Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Росіца, за 24 км на ПнЗ ад г. Верхнядзвінск, на мяжы з Латвіяй. Пл. 0,4 км², даўж. 1,68 км, найб. шыр. 400 м. Пл. вадазбору 2,79 км². Канавай злучана з воз. Чорнае.

т. 2, с. 385

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Пастаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Лучайка, за 3 км на Пн ад г. Паставы. Пл. 0,31 км², даўж. 1,02 км, найб. шыр. 930 м, найб. глыб. 5 м. Пл. вадазбору 1,2 км². Схілы катлавіны спадзістыя, берагі пясчаныя. Зарастае.

т. 2, с. 385

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 24 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,3 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 400 м, даўж. берагавой лініі 2,77 км. Пл. вадазбору 2,75 км². Схілы катлавіны выш. 10 м, пад хмызняком.

т. 2, с. 385

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнец, за 40 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,22 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 350 м. Пл. вадазбору 2,5 км². Схілы катлавіны выш. 11—13 м. Уваходзіць у склад зоны адпачынку Езярышча.

т. 2, с. 385

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобл., у бас. р. Прыпяць, за 17 км на ПнЗ ад г. Лунінец. Пл. 0,22 км², даўж. 600 м, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 5 м.

Схілы катлавіны пясчаныя, пад хваёвым лесам. Берагі выш. да 2 м, пясчаныя. У возеры растуць палушнік азёрны і лабелія Дортмана — ахоўныя віды раслін, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 2, с. 385

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Пастаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 3 км на ПнУ ад г.п. Варапаева. Пл. 0,22 км², даўж. 950 м, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 6 м. Пл. вадазбору 1,15 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, пераважна разараныя, берагі забалочаныя. Слаба зарастае. Злучана пратокай з воз. Азерцы.

т. 2, с. 385

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,21 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 5,1 м. Пл. вадазбору каля 1 км².

Схілы катлавіны разараныя, на У і ПнУ пад лесам і хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі сплавінныя. У цэнтры невял. востраў. Зарастае да глыб. 4 м; у флоры рэдкі для Беларусі від — наяда марская. На ПдЗ злучана ручаём з воз. Ясна.

т. 2, с. 385

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

кліматабальнеалагічны курорт у Беларусі. За 25 км ад г. Брэст. Развіваецца з 1981. Клімат умерана кантынентальны, з параўнальна мяккай зімой і адносна сонечным летам. Крыніца мінер. водаў, радовішчы тарфяных гразяў. Масівы хваёвых і мяшаных лясоў вакол азёраў Белае і Рагазнянскае. Санаторый «Бярэсце» арыентаваны на рэабілітацыю хворых з сардэчна-сасудзістымі і нерв. расстройствамі, нетуберкулёзнымі хваробамі органаў дыхання, аздараўленне пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Турысцкая і інш. базы для доўга- і кароткатэрміновага адпачынку дзяцей і дарослых.

т. 2, с. 385

БЕ́ЛАЕ МА́СЛА,

высокаачышчаныя нафтэнава-парафінавыя вуглевадароды. Бясколернае празрыстае мазепадобнае рэчыва. Вырабляецца 2 тыпаў: мед. вазелінавае (кампанент мед. мазяў, слабіцельны сродак) і парфумернае (кампанент касметычных крэмаў, губных памад).

т. 2, с. 385

БЕ́ЛАЕ МО́РА,

унутрымацерыковае мора Паўн. Ледавітага ак., на ПнЗ Еўрапейскай ч. Расіі. Глыбока ўдаецца ў сушу паміж п-вамі Кольскі і Канін. На Пн злучаецца з Баранцавым м. пралівамі Горла і Варонка. Пл. 90 тыс. км². Найб. глыб. 350 м у зах. частцы, усх. больш мелкаводная (30—120 м); сярэдняя глыб. 60 м. Размешчана ў зоне шэльфа. Рэльеф дна няроўны, шмат упадзін і жалабоў, якія чаргуюцца з мелямі і банкамі. Залівы (губы): Кандалакшскі, Анежскі, Дзвінскі, Мязенскі. Вялікія а-вы: Салавецкія, Маржавец, Мудзьюгскі. Берагі моцна парэзаныя, паўн.-зах. высокія і скалістыя, паўд.-ўсх. спадзістыя і нізкія. Упадаюць рэкі: Паўн. Дзвіна, Анега, Мязень, Паной і інш.

Клімат пераходны ад марскога палярнага да кантынентальнага ўмеранага. Т-ра вады на паверхні ад 6 да 15 °C, зімой ніжэй за І °C. Салёнасць ад 24‰ на Пд да 34,5‰ на Пн. З ліст. да мая ўкрыта дрэйфуючым (у бухтах суцэльным) лёдам. Існуе пастаянны водаабмен Белага мора з Баранцавым м. Прылівы правільныя паўсутачныя да 10 м (Мязенская губа). Рыбалоўства (селядзец, навага, сітавыя), промысел цюленяў. Беламорска-Балтыйскі канал дае выхад у азёры і рэкі бас. Балтыйскага м. і да Волга-Балтыйскага воднага шляху (да Каспійскага, Азоўскага і Чорнага мораў), суднаходства марскіх каналаў зімой падтрымліваецца ледаколамі. Гал. парты: Архангельск, Анега, Беламорск, Кем, Кандалакша.

т. 2, с. 385