Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕЛАМЫ́ШАЧНАЯ ХВАРО́БА,

вострае неінфекцыйнае захворванне маладняку с.-г. жывёлы. Характарызуецца парушэннямі абмену рэчываў, функцыян.і марфал. зменамі міякарда і шкілетных мышцаў, рэзкай бледнасцю мышачнай і інш. тканак. Часцей бывае ў цялят і ягнят, радзей — у парасят, пушных звяроў і птушак. Прычына беламышачнай хваробы ў аднастайным і непаўнацэнным кармленні, асабліва матак. Пашырана ў мясцовасцях, дзе кармы бедныя бялкамі, фосфарам, мікраэлементамі і вітамінамі.

т. 2, с. 388

БЕЛАНО́ВІЧ Іосіф Іосіфавіч

(н. 9.5.1920, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). У 1967—82 выкладаў малюнак і жывапіс у БПІ. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, а таксама графікі. Героі яго твораў надзелены рысамі грамадз. значнасці, духоўнай чысціні, лірычныя і летуценныя. Асн. творы: «Брэсцкая крэпасць» (1959), «Героі бессмяротныя» (1961), «Памяць» (1969), «Салдаты» (1975), «Хлеб партызанам», «Сустрэча з мінулым» («Поле памяці»; абодва 1978), «Сейбіты» (1980), «Зямля мужнасці» (1981), партрэт М.Багдановіча (1990), «Змоўклі залпы гармат» (1993), «Агрэсія» (1995).

А.С.Наркевіч.

т. 2, с. 388

БЕЛАНО́СКА ТАЎСТАХВО́СТАЯ

(Leucorrhinia caudalis),

насякомае атрада стракоз. Усходнееўрап. від з ізаляванымі ўчасткамі арэала. На Беларусі трапляецца лакальна, занесена ў Чырв. кнігу. Жыве на забалочаных участках праточных вадаёмаў, старыцах рэк, парослых белымі або жоўтымі гарлачыкамі.

Даўж. брушка 24—27 мм, крыла 29—32 мм. Цела чорнае. Пры аснове задніх крылаў па чорнай пляме. Брушка на канцы расшырана, у самцоў у пярэдняй частцы з блакітным налётам. Цыкл развіцця 2 гады. Лічынкі жывуць у стаячых або слабапраточных вадаёмах. Драпежнік, корміцца дробнымі насякомымі і іх лічынкамі.

т. 2, с. 388

БЕЛАНО́ЎСКІ Георгій Дзмітрыевіч

(1875—1950),

савецкі мікрабіёлаг, імунолаг. Чл.-кар. АН СССР (1929). Засл. дз. нав. Расіі (1935). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію (1899). Вучань І.І.Мечнікава, С.П.Боткіна. Навук. працы па хіміявакцынатэрапіі, вывучэнні клетачнага імунітэту. Прапанаваў метад імунізацыі супраць шкарлятыны (1927), вызначыў, што ўзбуджальнікам грыпу з’яўляецца вірус (1918).

Тв.:

Динамика иммунитета. М.; Л., 1944.

т. 2, с. 388

БЕЛАПА́Н,

гл. Беларускае прыватнае агенцтва навін.

т. 2, с. 388

БЕЛАПО́ЛЬСКІ Арыстарх Апалонавіч

(13.7.1854, Масква — 16.5.1934),

рускі астрафізік. Акад. Пецярбургскай АН (1903). Скончыў Маскоўскі ун-т (1877). З 1879 у Маскоўскай абсерваторыі, з 1888 у Пулкаўскай (у 1917—19 яе дырэктар). Даследаваў нябесныя свяцілы, шырока выкарыстоўваў фатагр. метады, першы ў Расіі пачаў праводзіць спектраграфічныя даследаванні, напрыклад, спектры пераменных і падвойных зорак, кольцаў Сатурна; з дапамогай зоркавага спектрографа выявіў вярчэнне Сонца.

Тв.:

Астрономические труды. М., 1954.

т. 2, с. 388

БЕЛАПП,

гл. Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў.

т. 2, с. 388

БЕЛАПЯТРО́ВІЧ Ежы

(1740 — 16.3.1812),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Лідскі стражнік (1764), лоўчы (1771), навагрудскі гродскі суддзя (1780), пісар вайсковы літоўскі (1783—87), чл. Пастаяннай рады (1780—84), удзельнічаў у рабоце дэпартамента справядлівасці. У час паўстання 1794 зачытаў на гар. рынку ў Вільні акт аб пачатку паўстання ў ВКЛ. Сябар Вышэйшай літоўскай рады ў Вільні, суддзя крымінальны літоўскі. З утварэннем Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага кіраўнік аддзела вайск. патрэб. За справядлівасць, самаадданае выкананне грамадскіх і службовых абавязкаў яго назвалі «літоўскім Арыстыдам». Увекавечаны ў паэме А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

т. 2, с. 388

«БЕЛАРГСТАНКІНПРА́М»,

гл. Беларускі дзяржаўны праектна-тэхналагічны і эксперыментальны інстытут Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь.

т. 2, с. 388

«БЕЛАРУ́С»,

клуб рабочых-беларусаў у Маскве ў 1919. Адкрыты 23 лют. культ.-асветным аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята і Маскоўскай бел. секцыяй РКП(б). Асн. мэты: правядзенне паліт. і культ.-асв. работы сярод беларусаў, падрыхтоўка кадраў для работы на Беларусі. Меў бібліятэку з чытальняй. У снеж. таго ж года пераўтвораны ў літоўска-бел. клуб, які дзейнічаў у 1920.

т. 2, с. 388