Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БОЎШ Віктар Іванавіч

(н. 24.8.1930, г. Брэст),

бел. філосаф і прававед. Д-р філас. н. (1982), праф. (1987). Скончыў Кіеўскі ун-т (1955). Выкладаў у ВНУ Брэста і Мінска. З 1972 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі (у 1989—95 нам. дырэктара). Даследуе сац. філасофію і тэорыю развіцця грамадства, замежныя ідэйна-паліт. плыні, праблемы футуралогіі, філасофіі, гісторыі, палітыкі, права. Аўтар прац «Сацыяльная тэхналогія» пра будучае: ілюзіі і міфы» (1976), «Футуралогія і антыкамунізм» (1977), «Рэальны сацыялізм і сучасныя «крыжаносцы» (1985) і інш.

т. 3, с. 223

БО́ФАРТА КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў Бофарта моры, каля берагоў Канады, гл. Канадская катлавіна.

т. 3, с. 223

БО́ФАРТА МО́РА

(Beaufort Sea),

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак. каля берагоў Паўн. Амерыкі. Абмывае берагі ЗША (штат Аляска) і Канады. Пл. 476 тыс. км². Сярэдняя глыб. 1004 м, найб. 4684 м. У Бофарта мора ўпадае р. Макензі. У паўд. ч. т-ра паверхневых водаў каля 4 °C, салёнасць 28‰; у паўн. т-ра -1,5 °C, салёнасць каля 32‰. На працягу года ўкрыта льдамі. Названа ў гонар англ. контр-адмірала Ф.Бофарта.

т. 3, с. 223

БО́ФАРТА ШКАЛА́,

служыць для ацэнкі сілы ветру ў балах па яго ўздзеянні на наземныя прадметы або па хваляванні на моры. Распрацавана ў 1806 англ. контр-адміралам Ф.Бофартам. З цягам часу мянялася і ўдакладнялася. У 1963 прынята Сусв. метэаралагічнай арг-цыяй (гл. табл.).

т. 3, с. 223

БО́ХАН Дарафей Дарафеевіч

(4.2.1878, Мінск — 1942),

рускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе і Канстанцінаўскім ваен. вучылішчы ў Пецярбургу. Служыў у арміі, артылерыйскі штабс-капітан. З канца 1890-х г. журналіст у Мінску. Супрацоўнік газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции» (у 1907 яе рэдактар), «Минские ведомости» і інш. У 1907 асуджаны за змяшчэнне ў «Голосе провинции» антыўрадавых матэрыялаў. У 1919 супрацоўнік Наркамасветы БССР. У 1920—30-я г. ў розных рус. арг-цыях у Вільні. Чытаў лекцыі па бел. л-ры. У час Вял. Айч. вайны трапіў у армію Андэрса. Памёр за мяжою. У вершах услаўляў барацьбітоў за волю, падчас рэакцыі выяўляў настроі песімізму. Пісаў гіст. паэмы («Князь Глеб Усяславіч», 1899), паэмы паводле бел. нар. паданняў («Вір», 1898; «Два браты», 1899; «Вадзянік», «Помста шынкара», 1900), апавяданні, нарысы, фельетоны. У рэцэнзіях, публіцыст. і літ.-крытычных артыкулах выступаў супраць натуралізму і дэкадэнцтва, адстойваў рэалізм. Збіраў і апрацоўваў мясц. паданні («Вока Хрыстова: Мінскае паданне», 1898; «Мінскія паданні і легенды», 1901). Пераклаў на рус. мову «Слова пра паход Ігаравы» (пад назваю «Ігар, князь Северскі», 1897), творы польск. паэтаў (зб. «З польскай паэзіі», 1906).

Літ.:

Бас І. Літаратуразнаўчыя эцюды. Мн., 1977;

Яго ж. Справа аб Дарафею Бохану // Маладосць. 1976. № 8;

Зарэмба Л.І. Новыя звесткі пра літаратурную дзейнасць Д.Д.Бохана // Веснік БДУ. Сер. 4. 1993. № 3;

Zienkiewicz T. Dorofiej Bochan — tłumacz literatury polskiej na język rosyjski i krytyk // Polsko-wschodniosłowiańskie powiązania kulturowe, literackie i językowe 1. Literatura i kultura. Olsztyn, 1994.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 224

Бохан Мікалай Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 354

БО́ХВІЦ Фларыян

(4.5.1799, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 9.8.1856),

бел. філосаф. Прадстаўнік хрысціянскага кірунку філас. думкі. Вучыўся ў Нясвіжы, вывучаў права ва ун-тах Кіева і Вільні. Быў чл. Навагрудскай карпарацыі адвакатаў. У 1838 адмовіўся ад дзейнасці адваката і заняўся навук.-літ. працай. Аўтар прац (на польск. мове) «Сутнасць маёй думкі...» (ч. 1—3, 1838—41), «Асновы маіх думак і пачуццяў» (1842), «Думкі пра выхаванне чалавека» (1847). Імкнуўся прымірыць рэліг. ідэі з навукай. Гал. мэтай выхавання лічыў удасканаленне розуму і пачуццяў, выказваўся за неабходнасць такой сістэмы выхавання, якая б рыхтавала людзей, карысных для грамадства.

т. 3, с. 224

БО́ХУМ

(Bochum),

горад на З ФРГ, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія, у Рурскім прамысл. раёне. Гар. правы з 1321. 401 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйныя металургічныя з-ды (канцэрн Крупа). Здабыча каменнага вугалю. Вытв-сць коксу, цяжкое машынабудаванне, у т. л. аўтабудаванне (з-ды «Опель»). Электра- і радыётэхн., хім., лёгкая, харч. прам-сць. Ун-т. Абсерваторыя. Музей горнай прам-сці.

т. 3, с. 224

БО́ЦАРЫС (Mpotsarēs) Маркас

(1790, Сулі, Албанія — 21.8.1823),

герой грэч. нац.-вызв. рэвалюцыі 1821—29. У час вайны Алі-пашы Тэпеленскага з тур. султанам (1820—22) узначальваў атрад жыхароў Сулі, які паспяхова змагаўся супраць тур. войск. У 1822—23 удзельнік абароны г. Месалонгіян, у крас. 1823 прызначаны гал. правадыром вобл. Этолія (Сярэдняя Грэцыя). 13.5.1823 заняў крэпасць Лепанта. Загінуў у баі.

т. 3, с. 224

БО́ЦЕЎ Хрыста

(6.1.1849, Калофер, Балгарыя — 1.6.1876),

балгарскі паэт, публіцыст, рэв. дзеяч. Нац. герой Балгарыі. У 1863—66 жыў у Расіі, вучыўся ў Адэскай гімназіі (1863—65), зблізіўся з сасланымі ўдзельнікамі паўстання 1863—64. У 1867 вярнуўся на радзіму, але вымушаны эмігрыраваць у Румынію, дзе знаходзіўся ў цэнтры балг. рэв. эміграцыі. Літ. працу спалучаў з рэв. дзейнасцю: перакладаў, пісаў вершы, фельетоны, апавяданні, выдаваў сатыр. і рэв. газеты. У публіцыстычных артыкулах выступіў як ідэолаг рэвалюцыі, філосаф-матэрыяліст, палітык. Рэаліст. і рэв. паэзія Боцева абапіралася на нац. фальклор, адлюстроўвала драматызм эпохі і веру ў будучыню (усяго больш як 20 вершаў, у т. л. «Барацьба», «На развітанне», «Хаджы Дзімітр»; незавершаная паэма «Гайдукі», 1871). Быў звязаны з М.К.Судзілоўскім, балг. (В.Леўскі і інш.), рус., польск. рэвалюцыянерамі-дэмакратамі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Красавіцкага паўстання 1876, у час якога загінуў. Дзень гібелі Боцева адзначаецца ў Балгарыі як дзень памяці герояў, што загінулі ў вызв. барацьбе. Яго творы на бел. мову перакладалі М.Хведаровіч, Н.Гілевіч, А.Разанаў.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Хай зорыць дзень. Мн., 1973;

Рус. пер. — Избранное. М., 1976.

Літ.:

Творчеството на Христо Ботев: Теоретически аспекти. Пловдив, 1995.

Г.Я.Адамовіч.

т. 3, с. 224