Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НАЧАСВЕ́ТКІ (Noctiluca),

род прасцейшых атр. панцырных жгуціканосцаў кл. жгуцікавых. Пашыраны пераважна ў цёплых (трапічных) марскіх водах, трапляюцца ў Чорным і далёкаўсходніх морах. Утвараюць вял. скопішчы ў паверхневых слаях вады. Адны з асн. арганізмаў, што выклікаюць свячэнне мора.

Цела шарападобнае, дыяметрам 2—3 мм, з рухомым скарачальным жгуцікам-шчупальцам. Цытаплазма мае тлушчавыя ўключэнні, якія пры мех. або хім. раздражненнях (у доследах таксама пры ўздзеянні эл. току) акісляюцца і свецяцца (гл. Біялюмінесцэнцыя). Кормяцца дробнымі водарасцямі, інш. прасцейшымі. Размнажаюцца дзяленнем і пачкаваннем.

т. 11, с. 245

НА́ЧКА,

другая назва р. Нача ў Полацкім р-не Віцебскай вобл.

т. 11, с. 245

НАЧНА́Я СВЕ́ЧКА,

кветкавая расліна, тое, што асліннік.

т. 11, с. 245

НАЧНА́Я СЛЕПАТА́,

тое, што курыная слепата.

т. 11, с. 245

НАЧНА́Я ФІЯ́ЛКА,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Чараўнік.

т. 11, с. 245

НАЧНІ́ЦЫ (Myotis),

род млекакормячых жывёл сям. гладканосых (звычайных) лятучых мышэй атр. рукакрылых. Больш за 80 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі, Антарктыкі і некат. акіянічных астравоў. Жывуць у розных ландшафтах, у сховішчах, адзіночнымі асобінамі, групамі, калоніямі. Зімой упадаюць у спячку. У Чырв. кнізе МСАП 2 віды: Н. шэрая (M. grisescens) і індыйская (M. sodalis). На Беларусі 5 відаў: Н. вялікая (M. myotis), Натэрэра, або раснічастая (M. nattereri), сажалкавая (M. dasycneme) — занесены ў Чырв. кнігу; вусатая (M. mystacinus) і вадзяная, або Н.​Даўбентона (M. daubentoni). Трапляюцца ў дуплах дрэў, пабудовах, часта непадалёку ад вады.

Даўж. 3,5—8,5 см. Поўсць густая, пушыстая, бурая з рознымі адценнямі, зверху больш цёмная. Вушы сярэдніх памераў. Крылы тупыя, шырокія. На нагах лятальная перапонка. Кормяцца насякомымі (акрамя 3 рыбаедных відаў). Нараджаюць 1 дзіцяня ў год.

Начніцы: 1 — сажалкавая; 2 — вялікая; 3 — Натэрэра.

т. 11, с. 245

НАЧО́ЎКІ, ночвы,

у беларусаў карытападобная пасудзіна з шырокім адкрытым верхам. Прызначаліся для мыцця бялізны, прыгатавання сечанай капусты (якую потым квасілі ў бочках), мяса для каўбас, здобнага цеста і інш. Рабілі з драўлянага цурбана (асіны, ліпы), колатага папалам; ёмістасць выдзёўбвалі цяслой, сценкі і дно знутры згладжвалі скобляй, разцом. З сярэдзіны 20 ст. паступова выцесніліся металічнымі Н. Невялікія Н. для ачысткі зерня наз. апалушкі.

В.​С.​Цітоў.

Начоўкі.

т. 11, с. 245

НАШАТЫ́РНЫ СПІРТ,

гл. ў арт. Аміяк.

т. 11, с. 249

«НА́ША ВО́ЛЯ»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 4 да 12.3.1927 у Вільні на бел. мове замест закрытай газ. «Наш голас». Рэдактар-выдавец М.​Машара. Прытрымлівалася праграмных поглядаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Крытыкавала адносіны польск. улад да заходнебел. народа, змяшчала матэрыялы пра несправядлівую падатковую сістэму, нявырашанае агр. пытанне, паланізацыю бел. школы. Асвятляла культ. жыццё ў Зах. Беларусі, друкавала творы А.​Салагуба, Я.​Гаўрыліка і інш. Выйшлі 4 нумары, з іх 2 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 247

«НА́ША ВО́ЛЯ»,

легальная газета народнафронтаўскага кірунку. Выдавалася з 24.12.1935 да 23.8.1936 у Вільні на бел. мове. Напачатку выходзіла 1 раз у 2 тыдні, з 20.3.1936—1 раз у месяц. Рэдактар-выдавец В.​Склубоўскі. Садзейнічала ўключэнню ў рэв. барацьбу новых слаёў грамадства, збліжэнню дэмакр. інтэлігенцыі з КПЗБ. Выступала супраць фашызацыі грамадства, пісала пра барацьбу супраць гітлерызму, папулярызавала лозунгі КПЗБ па стварэнні антыфаш. нар. фронту ў Зах. Беларусі, заклікала да саюзу паміж рабочымі і сялянамі, паведамляла пра стачкі і забастоўкі, што адбываліся на зах.-бел. прадпрыемствах. Выступала за нармалізацыю міжнац. адносін паміж народамі, што жылі ў Зах. Беларусі, у абарону бел. нац. культуры, мовы, л-ры, за адзіны зах.-бел. літ. фронт. Друкавала творы М.​Танка, М.​Васілька, М.​Машары, М.​Засіма, А.​Іверса, Г.​Праменя (І.​Пышко), С.​Малько, М.​Бурсевіча, Р.​Шырмы, Н.​Тарас і інш. Супрацоўнічала з польск. дэмакр. газ. «Poprostu» («Папросту»). Выйшла 13 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 247