклаўшы да вуснаў, крыху адпіць’ (ТСБМ). Улічваючы адсутнасць фіксацый у жывой мове, трэба меркаваць, што тут, як, дарэчы, і ва ўкр. пригу́бити ’прыклаўшы да вуснаў, крыху адпіць (звычайна гарэлкі, віна); пакаштаваць’ — запазычанне з рус. пригу́би́ть ’тс’. Магчыма, звязана з нагбо́м (піць), гл.

Прыгубі́ць ’прывесці да страт’ (ТС). Прэфіксальнае ўтварэнне ад губі́ць/губля́ць (якое таксама да прасл. *gubiti) ’страчваць’ з семантыкай ’непаўнаты, слабой меры дзеяння’.

Прыгу́знік ’палюбоўнік’ (Пятк. 2). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне метафарычнага характару ад гуз у значэнні ’зад, задняе месца’ (Гарэц.), параўн. гуз1; гл. таксама ЕСУМ, 1, 614 (гуза́).

Прыгуме́нне, прыгуме́нь ’месца, плошча каля гумна’ (ТСБМ, Янк. 2, Інстр. 2, ЛА, 4), прыгу́мнік, прыгуме́ча ’тс’ (Сержп., Бір. дыс., З нар. сл.), прыгуме́нок ’прыгуменне; месца, адроджанае ад жывёлы, на якім сушаць снапы’ (ПСл), прыгуме́ння, прыгу́ннык ’адроджанае месца для жывёлы; месца перад гумном’ (ДАБМ, Бяльк.), прыгуме́нне, прыго́мнік ’прыгуменне’ (Сл. ПЗБ), пругумэ́нне, прыгумэ́нік ’месца (пляцоўка) каля гумна; прыбудоўка да гумна’ (Шушк.), прыуме́льнік, прыгумёнка, мн. л. прыгу́мкі ’прыбудова да гумна’ (Сл. ПЗБ). Да гумно́ (гл.).

Прыд ’выраз у ніжняй частцы бочкі ці цэбра, у які ўстаўляюць дно’ (Мат. Маг.), прыд, прыдо́к ’край у дне драўлянай пасудзіны’ (Нас.), прыды́ ’выразанае заторам шнуравіднае заглыбленне ўнізе драўлянай пасудзіны, куды ўстаўляецца дно’ (Мядзв.); з працягам і развіццём семантыкі прыд ’пруг, край палатна’: не садзіся на край красён — прыд адціснеш (Бяльк.). Разам са смал. прид ’ніжняя частка бочкі (разам з днішчам)’ утварае адзіны арэал. Узыходзіць да прасл. *pridъ, дзе pri‑ — прэфікс, а d‑ — нулявая ступень кораня *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічаць’ ці *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, прадстаўленне, напр., у такіх праславянскіх лексемах, як *sǫ‑dъ ’суд; пасудзіна’, *obъ‑do ’скарбніца’, *na‑da ’надзея; настаўка, дадатак; сталь’ і інш. (падрабязна гл. Пятлёва, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 207–209 з амаль вычарпальнай папярэдняй літ-рай; без уліку беларускага матэрыялу). У зах.- і паўд.-слав. мовах зафіксаваны фармальна ідэнтычныя лексемы, але з семантыкай, якая істотна адрозніваецца ад папярэдняй: чэш. příď ’пярэдняя частка; нос (судна)’, каш. přid ’даплата пры куплі’, балг. прид ’прыданае і пад.’, дыял. (Самоков) прит ’дадатак (пры размене)’, серб.-харв. при̂д, ж. р. при́да ’прыдача (пры абмене); прыбаўка (пры куплі-продажы)’, славен. prìd, prída ’карысць’, дыял. pŕda ’адзенне, якое нясуць за нявестай у дзень вяселля’ (< *pridъ ’тое, што прыбаўляецца, дадатак, карысць’, гл. Бязлай, 3, 120–121); стараж.-рус. придъ ’прыбытак, карысць’, ц.-слав. придъ ’абмен’ (’прыдача’). Семантычная калізія вырашалася па-рознаму. Так, Запрудскі (дыс., 86–87) узводзіў, як, дарэчы, і Скок (1, 382), серб.-харв. словы да прасл. *pridъ з коранем d‑, а бел. прыд прапанаваў суаднесці з брыды́ ’канцы клёпак ля дна кадушкі’ (гл.), дзе аглушэнне пачатковага б такое ж, як і ў пары бро́варпарыц. про́вар (Некр.), што, зразумела, вельмі няпэўна — і не толькі з-за адзінкавасці фіксацыі. Пятлёва, аналізуючы гэтыя лексемы з боку суадноснасці іх з семантыкай дзеясловаў *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічасць’ і *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, лічыць, што *pridъ магчыма звязаць як з першым значэннем ’штосьці прыстаўленае, дададзенае, прыробленае’ альбо ’дададзенае, прыбаўленае’ (магчыма, пра днішча ці, дададзім, пра нос (судна), як у чэшскай), так і з другім — у гэтым выпадку гаворка пойдзе пра адзіны *pridъ з двума значэннямі ’прыдача, прыбаўка’ і ’ніжняя частка бочкі з днішчам’ (там жа, 209). Інакш БЕР, 5, 706–707, дзе балг., серб.-харв. і стараж.-рус. лексемы (іншыя славянскія не адзначаны) лічацца аддзеяслоўнымі ўтварэннямі ад прасл. *pridāti. Паводле Папоўскай–Таборскай (SEK, 4, 128), каш. přid ’даплата; дадатак’ і адпаведныя формы з гэтым значэннем у іншых славянскіх мовах, насуперак Трубачову (Слав. языкозн., V, 182), не звязаны са словам. Спецыяльна пра польск. дыял. przyd гл. Шыманскі, JP, 53, 1973, 48–50. Параўн. прыда́нае (гл.).

Пры́дабра (прі́дыбра) ’закраса; затаўка’ (Бяльк.; клім., ЛА, 4). Відаць, ад прыдо́брыць ’палепшыць’ (гл. прыдобрыцца).

Прыда́нае ’пасаг’ (Растарг., Ян., ЛА, 3), пры́дань, пры́дано, прыда́нэ, пры́данна, пры́даная ’тс’ (Нар. лекс., Сл. ПЗБ, ТС), прыда́нне (prydánje) ’зямельны надзел у пасаг маладой за межамі ўласнай вёскі’ (Маш.), прыда́нства ’тс’ (Бяльк., Мат. Маг.). Сюды ж назвы вясельных чыноў: прыда́нка, рэдка м. р. прыда́нак, часцей мн. л. прыда́нкі, прыда́ныя, прыда́ные, прыда́ні ’шаферкі нявесты, якія дапамагаюць ёй шыць пасаг, а на вяселлі збіраюць на яе карысць падарункі; удзельніцы вяселля — замужнія жанчыны сярэдніх гадоў, маладзіцы ці дзяўчаты, звычайна госці з боку маладой, якія дапамагаюць пры падрыхтоўцы і перавозцы прыданага, пасагу; удзельнікі вяселля, якія прыйшлі без запрашэння з падарункамі для маладых’ (Нас., Кос., Федар., Касп., Хрэст. дыял.; чырв., віл., З нар. сл.; в.-дзв., Шатал.; Сіг., Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс., Цых.), прыда́ны, прыда́нкі ’госці вясельныя’ (Нар. Гом.), прыда́нэ ’маладыя з бацькамі маладога ў гасцях у бацькоў маладой’ (беласт., Сл. ПЗБ). Аддзеяслоўныя ўтварэнні ад прыда́ць < прасл. *pridati, прэфікс, да *dati (гл. дар). Параўн. рус. прида́ное, укр. при́да́не ’пасаг’, а таксама адно са значэнняў балг. прѝдав ’пасаг (не жывёльны)’, якое ад прыдавам (БЕР, 5, 707).

Прыдаро́жыцца ’прытаміцца, стаміцца ў дарозе, за дарогу; здарожыцца’ (ТСБМ). Магчыма, эліпсіс фраземы прыбіцца ў дарозе > прыдаро́жыцца з пераходам назоўнікавага кораня ў дзеяслоўны пад уплывам зыходнай формы прыбі́цца; гл. прыбі́ць. Нельга выключыць уплыў дзеясл. здаро́жыцца з аналагічнай семантыкай. Гл. дарога.

Прыда́рыцца ’здарыцца; пашчасціць’ (Нас., Байк. і Некр., Ласт.). Безумоўна, звязана з коранем ‑дар‑ (< прасл. *darъ, *dariti), які, нягледзячы на фармальныя цяжкасці, вылучаецца і ў зда́рыцца (гл.; апошняе разам з укр. зда́ритися ЕСУМ, 2, 254 лічыць запазыч. з польск.). Семантычнае развіццё ад ’дар, падарунак і пад.’ да ’здарыцца, адбыцца’ становіцца больш зразумелым у сувязі з наяўнасцю ў прыда́рыцца значэння ’пашчасціць’.

Пры́дасвет ’світанне, досвітак; перыяд часу да ўзыходу сонца’ (Мядзв.). Лексікалізацыя словазлучэння пе́рад све́там ’на досвітку’ з гутарковай трансфармацыяй прыназоўніка ў сцягнутую форму пры́д…, якая разам з міжкансанантным інтэрфіксам ‑а‑ стала выконваць функцыю прэфікса.