Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НА́СІК,

горад у Індыі, гл. Нашык.

т. 11, с. 198

НАСІ́ЛАВА,

вёска ў Цюрлёўскім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., каля аўтадарогі Маладзечна—Смаргонь. Цэнтр калгаса. За 3 км на З ад горада і чыг. ст. Маладзечна, 76 км ад Мінска. 1899 ж., 702 двары (2000). Меліярац. ўпраўленне арашальных сістэм, адкрытае акц. т-ва «Маладзечанская аграхімія». Базавая школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік сав. воінам, партызанам, землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У вёсцы гарадзішча штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры (1—8 ст. н.э.).

т. 11, с. 198

НАСІ́ЛЛЕ,

выкарыстанне сілы або пагрозы сілай якім-н. сац. суб’ектам (асобай, групай, супольнасцю, арг-цыяй, партыяй, дзяржавай і да т.п.) з мэтай прымусу людзей да пэўных паводзін, набыцця або захавання эканам. і паліт. панавання, заваёвы пэўных правоў, прывілеяў або тэрыторый. Н. як адзін з канстытуіруючых кампанентаў гіст. працэсу адыграла істотную ролю ў працэсах утварэння дзяржаў, імперый, заваёў, паўстанняў, рэвалюцый, войнаў, сцвярджэння рэлігіі, у рэалізацыі рэпрэсіўных стратэгій пануючымі дзярж. структурамі. Мэтамі Н. могуць быць: захоп, захаванне, умацаванне, змена ўлады, перамены ў ажыццяўленні палітыкі, заваёва. інш. народаў, тэрыторый і краін, эканам. ўзбагачэнне, задушэнне апазіцыі, іншадумства і да т.п. Паводле маштабаў бывае адзінкавае (асобныя адзінкавыя дзеянні), групавое ці абмежаванае (у адносінах да пэўных сац., этн., паліт., рэліг. груп), масавае (масавыя рэпрэсіі, тэрор, вайна і інш.). Асн. віды і формы Н.: агрэсія, унутрыдзярж. (грамадзянская), міждзярж., сусв. войны, рэвалюцыя, паўстанне, бунт, пераварот, путч, тэрор, забойства, збіванне, згвалтаванне, замбіраванне. Вылучаюць таксама Н. інструментальнае, якое мае канкрэтную мэту (напр., захоп улады), і сімвалічнае, якое арыентавана на засваенне створанага прапагандай пэўнага ўзору (напр., прапагандаванага ў фаш. Германіі вобраза «сапраўднага арыйца»). У сучасным свеце шырока ўжываецца ўскоснае, псіхал. Н. ў выглядзе навязвання скажонай інфармацыі, сац. міфаў, маніпуліравання свядомасцю людзей.

Існуе некалькі тэорый Н. напр., Я.Дзюрынг лічыў, што прычынай паяўлення ў грамадстве проціборствуючых класаў з’яўляецца менавіта Н. Абапіраючыся на яго тэорыю, аўстр. сацыёлаг Л.Гумпловіч, тэарэтык сацыял-дэмакратыі К.Каўцкі лічылі выкарыстанне Н. вырашальнай прычынай узнікнення класаў і дзяржавы. К.Маркс, а ўслед за ім У.І.Ленін разглядалі Н. як характар сац. прагрэсу, асабліва перабольшвалася роля рэв. Н. ў стварэнні новых, больш прагрэс., сацыяліст. форм грамадскага ладу. Буйнамаштабныя формы выкарыстання масавага Н. ў 20 ст. (2 сусв. вайны, сац. рэвалюцыі, масавы тэрор, які ажыццяўляўся таталітарнымі паліт. рэжымамі і інш.) паказалі абмежаванасць, аднабаковасць толькі сац.-класавай трактоўкі Н. і зноў прыцягнулі ўвагу да пошукаў вытокаў Н. ў асаблівасцях чалавечай прыроды, што бярэ пачатак у канцэпцыях Т.Гобса, Ф.Ніцшэ і З.Фрэйда. Аўстр. філосаф К.Лорэнц лічыў уласцівую чалавеку агрэсіўнасць, звязаную з Н., ахоўнай рэакцыяй арганізма на неспрыяльнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Э.Фром, даследуючы «анатомію чалавечай дэструктыўнасці», якая выяўлялася ў розных формах Н. над сабой і інш. (садызм, мазахізм, імкненне ўладарнічаць, падпарадкоўваць), паказаў, што ўсе яе праяўленні абумоўлены сац. фактарамі «хворага грамадства», якое адчувае неабходнасць у лячэнні на аснове «гуманістычнага псіхааналізу». У гісторыі грамадска-паліт., філас. і рэліг. думкі існавала мноства канцэпцый, якія абвяргалі неабходнасць выкарыстання Н. Ідэя ненасілля зарадзілася ў стараж.-ўсх. рэліг. культах індуізму, будызму і канфуцыянства, знайшла ўвасабленне ў стараж.-грэч. традыцыі і ў раннім хрысціянстве. Прынцып цярплівасці і звязаных з ім ненасільных дзеянняў знайшоў адлюстраванне ў філас. працах Вальтэра, Ж.Ж.Русо, Дж.Лока, І.Канта. У найноўшы час прынцып ненасілля атрымаў яркае ўвасабленне ў вучэнні аб непраціўленні злу насіллем Л.М.Талстога, аб ненасільных дзеяннях у паліт. сферы М.Гандзі, у імкненні М.Л.Кінга выкарыстоўваць ненасілле ў барацьбе з расавым прыгнётам. Гэтыя прынцыпы ў сучасных умовах выкарыстоўваюцца ў міжнар. адносінах.

Я.М.Бабосаў.

т. 11, с. 198

НАСІМІ́,

гл. Несімі.

т. 11, с. 199

НАСІРЭДЗІ́Н ТУСІ́ (Абу Джафар Мухамед ібн Мухамед ібн Хасан Абу Бакр) (18.2.1201, г. Тус, Іран — 25.6.1274),

арабскі вучоны-энцыклапедыст, дзярж. дзеяч. З 1256 на службе ў манг. ільхана Хулагу, дзе займаўся пытаннямі фінансаў і падаткаў. Пераклаў на араб. мову працы Пталамея і Эўкліда і дадаў да іх уласныя каментарыі. Удасканаліў матэм. метады ў астраноміі, рашыў шэраг задач сферычнай трыганаметрыі. Пабудаваў астр. абсерваторыю ў г. Марага (1259, цяпер г. Мераге, Іран), дзе пад яго кіраўніцтвам складзены астр. табліцы «Зідж Эльхані», у якіх змешчаны каталог яркіх зорак, некаторыя геагр. звесткі, табліцы сінусаў і тангенсаў і інш. Напісаў шэраг трактатаў па матэматыцы, філасофіі, медыцыне, логіцы, этыцы і інш.

Літ.:

Мамедбейли Г.Д. Основатель Марагинской обсерватории Мухаммед Насирэддин Туси. Баку, 1961;

Юшкевич А.П. История математики в средние века. М., 1961.

А.І.Болсун.

т. 11, с. 199

НАСІ́Р ХАСРО́Ў (Абу Муін) (1004, Кубадзіян, каля г. Балх, Афганістан — пасля 1072),

таджыкскі і персідскі паэт, філосаф, рэліг. дзеяч. У 1046—52 знаходзіўся ў Егіпце, свае ўражанні апісаў у «Кнізе падарожжа» («Сафар-наме»), Прыхільнік ідэалогіі ісмаілітаў. Пасля вяртання на радзіму праследаваўся як ератык і апошнія гады жыцця правёў у выгнанні ў гарах Паміра. Пісаў касыды панегірычнага, элегічнага, сатыр., рэліг. характару, любоўныя вершы, дыдактычныя паэмы. Захаваліся рэліг.-філас. трактаты, дыван (12 тыс. бейтаў — двухрадкоўяў), дыдактычная паэма «Раўшанайі-наме» (1053), у якіх асуджае прыдворную паэзію, выказвае спачуванне беднякам, абвінавачвае артадаксальнае духавенства, якое, на яго погляд, перашкаджала развіццю навук. і філас. думкі.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. М., 1979.

Літ.:

Ашуров Г. Философские взгляды Носири Хисрава. Душанбе, 1965.

т. 11, с. 199

НА́СКА,

археалагічная культура паўд. ўзбярэжжа Перу. Датуецца 2 ст. да н.э. — 7 ст. н.э. Характарызуецца іканаграфіяй і паліхромнасцю ў кераміцы, якая арнаментавалася выявамі рыб, птушак, адрэзаных галоў-трафеяў, чалавечых фігур, дэманаў. З пашырэннем культуры уары Н. спыніла сваё існаванне і заменена лакальным варыянтам уары.

т. 11, с. 199

НАСКА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА, наскальныя малюнкі, пятрогліфы, пісаніцы,

старажытныя малюнкі на сценах пячор, скалах і асобных камянях у выглядзе контурных выяў (надрапаны або абведзены каляровымі лініямі), барэльефаў і паліхромнай размалёўкі. Вядомы ва ўсіх частках свету ад палеаліту да сярэднявечча. Наскальныя малюнкі эпохі палеаліту выяўлены на Пд Францыі, Пн Іспаніі (гл. Альтаміра), на Каўказе, Урале і каля р. Лена ў Расіі. Для іх характэрны выявы жывёл і паляўнічых сцэн. У неаліце і бронзавым веку тэматыка наскальных малюнкаў — дзейнасць чалавечых калектываў. Найб. вядомыя тагачасныя творы Н.м. выяўлены ў Скандынавіі, Карэліі, Усх. Сібіры, Сярэдняй Азіі і Закаўказзі. У раннім жал. веку наскальныя малюнкі пашыраны ўсюды. На Беларусі наскальныя малюнкі трапляюцца на асобных камянях у выглядзе гравіраваных салярных знакаў, слядоў жывёл і людзей, незразумелых сімвалаў. Паводле характару яны блізкія да надмагільных камянёў, каменных крыжоў, камянёў з надпісамі. Яны адлюстроўваюць у мастацкай форме гаспадарчае і духоўнае жыццё насельніцтва мінулых эпох і маюць вял. значэнне як гіст. крыніцы.

Літ.:

Гущин А.С. Происхождение искусства. Л.;

М., 1937;

Формозов А.А. Очерки по первобытному искусству М., 1969.

М.М.Чарняўскі.

Да арт. Наскальнае мастацтва: 1 — жывапіс цясніны Вальторга, Іспанія (мезаліт); 2 — петрогліфы з урочышча Кабустан, Азербайджан (ранні мезаліт).

т. 11, с. 199

НАСКО́ (Эміль Вікенцьевіч) (н. 18.7.1944, в. Ваўкалата Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984, клас Я.Глебава). Працуе ў розных муз. жанрах. Яго стыль вызначаецца эмац. напоўненасцю, дэмакратычнасцю, дасканаласцю формаўтварэння, блізкасцю да нар. вытокаў. Сярод твораў: араторыя «Зорка паэта» на словы М.Багдановіча (1991), кантата «Надзя-Надзейка» на словы П.Броўкі (1984), «Урачысты кант з нагоды 500-годдзя Ф.Скарыны» для мяшанага хору і сімф. аркестра (1989), хар. канцэрт «Чатыры санеты пра каханне» (1988), вак.-сімф. паэмы «Вечны агонь» (1985); «Асветнікі» на словы Н.Загорскай і кананічны тэкст (2000); сімфонія № 1 (1984), канцэрт для баяна і нар. аркестра (1988), «Сімфанічныя танцы» (1987);. камерна-інстр., у т. л. «Полацкая сюіта» для баяна, «Рамантычная паэма» для фп., саната для віяланчэлі і фп.; вак. цыклы на вершы А.Міцкевіча, Р.Барадуліна, У.Някляева, А.Куляшова, рамансы, хары, апрацоўкі бел. нар. песень і інш.

Э.А.Алейнікава.

т. 11, с. 199

НАСЛЕ́ДАВАЛЬНАСЦЬ,

генатыпічная абумоўленасць зменлівасці адзнакі для папуляцыі або групы арганізмаў. Вызначаецца колькасна з дапамогай каэфіцыента. Больш нізкія каэфіцыенты атрымліваюцца для адзнак, якія абумоўліваюць біял. прыстасаванасць арганізмаў (пладавітасць, маса цела пры нараджэнні і інш.). Выкарыстоўваецца ў селекцыі для вызначэння патэнцыяльнай эфектыўнасці адбору (пры высокіх значэннях каэфіцыента эфектыўны масавы адбор), для прагназавання росту прадукцыйнасці парод жывёл, сартоў раслін, штамаў мікраарганізмаў.

Р.Г.Заяц.

т. 11, с. 199