СЛАЎКО́ВІЧ (Даір Фёдаравіч) (н. 21.9.1932, Мінск),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1960). З 1954 бібліятэкар, у 1962—77 заг. Уздзенскай раённай дзіцячай б-кі. Друкуецца з 1946. Піша пераважна для дзяцей і юнацтва пра гераізм народа ў вайну, вёску, маладых рабочых і інш. Аўтар аповесцей «Сцежкаю мужных» (1971), «Клуб вясёлых чамучак» (1973), «Алесік едзе ў Красабор» (1981), дакумент. аповесці «Свежыя ветры над Дворышчамі» (1982), зб-каў апавяданняў «Каласавічок» (1969), аповесцей і апавяд. «Пачым фунт ліха?» (1975), «Алея невядомага салдата» (1981), «Гвардзейскі знак» (1982), нарысаў «Бібліятэкар» (1983), зб. гумару і сатыры «Фірменны сродак» (1976), п’ес «Крутадух» (1980), «Беражыце мужчын» (1984), «Даеш хуткасны!» (1985) і інш. На бел. мову пераклаў казку В.Гаўфа «Маленькі Мук».
Тв.:
Федоскины каникулы. М., 1980;
«Я вернусь, мама!..» Мн., 1982;
Красобор. Мн., 1988.
т. 14, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)