«ИЛЛЮСТРА́ЦИЯ»,
часопіс. Выдаваўся ў 1845—49 у Пецярбургу на рус. мове. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, краязнаўстве розных рэгіёнаў Рас. імперыі. Сярод матэрыялаў пра Беларусь «Беларускае вяселле», «Горад Барысаў: (З падарожных нататкаў)», «Горад Барысаў: (Эпізод Бярэзінскай бітвы)» Р.Друцкага-Падбярэскага і «Некалькі слоў пра мястэчка Гомль» В.Шабякіна (усе 1848), пераклад «Нарыса паўночнай Беларусі» Я.Баршчэўскага (1846) і «Узор паэзіі беларусаў» (1848).
т. 7, с. 197
«ИЛЛЮСТРА́ЦИЯ»,
часопіс. Выдаваўся ў 1858—63 у Пецярбургу на рус. мове штотыднёва. Меў падзагаловак «Всемирное обозрение». Змяшчаў матэрыялы грамадска-паліт. тэматыкі, літ. творы. Пастаянным супрацоўнікам «И.» быў бел. пісьменнік і этнограф П.М.Шпілеўскі, які вёў у гэтым выданні рубрыку «Дзённік знаёмага чалавека» (1858—61). Сярод яго матэрыялаў пра Беларусь «Заходнярускія нарысы» (1858—59), «Паездка ў заходнія губерні» (1860).
Літ.:
Кузняева С.А Русская дореволюционная печать и советское литературоведение о Павле Шпилевском // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1981.
С.А.Кузняева.
т. 7, с. 198