Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СЕМАСІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. semasia значэнне, сэнс + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае спосабы абазначэння паняццяў і тыпы змен іх назваў; выкарыстоўваецца і як сінонім семантыкі. Тэрмін «С.» ўжываецца ў гіст. і параўнальна-гістарычным мовазнаўстве, асабліва пры аналізе характару семантычных змен у сувязі з іх этымалагічнай трактоўкай, рэканструкцыяй першаснай, унутр. формы слова і ў выпадках семантычнага паралелізму стандартных шляхоў развіцця значэнняў слоў. Тэарэт. С. вызначае найб. агульныя заканамернасці, якія пашыраюцца на цэласнае семантычнае поле. Асобную галіну С. складаюць метафарычныя змены па падабенстве, метанімічныя — па сумежнасці, якія разам з гіпербалай і сінекдахай ствараюць семіятычны аспект С.

Літ.:

Звегинцев В.А. Семасиология. М., 1957;

Покровский М.М. Избранные работы по языкознанию. М., 1959;

Мартынов В.В. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;

Плотников Б.А. Основы семасиологии. Мн., 1984.

В.​У.​Мартынаў.

т. 14, с. 317

СЕМАФО́Р (франц. sémaphore ад грэч. sēma знак, сігнал + phoros які нясе),

сігнальнае прыстасаванне. Адрозніваюць С. на чыгунках, што не абсталяваны аўтаблакіроўкай — мачта з рухомымі крыламі, становішча якіх падае сігнал цягніку; С. марскі (рачны) — сігнальная мачта з рэяй (брусам) на ўчастках, дзе суднам дазволены рух у адным напрамку; С. флажковы — спосаб зрокавай сігналізацыі і сувязі, па якім літары, лічбы ці службовыя сігналы перадаюць рухам рук (з флажкамі) сігнальшчыка. У наш час на чыгунцы і аўтадарогах звычайна выкарыстоўваюць святлафор.

Чыгуначны семафор.

т. 14, с. 317

СЕМАЧО́К (Trientalis),

род кветкавых раслін сям. першакветных. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — С. еўрапейскі (T. europaea), нар. назва вароніны вочкі. Характэрная расліна яловых лясоў, трапляецца таксама ў мяшаных лясах, хмызняках, парках.

Семачок еўрапейскі.

Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны выш. да 20 см. Сцябло прамастойнае. Суцэльнае лісце збліжанае ў кальчак. Кветкі белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Плод — каробачка. Лек. і дубільныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 318

СЕМАШКЕ́ВІЧ (Раман Мацвеевіч) (1904, в. Лебедзева Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 1937),

бел. жывапісец, графік, скульптар. Скончыў бел. гімназію і маст. студыю ў Вільні, Віцебскі маст. тэхнікум па класе скульптуры і жывапісны ф-т Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў у Маскве. Удзельнік 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1930). У графічных і жывапісных работах адлюстроўваў побыт сялян, родную прыроду, а таксама сац.-рэв. тэматыку: «Даліна ракі Граматухі. Алтай», «Коннік на белым кані», «Белыя кветкі», «Галадоўка палітзняволеных у Лукішскай турме», «На этапе», «Паны забіраюць апошнюю карову», «Бойка з секвестратарамі», «Здзек паліцыі». Аўтар групавога партрэта М.​Галадзеда, М.​Гікалы і А.​Александровіча, партрэтаў А.​Грыневіча, В.​Таўлая, Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш. Выканаў скульпт. кампазіцыю «Юны змаганец».

Літ.:

Ліс А Пякучай маланкі след. Мн., 1981.

А.​С.​Ліс.

т. 14, с. 318

СЕМАШКЕ́ВІЧ (Рыгор Міхайлавіч) (12.9.1945, в. Дамашы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 11.6.1982),

бел. паэт і літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1970). Скончыў БДУ (1966). Настаўнічаў. З 1970 выкладаў бел. л-ру ў БДУ. Друкаваўся з 1961. Яго вершам (зб-кі «Леснічоўка», 1968; «Субота», 1973) уласцівы прастата, шчырасць, псіхалагізм, багацце рытмікі, філасафічнасць. Нарыс «Браніслаў Эпімах-Шыпіла» (1968) пра бел. выдаўца і мовазнаўца, манаграфія «Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.)» (1971) напісаны на багатым дакумент. матэрыяле, жывой мовай, з увагай да грамадз., маральна-этычных, псіхал. матываў дзейнасці пісьменнікаў і дзеячаў нац.-вызв. руху. Сатыр. аповесць «Бацька ў калаўроце» (1976) прасякнута гумарам, дасціпнай выдумкай, гратэскам.

Тв.:

Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;

Лічыла дні зязюля. Мн., 1987.

Я.​Р.​Лецка.

Рыгор Семашкевіч.

т. 14, с. 318

СЕ́МЕЖАВА,

вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., на р. Морач. Цэнтр сельсавета і сельскай калект.-долевай гаспадаркі. За 32 км на Пд ад г. Капыль, 147 км ад Мінска, 23 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 1297 ж., 629 двароў (2001). Сярэдняя шкала-сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. С. — вядомы цэнтр ткацкага рамяства.

Засн. ў 2-й пал. 15 ст. У 1578 мястэчка Навагрудскага пав., уладанне кн. Слуцкіх, Магільніцкіх. У 1622 у С. 195 дымоў. У час Паўн. вайны 1700—21 шведы ў крас. 1706 загубілі амаль усё насельніцтва С. З 1793 у Рас. імперыі ў Мінскай губ. У 1886 мястэчка, 996 ж, 269 двароў, школа, 2 царквы, яўр. малітоўны дом, капліца, 3 крамы, цэнтр нар. маст. ткацтва У 1908 працавалі кравецкі і гарбарны цэхі, 2 млыны. У 1914 у С. 2818 ж., 518 двароў. З 1924 вёска, цэнтр сельсавета Чырвонаслабодскага, з 1959 Капыльскага р-наў.

Ф.​К.​Абрамчык.

т. 14, с. 318

СЕМЕ́СТР (лац. semestris шасцімесячны ад sex шэсць + mensis месяц),

палавіна навуч. года ў вышэйшых і сярэдніх спец. навуч. установах (звычайна 16—18 вучэбных тыдняў). У некат. краінах (напр., Вялікабрытаніі, ЗША) навуч. год дзеляць на трыместры.

т. 14, с. 318

СЕМІЁТЫКА (грэч. sēmeiōtikon ад sēmeion знак, адзнака),

семіялогія, навука, што вывучае ўласцівасці знакавых сістэм ці знакаў, кожнаму з якіх пэўным чынам надаецца пэўнае значэнне. Даследуе асн. характарыстыкі любых знакаў і іх спалучэнняў (слоў і словазлучэнняў, метафар паэт. моў, хім. і матэм. сімвалаў) і сістэм знакаў (вусных і пісьмовых натуральных моў, штучных лагічных і машынных моў, моў паэт. школ і інш.).

Асн. прынцыпы С. сфармуляваны ў 2-й пал. 19 ст. амер. логікам Ч.​Пірсам і швейцарскім лінгвістам Ф. дэ Сасюрам (разглядаў мовазнаўства як частку С.). У сучаснай С. вылучаюць З састаўныя часткі: сінтактыку (вывучае адносіны паміж самімі знакамі), семантыку (разглядае заканамернасці адносін паміж знакам і яго сэнсам) і прагматыку (даследуе адносіны паміж знакамі і тымі, хто іх выкарыстоўвае). С., што ўзнікла як лагічная навука, паўплывала на развіццё не толькі мовазнаўства, але стала агульным метадам для шэрагу даследаванняў у мастацтвазнаўстве, літ.-знаўстве і агульнай тэорыі культуры. Універсальнасць семіятычнага падыходу заснавана на тым, што па сутнасці ўся інфармацыя, якую набывае чалавек на працягу жыцця (у выніку практычнай дзейнасці, засваення мовы і г.д.) і якая складае асн. змест яго разумення, уяўляе сабой адлюстравальна-знакавую сістэму.

Літ.:

Мартынов В.В. Кибернетика. Семиотика. Лингвистика. Мн., 1966;

Яго ж. Семиологические основы информатики. Мн., 1974;

Яго ж. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;

Степанов Ю.С. Семиотика. М., 1971;

Лосев А.Ф. Знак. Символ. Миф. М., 1982;

Семиотика. М., 1983.

В.​У.​Мартынаў.

т. 14, с. 318

СЕМІЁТЫКА ў медыцыне,

вучэнне аб прыкметах (сімптомах) хвароб і паталаг. стане здароўя чалавека; састаўная частка дыягностыкі. Адрозніваюць С. агульную і асобную. Прадмет агульнай — прыкметы, якія адносяць да агульнай характарыстыкі хворага (пол, узрост, целасклад, спадчыннасць і інш.); асобнай — сімптомы канкрэтных захворванняў, механізмы іх узнікнення, развіцця і інш.

т. 14, с. 318

СЕМІНА́Р (ад лац. seminarium рассаднік),

групавыя заняткі па асобных дысцыплінах у ВНУ, таксама заняткі па спец. падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі, адукацыі і інш.; адзін з асн. відаў практычных заняткаў. Уключае абмеркаванне студэнцкіх, аспіранцкіх дакладаў, рэфератаў і інш. самаст. работ, паглыбленае вывучэнне пэўнага курса, найб. важных тэм, галіны навукі і г.д.

Існуюць таксама міжнар. навук. С. даследчага характару.

т. 14, с. 318