Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СІЛАВА́Я ПЕРАДА́ЧА,

разнавіднасць перадачы, якая служыць для перадачы мех. энергіі (руху) ад рухавіка да яе спажыўца з павелічэннем вярчальных момантаў (за кошт змяншэння скорасці, частаты вярчэння) або для змены характару руху. У прыводах машын дазваляе ўзгадняць рэжым работы рухавіка і выканаўчых (рабочых) органаў, ажыццяўляць змену напрамку руху (рэверсаванне, або рэверс), пераўтвараць вярчальны рух у паступальны, вінтавы і інш. С.п. бываюць мех. (найб. пашыраны зубчастыя перадачы, ланцуговыя перадачы, раменныя перадачы, фрыкцыйныя перадачы, чарвячныя перадачы), гідраўлічныя перадачы, пнеўматычныя і інш. У некат. машынах С.п. наз. трансмісіяй.

Тэкстронная сілавая перадача.

т. 14, с. 376

СІЛАВО́Е ПО́ЛЕ,

частка прасторы (абмежаваная ці неабмежаваная), у кожным пункце якой на змешчаны там матэрыяльны пункт (часціцу) дзейнічае вызначаная сіла. Характарыстыкі С.п. могуць залежаць толькі ад каардынат (стацыянарнае С.п.), ад каардынат і часу (нестацыянарнае С.п.) ці мець пастаяннае значэнне ва ўсіх пунктах С.п. (аднароднае С.п.), незалежнае ад каардынат і часу.

С.п., у якім работа сіл поля, што дзейнічаюць на рухомую часціцу, залежыць толькі ад пачатковага і канцавога месцазнаходжанняў гэтай часціцы і не залежыць ад віду яе траекторыі, наз. патэнцыяльным, кожны пункт якога характарызуецца пэўным значэннем патэнцыялу. Напр., гравітацыйнае поле, электрамагнітнае поле. Работу сіл такога поля можна выразіць праз патэнцыяльную энергію часціцы U(x, y, z): A = U(x1, y1, z1) − U(x2, y2, z2), дзе x1, y1, z1, і x2, y2, z2 — каардынаты пачатковага і канцавога пунктаў траекторыі часціцы адпаведна. Гл. таксама Поле фізічнае.

т. 14, с. 376

СІЛАВЫ́ КА́БЕЛЬ,

гл. ў арт. Кабель.

т. 14, с. 376

СІЛАГІ́ЗМ (ад грэч. syllogismos разлічваю, заключаю),

від дэдуктыўнага розумазаключэння, у якім з 2 суджэнняў (пасылак), звязаных паміж сабою адным агульным сярэднім тэрмінам, атрымліваюць трэцяе суджэнне. У залежнасці ад пасылак адрозніваюць катэгарычны, раздзяляльна-катэгарычны і ўмоўна-катэгарычны С. У катэгарычным С. вывад атрымліваецца з 2 пасылак, якія з’яўляюцца катэгарычнымі суджэннямі: A ёсць B, B ёсць C, значыць A ёсць C. У раздзяляльна-катэгарычным С. ў большай пасылцы пералічваецца некалькі магчымых рашэнняў, у меншай адмаўляюцца ўсе, акрамя аднаго: A ёсць або B, або C, або D, але A не ёсць ні B, ні D, значыць A ёсць С. Ва ўмоўна-катэгарычным С. хаця б адна з 2 пасылак з’яўляецца ўмоўным суджэннем: Калі A ёсць B, то C ёсць D; A ёсць B, значыць C ёсць D. У залежнасці ад становішча сярэдняга тэрміна адрозніваюць 4 фігуры С. Кожная з іх мае па некалькі модусаў (С., якія адрозніваюцца адзін ад аднаго колькасцю і якасцю суджэнняў). Усяго існуе 256 модусаў; правільнымі, якія даюць ісціннае заключэнне, лічацца толькі 24 (гл. Сілагістыка). Вывад аднаго С. можа быць пасылкай наступнага. Такім чынам ствараецца складаны С., або полісілагізм. Гл. таксама Сілагізма аксіёма.

В.​М.​Пешкаў.

т. 14, с. 376

СІЛАГІ́ЗМА АКСІЁМА,

асноўны прынцып катэгарычнага сілагізма, што адносіцца і да аб’ёму і да зместу паняццяў. Для аб’ёму паняццяў С.а. фармулюецца так: усё, што сцвярджаецца (адмаўляецца) адносна ўсіх прадметаў класа, тое сцвярджаецца (адмаўляецца) і адносна любога прадмета гэтага класа; для зместу паняцця — ацэнка прыкметы прадмета ёсць таксама ацэнка самога прадмета; тое, што супярэчыць прыкмеце прадмета, супярэчыць і самому прадмету. Гл. таксама Сілагізм.

т. 14, с. 376

СІЛАГІ́СТЫКА (ад грэч. syllogistikos які робіць вывад),

раздзел логікі, які вывучае дэдуктыўныя розумазаключэнні, што складаюцца толькі з катэгарычных суджэнняў. Уключае класіфікацыю розумазаключэнняў у залежнасці ад пасылак, якія ўваходзяць у яго, а таксама ад становішча сярэдняга тэрміна — фігуры сілагізма. Адрозніваюць 4 фігуры: агульнасцвярджальную («усякае А ёсць Б»), агульнаадмоўную («ні адно А не ёсць Б»), прыватнасцвярджальную («некаторае А ёсць Б»), прыватнаадмоўную («некаторае А не ёсць Б») і 256 варыянтаў фігур (правільных 24) — модусаў. У такім выглядзе С. распрацавана стараж.-грэч. філосафам Арыстоцелем, які ўвёў літарныя сімвалы для абазначэння суджэнняў і іх тэрмінаў, класіфікаваў і абгрунтаваў розныя формы сілагізмаў (модусы). Сучасная матэматычная логіка скараціла колькасць модусаў да 15, адкінуўшы тыя, што супярэчаць правілам вываду.

В.​М.​Пешкаў.

т. 14, с. 376

СІЛА́ЕВА (Ніна Фёдараўна) (н. 26.12.1938, Мінск),

бел. вучоны ў галіне паталаг. анатоміі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1993). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1961). З 1966 у Гродзенскім мед. ун-це. Навук. працы па патамарфалогіі энцэфалітаў, энцэфалапатый плода і нованароджаных, патамарфалогіі органаў зроку, клініка-анат. аналізе ўрачэбных памылак.

Тв.:

Врожденные пороки и аномалии развития глаз // Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991;

Патоморфология органа зрения в перинатальном периоде. Мн., 1993 (разам з Ю.​Р.​Бойка);

Клиникоанатомический анализ врачебных ошибок. Мн., 1994 (з ім жа).

т. 14, с. 381

СІ́ЛАНПЯ ((Sillanpää) Франс Эміль) (16.9.1888, г. Хяменкюрэ, Фінляндыя — 3.6.1964),

фінскі пісьменнік. Вучыўся ў Хельсінкскім ун-це (1908—13), працаваў у выдавецтвах (1915—26). У першым рамане «Сонца і жыццё» (1916), зб-ках навел «Дзеці чалавечыя ў карагодзе жыцця» (1917), «Мая ўлюбёная радзіма» (1919), «Ад зямлі» (1924), «Тэлінмякі» (1925) адчувальныя ўплывы творчасці неарамантыкаў (Ю.​Аха, К.​Гамсун). У рамане «Праўдзівая беднасць» (1919), аповесці «Хілту і Рагнар» (1923) псіхал. асэнсаванне стану фін. сялянства ў час і ў першыя гады пасля грамадз. вайны 1918. У раманах «Памерлая ў маладосці» (1931), «Шлях мужчыны» (1932), «Людзі ў летняй ночы» (1934) паглыбленне псіхалагізму, узмацненне рэаліст. тэндэнцый. Аўтар аўтабіягр. раманаў «Жнівень» (1941), «Хлопец жыў сваім жыццём» (1953), «Расказваю і выяўляю» (1954), «Галоўная падзея дня» (1956) і інш. Нобелеўская прэмія 1939.

Тв.:

Рус. пер. — Праведная бедность. М., 1964;

Люди в летней ночи: Избр. проза. М., 1992;

Усопшая в молодости // Бьернсон Б. Избр. произв.;

Силланпяя Ф.Э. Усопшая в молодости. М., 1999.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Ф.Э.Сіланпя.

т. 14, с. 376

СІЛА́НЦЬЕЎ (Юрый Васілевіч) (10.4.1919, г. Краснадар, Расія — 20.12.1983),

расійскі дырыжор, кампазітар. Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1940). З 1948 скрыпач-канцэртмайстар і асістэнт дырыжора Маскоўскага сімф. аркестра. З 1958 маст. кіраўнік і гал. дырыжор створанага ім эстрадна-сімф. аркестра Цэнтр. тэлебачання і радыёвяшчання. Аўтар муз. твораў розных жанраў: рапсодыя «Адыгейскі зафак» (1973), «Камсамольская сімфонія» (1976), балет «Юнацтва» (1976—77) і інш.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 376

СІЛА́НЫ,

крэменевадароды, група хім. злучэнняў крэмнію з вадародам агульнай ф-лы SinH2n+2 (n = 1—8); аналагі алканаў (гл. Насычаныя злучэнні). Ланцугі, утвораныя атамамі крэмнію няўстойлівыя; вышэйшы вядомы член гомалагічнага раду С. — октасілан Si8H18.

Монасілан SiH4 (tкіп -112 °C, шчыльн. 680 кг/м³) і дысілан Si2H6 — бясколерныя газы, астатнія — бясколерныя лятучыя вадкасці з непрыемным пахам, атрутныя. Раствараюцца ў этаноле, бензіне, серавугляродзе. Пірафорныя (гл. Пірафорныя рэчывы). Вельмі лёгка акісляюцца (для С. з n ≥ 3 рэакцыя адбываецца з моцным выбухам) і гідралізуюцца з утварэннем крэмнію дыаксіду і вадароду. Монасілан атрымліваюць раскладаннем трыэтаксісілану (C2H5O)3SiH пры 20—80 °C у прысутнасці натрыю, астатнія С. — раскладаннем сіліцыдаў металаў к-тамі і шчолачамі. Выкарыстоўваюць SiH4 для атрымання паўправадніковага крэмнію.

т. 14, с. 376