БО́ТА (Botha) Луіс
(27.9.1862, г. Грэйтаўн, ПАР — 28.8.1919),
дзяржаўны дзеяч бурскай рэспублікі Трансвааль, потым Паўд. Афр. Саюза (ПАС). Генерал. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 галоўнакамандуючы войскамі Трансвааля (з 1900). З 1907 прэм’ер-міністр Трансвааля, у 1910—19 — ПАС. Праводзіў палітыку нац. кампрамісу паміж брыт. і бурскім насельніцтвам. Садзейнічаў уступленню ПАС у 1-ю сусв. вайну на баку Антанты. Пры Боту было задушана паўстанне бурскіх нацыяналістаў пад кіраўніцтвам К.Дэвета (1914), захоплена Паўд.-Зах. Афрыка (1914—15).
т. 3, с. 222
БО́ТКІН Сяргей Пятровіч
(17.9.1832, Масква — 24.12.1889),
рускі тэрапеўт; заснавальнік фізіял. кірунку ў медыцыне і школы рус. клініцыстаў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Праф. Медыкахірург. акадэміі ў Пецярбургу (1861). Упершыню ў Расіі стварыў клініка-эксперым. лабараторыю (1861), дзе даследаваў фізіял. і фармакалагічнае дзеянне лякарстваў. Распрацаваў шэраг пытанняў паталогіі ўнутр. органаў, інфекц. хвароб (у т. л. пра інфекц. прыроду т.зв. катаральнай жаўтухі — хвароба Боткіна; гл. Гепатыт інфекцыйны), дыягностыку і лячэнне блукальнай ныркі. Адзін з заснавальнікаў ваенна-палявой тэрапіі. Увёў ін-т сан. урачоў (1886), адкрыў у Пецярбургу бясплатную амбулаторыю (1861), бальніцу (1880), заснаваў Жаночыя ўрачэбныя курсы (1872).
Тв.:
Курс клиники внутренних болезней и клинические лекции. Т. 1—2. М., 1950.
т. 3, с. 222
БО́ТКІНА ХВАРО́БА,
тое, што гепатыт інфекцыйны.
т. 3, с. 223
БО́ТРАП
(Bottrop),
горад на З ФРГ, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія, у Рурскім прамысл. р-не. Гар. правы з 1919. 119,7 тыс. ж. (1994). Порт на канале Рэйн-Герне. Кам.-вуг., коксахім. і хім. прам-сць, машынабудаванне.
т. 3, с. 223
БО́ТЧА, Кечкаўка,
рака ў Беларусі, у Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Свіслач (бас. Дняпра). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 138 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Лазавое. Ад вытоку 6,7 км рэчышча каналізавана.
т. 3, с. 223
БО́ТЫ,
тып шытага скуранога абутку з высокімі халявамі. Былі вядомы ўсх. славянам са стараж. часоў. У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 10—11 ст. Магнаты, гарадская знаць насілі боты з лепшых гатункаў скуры, найб. багатымі лічыліся каляровыя саф’янавыя боты, упрыгожаныя цісненнем, вышытым арнаментам. У гараджан былі больш простыя і танныя. У 2-й пал. 19 ст. боты сталі шыць і для заможных сялян, якія надзявалі іх пераважна на святы. Боты былі звычайна мужчынскім абуткам, але насілі іх і жанчыны. Шылі боты са скуры буйн. раг. жывёлы, коней, свіней, авечак. У мужчынскіх ботах халявы рабілі вышэй за калена, іх загіналі, адвароты дэкарыравалі. Жаночыя шылі з карацейшымі і вузейшымі халявамі, высокім і тонкім абцасам; на заднікі ў святочныя боты набівалі медныя пласцінкі і каляровыя кавалачкі скуры. Як зручны і практычны абутак боты, пераважна фабрычнага вырабу, бытуюць і ў наш час.
Н.І.Буракоўская.
т. 3, с. 223
БО́ТЭ (Bothe) Вальтэр
(8.1.1891, г. Араніенбург, Германія — 8.2.1957),
нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў ядз. фізікі. Вучань М.Планка. Скончыў Берлінскі ун-т (1914). Праф. Берлінскага (1929—30), Гісенскага (1930—32) і Гейдэльбергскага (1932—34 і з 1946) ун-таў, з 1934 дырэктар ін-та фізікі (Кайзер-Вільгельм ін-та). Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы. Распрацаваў супадзенняў метад (1924), разам з Г.Гейгерам эксперыментальна даказаў праўдзівасць закону захавання энергіі і імпульсу ў элементарных працэсах (1925). Нобелеўская прэмія 1954.
Літ.:
Лейкин Г.А. Вальтер Боте // Природа. 1995. № 12.
т. 3, с. 223
БО́ЎКІНСКАЯ АБАРО́НА 1943,
баі партыз. палка «Трынаццаць», часткі сіл 15-га партыз. палка, 17-й брыгады, атрада «Перамога», падраздзяленняў інш. атрадаў супраць карнай экспедыцыі ням. фашыстаў 5—18.10.1943 у лесе каля в. Боўкі Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы накіравалі карнікаў супраць партызанаў і насельніцтва, што знаходзілася пад аховай партызанаў у міжрэччы Проні і Дняпра. Партызаны занялі абарону і ўтрымлівалі яе 5 дзён. Праціўнік сіламі пях. дывізіі, некалькіх батальёнаў, авіяэскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў уклініўся ў абарону партызанаў, заняў некалькі вёсак і завяршыў іх акружэнне. Партызаны і большасць насельніцтва 14 кастр. адышлі і занялі новую абарону. Пасля больш як 20 жорсткіх баёў партызаны 18 кастр. прарвалі кальцо акружэння і выйшлі ў тыл праціўніка. У памяць пра Боўкінскую абарону каля в. Дабужа насыпаны курган Бессмяротнасці.
т. 3, с. 223
БОЎТ Віялета Максімаўна
(н. 9.5.1927, г. Лос-Анджэлес, ЗША),
руская балерына. Нар. арт. СССР (1970). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1944). У 1944—86 салістка Муз. т-ра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. У творчасці спалучала віртуозную балетную тэхніку з псіхал. распрацоўкай роляў. Сярод лепшых партый: Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Донна Анна («Дон Жуан» Р.Штрауса), Медора («Карсар» А.Адана), Франчэска («Франчэска да Рыміні» Б.Асаф’ева), Папялушка («Папялушка» С.Пракоф’ева).
т. 3, с. 223
БОЎТ Іван Іванавіч
(н. 20.7.1932, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў БПІ (1961). З 1952 у ін-це «Белпрампраект» (з 1968 гал. архітэктар), адначасова (з 1968) выкладчык Бел. політэхн. акадэміі. Асн. работы (у сааўт.): карпусы з-даў гадзіннікавага (1953—56), ЭВМ (1955—61), радыёзавода (1960—63), будынкі Дзіпрасельбуда (1968), СКБ з-да працяжных станкоў (1970), аўтатрактарнага ф-та БПІ (1976), комплексы з-да халадзільнікаў (1965—90), паказальных гандл.-вытв. аб’яднанняў фірмаў «Мерседэс-Бенц» (1993) і «Пума-БМВ» (1995), навук.-вытв. аб’яднанні «Гранат» (1982) і «Цэнтр» (1985), гараж хуткай мед. дапамогі (1986—89) у Мінску; дывановы (1965), панчошны (1968) камбінаты, з-ды ЭВМ (1965—72), электралямпавы (1967—75), комплекс з-даў Мінлегхарчмаша (1980—82) у Брэсце; Бел. аўтамабільны з-д у Жодзіне (1966—82), філіял Мінскага трактарнага з-да ў Смаргоні (1985—90). У 1977—80 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.
т. 3, с. 223