СЛА́ЎГАРАДСКІ СТАДЫЯ́Л,
максімальная стадыя сожскага зледзянення. Аддзяляецца горацкім інтэрстадыялам ад постмаксімальнага магілёўскага стадыялу. За час С.с. сожскае ледавіковае покрыва дасягнула паўн. мяжы Палесся. У яго краявой зоне сфарміраваліся Белавежская града, краявыя марэнныя ўтварэнні ў раёнах гарадоў Бяроза, Ганцавічы, Салігорск, Бабруйск, Слаўгарад, г.п. Краснаполле. Адклады С.с. прадстаўлены марэннымі, флювіягляцыяльнымі, озавымі, камавымі і інш. ўтварэннямі. Марэна магутнасцю 50—60 м вызначаецца вял. колькасцю адорвеняў дэвонскіх, мелавых, неагенавых парод. Большасць бел. вучоных сожскае зледзяненне адносяць да стадыі дняпроўскага зледзянення.
т. 14, с. 509
СЛА́ЎКАВІЦКА-Я́МІНСКІ КАНА́Л, Слаўкавіцкі канал, Плюсенская канава,
меліярацыйны канал у Старадарожскім і Любанскім р-нах Мінскай вобл., на мяжы Любанскага і Глускага р-наў Магілёўскай вобл. і ў Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Арэса (бас. р. Прыпяць). Даўж. 52 км. Пачынаецца каля паўд. ускраіны в. Рухава Старадарожскага р-на, на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, цячэ ў межах Прыпяцкага Палесся. Вусце каля в. Смалоўка Акцябрскага р-на. Шыр. канала ў верхнім цячэнні 2—3 м, у ніжнім 8—10 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2,3 м³/с. Прымае сцёк з некалькіх меліярац. сістэм.
т. 14, с. 509
СЛА́ЎКАВІЧЫ,
вёска ў Глускім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і аграфірмы «Слаўкавічы». За 27 км на ПдЗ ад г.п. Глуск, 197 км ад Магілёва, 27 км ад чыг. ст. Рабкор. 460 ж., 188 двароў (2001). Лясніцтва, піларама. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік у гонар Глускіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, рэдакцыі газ. «Сацыялістычная вёска».
т. 14, с. 509
СЛАЎКО́ВІЧ (Даір Фёдаравіч) (н. 21.9.1932, Мінск),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1960). З 1954 бібліятэкар, у 1962—77 заг. Уздзенскай раённай дзіцячай б-кі. Друкуецца з 1946. Піша пераважна для дзяцей і юнацтва пра гераізм народа ў вайну, вёску, маладых рабочых і інш. Аўтар аповесцей «Сцежкаю мужных» (1971), «Клуб вясёлых чамучак» (1973), «Алесік едзе ў Красабор» (1981), дакумент. аповесці «Свежыя ветры над Дворышчамі» (1982), зб-каў апавяданняў «Каласавічок» (1969), аповесцей і апавяд. «Пачым фунт ліха?» (1975), «Алея невядомага салдата» (1981), «Гвардзейскі знак» (1982), нарысаў «Бібліятэкар» (1983), зб. гумару і сатыры «Фірменны сродак» (1976), п’ес «Крутадух» (1980), «Беражыце мужчын» (1984), «Даеш хуткасны!» (1985) і інш. На бел. мову пераклаў казку В.Гаўфа «Маленькі Мук».
Тв.:
Федоскины каникулы. М., 1980;
«Я вернусь, мама!..» Мн., 1982;
Красобор. Мн., 1988.
т. 14, с. 510
СЛАЎКО́Ў (Уладзімір Іванавіч) (9.5.1926, г. Курск, Расія — 1995),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Працаваў у розных тэатрах краіны. У 1964—69 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Акцёр героіка-драм. плана. Творчасці ўласцівы яркі знешні малюнак ролі, сац. завостранасць, рамантычная прыўзнятасць. Найб. значныя ролі ў Гомельскім т-ры: Яраш («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Торчыкаў («Заглянуць у калодзеж» Я.Волчака), Прохар Громаў («Угрум-рака» паводле В.Шышкова), Еўдакімаў («104 старонкі пра каханне» Э.Радзінскага), Раман Кошкін («Любоў Яравая» К.Транёва), Чарлз Касл («Зорка Галівуда» К.Одэтса).
т. 14, с. 510
СЛА́ЎНАЕ,
пасёлак у Талачынскім р-не Віцебскай вобл.; чыг. ст. на лініі Мінск—Орша. Цэнтр сельсавета. За 22 км на ПдЗ ад г. Талачын, 129 км ад Віцебска. 419 ж., 197 двароў (2001).
Вядома як вёска Паўлавіцкай вол. Магілёўскага пав., якая ў 2-й пал. 19 ст. з пабудовай чыг Орша—Барысаў стала чыг. станцыяй. З 1924 у Талачынскім р-не Аршанскай акр. (да 1930), з 1938 Віцебскай вобл. З ліп. 1941 да 28.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі. 28.8.1942 на чыг. ст. С партызаны правялі Слаўненскую аперацыю 1942. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік ахвярам фашызму.
т. 14, с. 510
«СЛА́ЎНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,
прынятая ў гіст. л-ры назва бяскроўнага дзярж. перавароту 1688—89 у Англіі (звяржэнне караля Якава II Сцюарта, абвяшчэнне каралём Вільгельма III Аранскага пры абмежаванні каралеўскай улады), які канчаткова адхіліў абсалютызм як форму праўлення і ўсталяваў у краіне канстытуцыйную манархію. Гл. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя.
т. 14, с. 510
СЛА́ЎНЕНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
бой партызан з ням. фашыстамі па разгроме гарнізона і чыг. ст. Слаўнае Талачынскага р-на Віцебскай вобл. на лініі Мінск—Орша 28 жн. ў Вял. Айч. вайну. Станцыя была важным пунктам для забеспячэння акупац. войск і хуткага перакіду іх да фронту. Ахоўны гарнізон (каля 120 гітлераўцаў) быў узброены мінамётам, станковым і 10—13 ручнымі кулямётамі, аўтаматамі, умацаваны акопамі, меў каля 10 пастоў аховы. Аперацыю праводзілі атрады С.Г.Жуніна (кіраўнік), Дз.А.Кулікова, Г.С.Місніка 8-й Круглянскай партыз. брыгады. У ноч на 28 жн. партызаны падарвалі масты і чыг. палатно з З і У ад станцыі і ў выніку 3-гадзіннага бою зруйнавалі будынкі станцыі, складоў з харчаваннем і фуражом, эшалоны з тэхнікай і інш., падарвалі і знялі рэйкі на працягу 3 км. У выніку С.а., якая адбылася ў самы крытычны момант Сталінградскай бітвы рух на чыгунцы ням. эшалонаў быў прыпынены на некалькі сутак. Гітлераўцы 2 вер. правялі аперацыю помсты: расстралялі 100 жыхароў, гал. чынам жанчын, дзяцей, старых, іх дамы спалілі.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 564.
М.У.Філімоненкаў.
т. 14, с. 510
СЛА́ЎСКІ ((Slawski) Францішак) (н. 13.5.1916, г. Капычынцы Гусяцінскага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна),
польскі мовазнавец. Чл. Польскай АН (з 1969), Польскай АН у Кракаве (з 1989). Д-р філал. н. (1948). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1938), з 1956 праф. у ім. З 1969 дырэктар Ін-та слав. філалогіі Ягелонскага ун-та. Даследаванні ў галіне паўд.-слав. філалогіі (балгарыстыкі), праслав мовы. Аўтар «Граматыкі балгарскай мовы» (1953), «Этымалагічнага слоўніка польскай мовы» (т. 1—25, 1952—82, выданне працягваецца), аўтар і гал. рэдактар «Праславянскага слоўніка» (т. 1—7, 1974—95, выданне працягваецца).
Літ.:
Современные зарубежные лингвисты: Биобиблиогр. справ. Ч. 3. М., 1989.
А.Я.Міхневіч.
т. 14, с. 510
СЛАШЧО́Ў (Якаў Аляксандравіч) (24.12.1885, С.-Пецярбург — 11.1.1929),
расійскі ваенны дзеяч. Ген.-лейт. (1920). Скончыў Акадэмію Генштаба (1911). Удзельнік 1-й сусв. вайны 1914—18. У грамадз. вайну 1918—20 у добраахвотніцкай арміі А.І.Дзянікіна камандаваў брыгадай, Чэчэнскай коннай дывізіяй, дзейнічаў супраць войск Н.І.Махно. Са снеж. 1919 камандзір 2-га армейскага корпуса, кіраваў абаронай Крыма (студз.—крас. 1920). У жн. 1920 з-за рознагалоссяў з П.М.Урангелем зняты з пасады камандзіра корпуса. Пасля эвакуацыі ў Турцыю белагвардзейскіх войск выступіў у друку супраць Урангеля, паводле загаду якога асуджаны і разжалаваны ў радавыя. Увосень 1921 з дазволу сав. ўрада з групай афіцэраў вярнуўся ў Сав. Расію, амнісціраваны. Служыў у Чырв. Арміі. Правобраз генерала Хлудава ў п’есе М.Булгакава «Бег».
Тв.:
Белый Крым, 1920: Мемуары и док. М., 1990.
т. 14, с. 510