Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СЕКСАЛО́ГІЯ (секс + ...логія),

навука, якая вывучае палавыя функцыі чалавека ў фізіял., псіхал. і сац. аспектах. Засн. на інтэграцыі медыцыны з рознымі аспектамі немед. навук (псіхалогія, сацыялогія, педагогіка, філасофія і інш.). У С. значная ўвага аддаецца праяве сексуальнай патрэбы ў адпаведнасці з уплывам сац. асяроддзя, пытанням нормы і адхіленняў у палавых паводзінах (цесна змыкаецца з сексапаталогіяй).

Вылучылася і стала самаст. у 20 ст. Першымі пачалі сістэм. вывучэнне палавога жыцця (пераважна паталаг. форм) урачы. Сярод заснавальнікаў С. праф. псіхіятрыі Венскага ун-та Р.​Крафт-Эбінг, швейц. неўрапатолаг А.​Фарэль, З.Фрэйд, ням. дэрматолаг і венеролаг І.​Блох і інш. Апошнія даследаванні ў эмбрыялогіі, эндакрыналогіі, нейрафізіялогіі, эвалюц. біялогіі, гінекалогіі і інш. навуках дазволілі значна ўзбагаціць і пашырыць веды ў галіне дыферэнцыяцыі і ўзаемаадносін полаў.

Літ.:

Имелинский К Сексология и сексопатология: Пер. с пол. М., 1986;

Фрейд З. Очерки по психологии сексуальности: Пер. с нем. М., 1990;

Сексология: Энцио. справ... 3 изд. Мн., 1995.

т. 14, с. 301

СЕКСАПАТАЛО́ГІЯ (секс + ...паталогія),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае палавыя расстройствы, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; раздзел мед. сексалогіі. Вывучае функцыян., эмацыянальныя, асабістыя, сац.-адаптацыйныя аспекты сексуальных расстройстваў. Звязана з уралогіяй, гінекалогіяй, андралогіяй, эндакрыналогіяй, неўрапаталогіяй, псіхіятрыяй. Падзяляецца на агульную і прыватную. Агульная С. вывучае асн. заканамернасці суадносін і дыферэнцыяцыі полаў, анатама-фізіял. асновы палавой сферы і інш.; прыватная — канкрэтныя захворванні, якія парушаюць сексуальную функцыю, іх лячэнне з улікам спецыфічных псіхасексуальных асаблівасцей хворага. У С. вял. роля належыць прынцыпу партнёрства, які ўлічваецца ў дыягностыцы, паходжанні парушэнняў і іх лячэнні.

Літ.:

Свядощ А.М. Женская сексопатология. 5 изд. Кишинев, 1991;

Ходаков Н.М. Наедине с сексопатологом. М., 1992;

Здравомыслов В.И., Анисимов а З.Е., Либих С.С. Функциональная женская сексопатология. Пермь, 1994;

Руководство по андрологии. Л., 1990.

т. 14, с. 302

СЕ́КСТА ў музыцы, гл. ў арг. Інтэрвал.

т. 14, с. 302

СЕКСТА́НТ (лац. Sextans),

экватарыяльнае сузор’е. Найб. яркая зорка 4-й візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць зімой і вясной. Гл. Зорнае неба.

т. 14, с. 302

СЕКСТА́НТ [ад лац. sextans (sextantis) шостая частка; у марской справе часцей секстан],

вугламерны адбівальны інструмент, асн. частка якога — дуга памерам у ​1/6 частку акружнасці (60°), падзеленая на градусы і долі градуса (лімб). Вымярае вуглы да 120°. Выкарыстоўваецца ў мараходнай і авіяц. астраноміі для вымярэння вышынь нябесных свяціл і берагавых прадметаў над гарызонтам, а таксама вуглоў паміж бачнымі з карабля прадметамі.

Выявы аб’ектаў, напр., нябеснага свяціла і марскога гарызонту, паміж якімі вымяраецца вуглавая адлегласць, сумяшчаюцца ў трубе С. Гэта дае магчымасць не замацоўваць С. на нерухомай аснове, рабіць вымярэнні, трымаючы яго ў руках. Для астр. вызначэння месца карабля ці самалёта С. вымяраюць вышыні некалькіх нябесных свяціл, а потым будуюць вышынныя лініі становішча з улікам папраўкі на паніжэнне гарызонту з прычыны шарападобнасці Зямлі.

Схема секстанта: 1, 3 — святлафільтры; 2, 4 — люстэркі; 5 — падзорная труба; 6 — шкала; φ — вугал паміж напрамкамі на нябеснае свяціла і гарызонт.

т. 14, с. 302

СЕКСТЫЛЬЁН (франц. sextillion),

лік, які выражаецца адзінкай з 21 нулём — лік 10. У некаторых краінах С. наз. лік 10​36.

т. 14, с. 302

СЕКСТЫ́НА, сестына (позналац. sextina, італьян. sestina ад лац. sex шэсць),

верш ці страфа з 6 радкоў, аб’яднаных дзвюма рыфмамі:

Не золатаздабытчык і не бос —
Дваццатым векам вызвалены атам,
Жылплошчу пазычаю я ў нябёс,
Каб быць для іх таварышам і братам.
Але і гэта не апошні лёс,
Які мне векам суджаны дваццатым.
(А.Куляшоў. «Мне кожны год, нібы жыццём другім...)

Сустракаюцца С. з інш. рыфмоўкай: аааабб, аабааб, аббааа. У сучасным літ.-знаўстве змест паняцця «С.» пашыраны — так называюць 6-радкоўі, якія складаюцца з 4-радкоўя з перакрыжаванай рыфмоўкай і 2-радкоўя з сумежнай рыфмай («Белыя яблыні» П.​Панчанкі). Часам С. лічаць 6-радкоўе ўвогуле. С. пішацца звычайна 5- або 6-стопным ямбам. Аднак могуць выкарыстоўвацца і інш. памеры, напр., харэй («Партызанская песня» Я.​Коласа). У еўрап. і рус. л-рах вядома складаная С. (уключае 6 шасцірадкоўяў, радкі у якіх рыфмуюцца ў дакладна вытрыманай паслядоўнасці). У рус. л-ры складаныя С. пісалі Л.​Мей, В.​Брусаў. Вядома і ў бел. паэзіі («На сконе дзён» Р.​Суніцы).

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 302

СЕКСТЭ́Т (ням. Sextett ад лац. sextus шосты),

1) ансамбль з 6 выканаўцаў. На Беларусі ў 1962—71 існаваў С. домраў, які даў пачатак камерна-інстр. ансамблю Белтэлерадыёкампаніі.

2) Музычны твор для 6 выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў); адзін з відаў камернай музыкі (як і квартэт, квінтэт і септэт). Першы вядомы С. належыць Д.Бакерыні. Найб. пашыраны струнныя С., існуюць таксама С. для духавых, нар. і інш. інструментаў. Звычайна маюць санатна-цыклічную форму, пашыраны і інш. цыклічныя (сюіта) і нецыклічныя формы. Найб. вядомыя С. І.​Брамса, Ф.​Мендэльсона, А.​Дворжака, П.​Чайкоўскага, А.​Шонберга. Вакальныя С. сустракаюцца пераважна ў операх («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта). У бел. музыцы прадстаўлены ў творчасці М.​Аладава, Я.​Касалапава, П.​Падкавырава, Р.​Пукста, М.​Шнейдэрмана і інш. 3) У вершаскладанні — тое, што шасцірадкоўе.

Т.​А.​Дубкова (музыка).

т. 14, с. 302

СЕКСТ ЭМПІ́РЫК (Sextus Empiricus; каля 200—250),

старажытнагрэчаскі філосаф і ўрач, прадстаўнік скептыцызму. Вылучаў 3 віды філасофіі: дагматычную, акадэмічную і скептычную. Крытыкаваў дагматычную філасофію (логіка, фізіка, этыка), якая, на яго думку, прэтэндуе на валоданне абсалютнай ісцінай; зрабіў выснову пра неабходнасць адмаўлення ад догмаў. Акадэмічную філасофію (Аркесілай, Лакід, Тэлеклет, Карнеад і інш. прадстаўнікі Сярэдняй і Новай акадэміі) асуджаў за абсалютызацыю прынцыпу недаступнасці ісціны. У працах «Супраць вучоных» і «Піронавы асноўныя прынцыпы» на аснове фармальна-лагічнага закону крытыкаваў граматыку, рыторыку, геаметрыю, арыфметыку, астралогію, тэорыю музыкі, лагічнае, фіз. і этычнае вучэнні, рэліг. вераванні. На яго думку, мэтай скептычнай філасофіі з’яўляецца дасягненне спакою і асабістага шчасця шляхам устрымання ад меркаванняў. Лічыў, што скептык нічога не сцвярджае і не адмаўляе, а «шукае» ісціну. У гнасеалогіі прытрымліваўся ідэі ўсеагульнай «цякучасці рэчаў» і адвечнага станаўлення. Адмаўляў мэтазгоднасць актыўнага ўдзелу ў паліт. жыцці грамадства; лічыў, што для дасягнення спакою неабходна падпарадкоўвацца абставінам, законам і звычаям. Сістэматызаваў спадчыну папярэдніх філосафаў-скептыкаў і інш. стараж.-грэч. філосафаў.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—2. М., 1975—76;

Три книги Пирроновых основоположений. Мн.;

М., 2000.

Т.​І.​Лдула, А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 302

СЕ́КТА (ад secta вучэнне, школа, кірунак),

рэлігійная абшчына, група, якая адкалолася ад пануючай царквы; таксама ўсякая адасобленая група людзей, якая замкнулася ва ўласных вузкіх інтарэсах.

т. 14, с. 302