СЕКСТА́НТ [ад лац. sextans (sextantis) шостая частка; у марской справе часцей секстан],

вугламерны адбівальны інструмент, асн. частка якога — дуга памерам у ​1/6 частку акружнасці (60°), падзеленая на градусы і долі градуса (лімб). Вымярае вуглы да 120°. Выкарыстоўваецца ў мараходнай і авіяц. астраноміі для вымярэння вышынь нябесных свяціл і берагавых прадметаў над гарызонтам, а таксама вуглоў паміж бачнымі з карабля прадметамі.

Выявы аб’ектаў, напр., нябеснага свяціла і марскога гарызонту, паміж якімі вымяраецца вуглавая адлегласць, сумяшчаюцца ў трубе С. Гэта дае магчымасць не замацоўваць С. на нерухомай аснове, рабіць вымярэнні, трымаючы яго ў руках. Для астр. вызначэння месца карабля ці самалёта С. вымяраюць вышыні некалькіх нябесных свяціл, а потым будуюць вышынныя лініі становішча з улікам папраўкі на паніжэнне гарызонту з прычыны шарападобнасці Зямлі.

Схема секстанта: 1, 3 — святлафільтры; 2, 4 — люстэркі; 5 — падзорная труба; 6 — шкала; φ — вугал паміж напрамкамі на нябеснае свяціла і гарызонт.

т. 14, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)