ЁДЫ,
вёска ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Густатка, на аўтадарозе Шаркаўшчына—Браслаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнЗ ад гар. пасёлка і чыг. ст. Шаркаўшчына, 238 км ад Віцебска, 483 ж., 188 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква, касцёл.
т. 6, с. 407
ЁДЫ́ДЫ неарганічныя,
злучэнні ёду з інш. элементамі. Ё. многіх металаў — солі ёдзіставадароднай кіслаты. У прыродзе сустракаюцца ў выглядзе рэдкіх мінералаў (напр., маршыт CuI).
Ё. металаў I і II груп перыяд. сістэмы элементаў добра раствараюцца ў вадзе (акрамя AgI, Cu2I2, Hg2I2, HgI2), a III—VI груп і неметалаў (напр., Ё. крэмнію Sil4, мыш’яку AsI3) узаемадзейнічаюць з вадой (гідралізуюцца). Пры награванні лёгка дысацыіруюць на элемент і ёд. Атрымліваюць узаемадзеяннем элементаў з ёдам ці аксідаў або карбанатаў з ёдзіставадароднай к-той. Выкарыстоўваюць у медыцыне, арган. сінтэзе (Ё. калію і натрыю), як фотаматэрыялы і матэрыял для цвёрдых электралітаў, у вытв-сці звышчыстых металаў (напр., тытану, гафнію і інш).
т. 6, с. 408