РЫБАНУКЛЕІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ (РНК),
біялагічныя палімеры, якія складаюцца з монануклеатыдаў. Абавязковы кампанент усіх жывых клетак, многіх вірусаў. Удзельнічаюць у рэалізацыі генет. інфармацыі. Першасную структуру РНК вызначае паслядоўнасць размяшчэння монануклеатыдаў у поліпептыдным ланцугу. На ўзроўні другаснай структуры малекула РНК фарміруе адзін ланцуг (асобныя ўчасткі, камплементарныя адзін аднаму, утвараюць 2 ланцугі). У фарміраванні трацічнай структуры РНК важную ролю адыгрываюць бялкі, пры гэтым узнікаюць рыбасомы, інфармасомы.
Адрозніваюць некалькі тыпаў РНК: рыбасомная (рРНК) — каля 80% клетачнай РНК, транспартная (тРНК) — 15%, матрычная або інфармацыйная (мРНК) — каля 5% усёй РНК клеткі. Гал. функцыя рРНК — структурная арг-цыя рыбасомы, дзе адбываецца зборка поліпептыднага ланцуга. Трансп. РНК актывізуе і пераносіць амінакіслоты і выконвае адаторную функцыю, якая дазваляе перакласці «мову» генет. кода (паслядоўнасць нуклеатыдаў) у «мову» структуры бялковай малекулы (амінакіслотная паслядоўнасць). Матрычная РНК — камплементарная копія генаў, якія кадзіруюць структуру бялкоў. Яна выкарыстоўваецца як матрыца пры зборцы поліпептыднага ланцуга. Асобна вылучаюць вірусную РНК. У некат. тыпаў вірусаў яна адыгрывае ролю захавальніцы генет. інфармацыі. Пранікненне такога віруса ў клеткі патрабуе папярэдняга сінтэзу дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК) на матрыцы РНК гэтага віруса. Паток генет. інфармацыі (экспрэсія генаў) уключае транскрыпцыю — сінтэз усіх тыпаў РНК на малекуле ДНК і трансляцыю — біясінтэз бялку на мРНК (генет. інфармацыя ДНК рэалізуецца шляхам праграміраванага праз мРНК сінтэзу бялкоў, якія вызначаюць фенатыпічныя прыкметы жывых арганізмаў). Утварэнне мРНК на матрыцы ДНК у пракарыятычных клетках — адносна просты працэс і ўключае гал. чынам транскрыпцыю адпаведнага гена з дапамогай РНК-полімеразы. Біясінтэз мРНК у эўкарыётаў значна адрозніваецца шматступеньчатасцю фарміравання актыўнай малекулы. Малекулы тРНК як у эўкарыётаў, так і ў пракарыётаў сінтэзуюцца ў выглядзе вял. папярэднікаў. У клетках эўкарыётаў сінтэз рРНК лакалізаваны ў ядзерку і ажыццяўляецца РНК-полімеразай I; геном утрымлівае ад 50 да 1000 ідэнтычных копій генаў, якія кадзіруюць рРНК.
Літ.:
Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 3 изд. М., 1998.
В.К.Кухта.
т. 13, с. 484