СЕМАСІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. semasia значэнне, сэнс + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае спосабы абазначэння паняццяў і тыпы змен іх назваў; выкарыстоўваецца і як сінонім семантыкі. Тэрмін «С.» ўжываецца ў гіст. і параўнальна-гістарычным мовазнаўстве, асабліва пры аналізе характару семантычных змен у сувязі з іх этымалагічнай трактоўкай, рэканструкцыяй першаснай, унутр. формы слова і ў выпадках семантычнага паралелізму стандартных шляхоў развіцця значэнняў слоў. Тэарэт. С. вызначае найб. агульныя заканамернасці, якія пашыраюцца на цэласнае семантычнае поле. Асобную галіну С. складаюць метафарычныя змены па падабенстве, метанімічныя — па сумежнасці, якія разам з гіпербалай і сінекдахай ствараюць семіятычны аспект С.

Літ.:

Звегинцев В.А. Семасиология. М., 1957;

Покровский М.М. Избранные работы по языкознанию. М., 1959;

Мартынов В.В. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;

Плотников Б.А. Основы семасиологии. Мн., 1984.

В.​У.​Мартынаў.

т. 14, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)