Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЁД (лац. Iodum),

I, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 53, ат. м. 126,9045, адносіцца да галагенаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп ​127І. У зямной кары 4∙10​−5% па масе, уласныя мінералы (напр., ёдаргірыт AgI) сустракаюцца рэдка. Прамысл. колькасць Ё. маюць падземныя воды нафтавых і газавых радовішчаў (0,01—0,1 кг/м³), салетравых адкладаў (да 1%). Мікраэлемент неабходны для жыццядзейнасці жывёл і чалавека. Адкрыты ў 1811 франц. хімікам-тэхнолагам Б.Куртуа.

Ё. — чорна-фіялетавыя крышталі з метал бляскам, tпл 113,5 °C, шчыльн. 4940 кг/м³ (20 °C). Лёгка ўтварае фіялетавую пару (адсюль назва — грэч. iōdēs фіялетавы), пры награванні сублімуе. Раствараецца ў бензоле, этаноле, эфіры, серавугляродзе, водных растворах ёдыдаў металаў; дрэнна — у вадзе. З кіслародам, серай, азотам непасрэдна не рэагуе. З фторам, хлорам, бромам утварае міжгалагенныя злучэнні (напр., Ё. пентафтарыд IF5, цяжкая вадкасць, шчыльн. 3210 кг/м³, Ё. трыхларыд ICl3, жоўтыя крышталі, раскладаюцца пры 64 °C), з водным растворам аміяку — выбуховы ёдзісты азот NI3. Вядомы шэраг кіслародзмяшчальных злучэнняў Ё. (напр., пентааксід дыёду I2O5, бясколерныя крышталі, раскладаюцца пры 300 °C; ёднаватая кіслата і інш.). Пры награванні ўзаемадзейнічае з вадародам (гл. Ёдзісты вадарод) і многімі металамі. Атрымліваюць з буравых вод акісленнем ёдыдаў хлорам. Выкарыстоўваюць для ёдыднага рафінавання металаў (тытану, цырконію і інш.), як каталізатар у арган. сінтэзе, у медыцыне як антысептык і антытырэоідны сродак, радыеактыўныя ізатопы (​125I, ​131I, ​132I) для дыягностыкі і лячэння захворванняў шчытападобнай залозы. Атрутны, пара раздражняе слізістыя абалонкі, ГДК у паветры 1 мг/м³.

І.В.Боднар.

т. 6, с. 407

ЁДАФО́РМ, трыёдметан,

арганічнае злучэнне, ёдвытворнае метану, СНІ3. Зеленавата-жоўтыя крышталі з непрыемным пахам, іпл 123 °C, шчыльн. 4008 кг/м³ (20 °C). Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у эфіры, хлараформе, воцатнай кіслаце. Выкарыстоўваюць як вонкавы антысептык у медыцыне.

т. 6, с. 407

ЁДЗІ, Ёдава, Едаўскае возера,

у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Страча, за 33 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,61 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 19,7 м, даўж. берагавой лініі каля 3,7 км. Пл. вадазбору 4,4 км². Схілы катлавіны выш. 6—10 м, разараныя, паўд. 8—15 м, пад лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПдУ і ПдЗ сплавінныя. Дно плоскае, да глыб. 2—4 м выслана пяском і апясчаненымі адкладамі, ніжэй сапрапелі. Шыр. паласы расліннасці 10—40 м. Упадаюць 4 ручаі, на ПдУ злучана пратокай з воз. Гульбеза.

т. 6, с. 407

ЁДЗІСТАВАДАРО́ДНАЯ КІСЛАТА́,

раствор ёдзістага вадароду ў вадзе, моцная к-та, НІ. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, у паветры пад уздзеяннем святла жаўцее (акісляецца з вылучэннем ёду). Найб. выкарыстоўваецца к-та, якая мае каля 47% (па масе) ёдзістага вадароду (шчыльн. 1500 кг/м³). Утварае солі — ёдыды. Пры пападанні на скуру выклікае сверб і запаленне.

т. 6, с. 407

ЁДЗІСТЫ ВАДАРО́Д,

неарганічнае злучэнне ёду з вадародам, НІ. Бясколерны ўдушлівы газ, дыміць у паветры, tкіп -35,36 °C, шчыльн. вадкага 2860 кг/м³ (-50,8 °C). Добра раствараецца ў вадзе, водны раствор НІ — ёдзіставадародная кіслата. Моцны аднаўляльнік. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем ёду і вадароду пры 500 °C у прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе і для атрымання ёдыдаў.

т. 6, с. 407

ЁДКІ,

вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл. на правым беразе р. Лідзея, каля аўтадарогі Ліда—Дзятлава. Цэнтр Траццякоўскага с/с і калгаса. За 4 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Ліда, 117 км ад Гродна. 985 ж., 321 двор (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі.

т. 6, с. 407

ЁДНАВА́ТАЯ КІСЛАТА́,

моцная неарган. к-та, HIO3. Бясколерныя шклопадобныя крышталі, tпл 110 °C. Добра раствараецца ў вадзе. Солі HIO3 — ёдаты раскладаюцца пры т-ры, вышэйшай за 400 °C, моцныя акісляльнікі (напр., ёдат калію KIO3). Атрымліваюць у водных растворах акісленнем ёду канцэнтраванай азотнай к-той. Выкарыстоўваюць як матэрыял для гукаправодаў акустааптычных прылад.

т. 6, с. 407

ЁДЫ,

вёска ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Густатка, на аўтадарозе Шаркаўшчына—Браслаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнЗ ад гар. пасёлка і чыг. ст. Шаркаўшчына, 238 км ад Віцебска, 483 ж., 188 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква, касцёл.

т. 6, с. 407

ЁДЫ́ДЫ неарганічныя,

злучэнні ёду з інш. элементамі. Ё. многіх металаў — солі ёдзіставадароднай кіслаты. У прыродзе сустракаюцца ў выглядзе рэдкіх мінералаў (напр., маршыт CuI).

Ё. металаў I і II груп перыяд. сістэмы элементаў добра раствараюцца ў вадзе (акрамя AgI, Cu2I2, Hg2I2, HgI2), a III—VI груп і неметалаў (напр., Ё. крэмнію Sil4, мыш’яку AsI3) узаемадзейнічаюць з вадой (гідралізуюцца). Пры награванні лёгка дысацыіруюць на элемент і ёд. Атрымліваюць узаемадзеяннем элементаў з ёдам ці аксідаў або карбанатаў з ёдзіставадароднай к-той. Выкарыстоўваюць у медыцыне, арган. сінтэзе (Ё. калію і натрыю), як фотаматэрыялы і матэрыял для цвёрдых электралітаў, у вытв-сці звышчыстых металаў (напр., тытану, гафнію і інш).

т. 6, с. 408