Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАЗЕ́ЦКІ КА́МЕНЬ,

базальтавая пліта з ідэнтычнымі надпісамі на стараж.-егіпецкай мове, накрэсленымі іерогліфамі і дэматычным пісьмом, і на стараж.грэч. мове. Знойдзены ў 1799 афіцэрам франц. войск у Егіпце Бушарам пры буд-ве форта Сен-Жульен (каля Разеты на зах. рукаве дэльты Ніла). Захоўваецца ў Брытанскім музеі ў Лондане. Тэксты Р.к. высечаны ў 196 да н.э. і ўяўляюць сабой падзячны надпіс егіпецкіх жрацоў Пталамею V Епіфану [204—180 да н.э.]. Іерагліфічны тэкст Р.к. дэшыфраваны ў 1882 1822 Ж.Ф.Шампальёнам, што дало пачатак вывучэнню егіп. іерагліфічнай пісьменнасці.

Літ.:

Шампольон Ж.-Ф. О египетском иероглифическом алфавите: Пер. с фр. Л., 1950.

т. 13, с. 258

РАЗЗБРАЕ́ННЕ,

сукупнасць мерапрыемстваў па спыненні гонкі ўзбраенняў, абмежаванні, скарачэнні і ліквідацыі ракетна-ядзернай зброі і інш. сродкаў вядзення войнаў.

З часоў старажытнасці мэтай чалавецтва з’яўляўся мір без узбр. насілля; у больш позні час — усеагульнае і поўнае Р., якое прадугледжвала б роспуск усімі дзяржавамі свету ўзбр. сіл, скасаванне вайск. устаноў, спыненне вытв-сці і ліквідацыю ўсіх відаў узбраенняў і інш.

У наш час Р. — адна з найб. глабальных праблем чалавецтва. Асаблівую небяспеку выклікае ўзмацненне мілітарызму, вытв-сць, накапленне і распаўсюджанне зброі масавага знішчэння: тэрмаядзернай, біялагічнай, хім., а таксама зброі, заснаванай на новых фізічных прынцыпах (напр., прамянёвая зброя, пучковая зброя, нейтронныя боепрыпасы і інш.). Праблема Р. дэкларуецца ў Статуце ААН, разглядаецца ў шэрагу міжнар. дакументаў: Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), Канвенцыя аб забароне бактэрыялагічнай (біялагічнай) зброі (1972), Дагавор аб абмежаванні сістэм проціракетнай абароны (1972); Выніковы акт Хельсінкскага пагаднення (1992) і інш. Іх выкананне значна памяншае патэнцыял мілітарызму ў шэрагу краін. Рэспубліка Беларусь у ліку першых ажыццявіла ракетна-ядзернае Р., скараціла значную ч. сучаснай ваен. тэхнікі і ўзбраенняў, выступіла з ініцыятывай стварэння ва Усх. і Цэнтр. Еўропе зоны, свабоднай ад ядзернай зброі (1996).

В.​І.​Боўш.

т. 13, с. 258

РА́ЗІН (Сцяпан Цімафеевіч) (каля 1630, б. станіца Зімавейская на Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 16.6.1671),

кіраўнік Сялянскай вайны 1670—71 у Расіі, данскі казак. Вызначаўся розумам, энергіяй, ваен. і дыпламат. здольнасцямі, валодаў 8 мовамі. У 1661—62 удзельнічаў у перагаворах дэлегацыі Войска Данскога і афіц. маскоўскага пасольства з калмыкамі пра сумесныя дзеянні супраць нагайскіх татар. У 1662—63 камандзір атрада данскіх казакоў у паходах супраць крымскіх татар. Удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1667 узначаліў грабежніцкі паход казацкай беднаты на рэкі Волгу і Яік (Урал), у 1668—69 — паход казацкай флатыліі па Каспійскім м.: разрабаваны прыбярэжныя гарады і правінцыі Ірана, вызвалены рас. нявольнікі. Новы яго паход на Волгу вясной 1670 перарос у сял. вайну. Выступаючы нібыта ў абарону правоў царэвіча Аляксея Аляксеевіча і б. патрыярха Нікана, Р. абяцаў простаму народу «свабоду і збаўленне» ад «дрэнных» баяр, у занятых гарадах усталёўваў кіраванне на казацкі ўзор, распраўляўся з прадстаўнікамі царскай адміністрацыі. Пасля паражэння пад Сімбірскам (кастр. 1670) паранены вярнуўся на Дон, дзе ў крас. 1671 схоплены казацкай старшынай і выдадзены царскім уладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве. Р. — герой нар. паданняў і песень, яму прысвечаны творы л-ры і мастацтва.

Літ.:

Сахаров А.Н. Степан Разин. 2 изд. М., 1987;

Чистякова Е.В., Соловьев В.М. Степан Разин и его соратники. М., 1988.

М.​Г.​Нікіцін.

С.Ц.Разін.

т. 13, с. 258

РА́ЗІНА (Таццяна Яўгенаўна) (16.8.1908, г. Няміраў Вінніцкай вобл., Украіна — 23.9.1992),

бел. мастак. Скончыла Адэскі маст. ін-т (1935). З 1936 працавала на кінастудыях «Мастэхфільм» і маст. фільмаў у г. Адэса (Украіна). З 1941 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Працавала ў галіне сцэнаграфіі, а таксама ў станковым жывапісе. Найб. значныя работы — эскізы дэкарацый да спектакляў «Тры апельсіны» К.​Гоцы (1946), Дні нашага нараджэння» І.​Мележа (1958), «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча (1959), опер «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1948), «Машэка» Р.​Пукста (1957), «Сцяпан Разін» А.​Касьянава (1971). Лепшым сцэнаграфічным творам уласцівы рамант. сімволіка, імкненне выявіць атмасферу часу і дзеяння лаканічнай дэталлю. Аўтар станковых твораў: пейзажы «Возера Нясвіж» (1954), «У садзе» (1960); нацюрморты: «Восеньскі нацюрморт» (1956), «Кветкі ў кошыку» (1960), «Кветкі ў вазе» (1962), «Сашыны цацкі» (1966) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 13, с. 258

РАЗЛІ́К (ваен.),

група ваеннаслужачых, якая непасрэдна абслугоўвае гармату, мінамёт, пускавую ўстаноўку і інш. віды зброі і тэхнікі; першасная арганізац. адзінка (падраздзяленне) у артылерыі, ракетных войсках, ППА, войсках сувязі і інш. Р. узначальвае камандзір (афіцэр, прапаршчык або сяржант). Колькасць асабовага складу ў Р. залежыць ад віду (сістэмы) зброі (тэхнікі).

М.​Г.​Нікіцін.

т. 13, с. 258

РАЗЛІКО́ВАЯ СХЕ́МА ў будаўнічай механіцы,

спрошчаны (умоўны) відарыс збудавання (падмурка збудавання, сістэмы канструкцый, механізма), прыняты для разліку збудаванняў. У Р.с. ўключаюць найб. важныя і вызначальныя фактары эксплуатавання і не ўлічваюць іх другарадныя асаблівасці.

т. 13, с. 259

РАЗЛІКО́ВЫЯ ЦЭ́НЫ,

адзін з відаў аптовых цэн на аднародную прадукцыю, якія дыферэнцыраваны ўнутры галін і зон з улікам адрозненняў у прыродных і інш. аб’ектыўных умовах яе вытв-сці. Садзейнічае выраўноўванню гасп.-разліковай рэнтабельнасці.

т. 13, с. 259

РАЗЛІКО́ВЫ БАЛА́НС,

суадносіны грашовых патрабаванняў і абавязацельстваў краіны, што ўзнікаюць у выніку гандлёвых і інш. адносін з інш. краінамі за пэўны перыяд або на пэўную дату. Уключае гандлёвы баланс, вываз і ўвоз золата, прадастаўленне крэдытаў, баланс паслуг, турыстаў і даходы ад замежнага турызму, даходы ад замежных інвестыцый, звязаныя з імі расходы і інш. У адрозненне ад плацежнага балансу ўключае не толькі зробленыя плацяжы і паступленні, але і непагашаныя патрабаванні і абавязацельствы, тэрмін пагашэння якіх яшчэ не настаў.

т. 13, с. 259

РАЗЛІ́К ЗБУДАВА́ННЯЎ,

вызначэнне размеркавання прыкладзеных сіл, дэфармацый, перамяшчэнняў, што ўзнікаюць у элементах збудаванняў пры статычных, дынамічных, тэмпературных і інш. нагрузках.

Мэта Р.з. — забеспячэнне надзейнасці і даўгавечнасці збудавання ў адпаведнасці з умовамі трываласці, жорсткасці і ўстойлівасці найб. напружаных яго элементаў пры мінім. расходзе матэрыялаў, а таксама ацэнка параметраў гранічнага стану канструкцый. У залежнасці ад тыпу збудавання і віду нагрузкі для Р.з. выкарыстоўваюць розныя разліковыя схемы і метады разліку. Праводзіцца на аснове законаў будаўнічай механікі, супраціўлення матэрыялаў і тэорыі пругкасці. У разліках жалезабетонных збудаванняў, фундаментаў улічваюць і рэалагічныя ўласцівасці матэрыялаў (гл. Рэалогія). Збудаванні, што трапляюць пад уздзеянне выпадковых нагрузак (марскіх хваль, сейсмічных сіл), разлічваюць статыстычнымі метадамі. Для Р.з. выкарыстоўваюць лікавыя метады ў матэматыцы і сродкі вылічальнай тэхнікі. Гл. таксама Дынаміка збудаванняў.

М.​К.​Балыкін.

т. 13, с. 259

РАЗЛІ́ЎКА металу,

напаўненне вадкім металам (сплавам) уліўніцы ці лінейнай формы, дзе ён зацвердзявае, утварае злітак ці фасонную адліўку; тэхнал. працэс ліцейнай вытворчасці.

Пашыраны 2 спосабы Р. з каўша ва ўліўніцу: зверху і сіфонам. Р. зверху атрымліваюць зліткі для перапрацоўкі ў кавальскіх цэхах, Р. сіфонам (метал падаецца знізу адначасова ў некалькі ўліўніц) — зліткі якасных і высакаякасных сталей у мартэнаўскіх і электрасталеплавільных цэхах. Р. ў ліцейныя формы дае фасонныя вырабы. Для Р. выкарыстоўваюць адна- і двухстужачныя разліўныя машыны (тыпу ланцуговага канвеера), карусельныя машыны і механізаваныя разліўныя цялежкі.

т. 13, с. 259