Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

САНТ’Е́ГА (Santiago),

Сант’яга-дэ-лос-Кабальерас, горад на Пн Дамініканскай Рэспублікі, на р. Якедэль-Нортэ. Адм. ц. аднайм. правінцыі. Засн. ў 1495 Б.​Калумбам, братам Х.​Калумба. 1539 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Другі па эканам. значэнні горад краіны. Прам-сць: тытунёвая, цукр., хімічная, апрацоўка кавы і какава (вытв-сць шакаладу). Гандл. цэнтр. с.-г. раёна (тытунь, кава, какава, рыс, жывёлагадоўля). 2 ун-ты. Паблізу здабыча золата.

т. 14, с. 163

СА́НТУС (Santos),

горад на ПдУ Бразіліі, на ўзбярэжжы бухты Сантус Атлантычнага ак., у штаце Сан-Паўлу. Засн. ў 1532. Каля 450 тыс. ж. (2000). Буйны порт, абслугоўвае прамысл. і с.-г. раён Сан-Паўлу (каля 75% бразільскага экспарту кавы, вываз бавоўны, фруктаў, прамысл. прадукцыі). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч. (мукамольная, цукр., кансервавая), металаапр., мінер. угнаенняў. Цэнтр рыбалоўства. Музей рыбалоўства. Касцёлы 16—18 ст. Турызм. Паблізу г. Кубатан — буйны цэнтр нафтаперапр. і нафтахім. прам-сці.

т. 14, с. 162

СА́НТУШ ((Santos) Жазе Эдуарду Душ) (н. 28.8.1942, Луанда),

ангольскі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Бакінскі ін-т нафты і газу (1969). З 1961 чл. Народнага руху за вызваленне Анголы (МПЛА), з 1974 чл. яго Палітбюро, у 1977—79 сакратар ЦК МПЛА. У 1970—74 удзельнічаў ва ўзбр. барацьбе супраць партуг. панавання ў Анголе, ген. арміі. З 1975 міністр замежных спраў Нар. Рэспублікі Ангола (НРА), з 1976—1-ы нам. прэм’ер-міністра НРА, у 1978—79 міністр планавання. У 1979 абраны старшынёй МПЛА, што паводле канстытуцыі НРА зрабіла яго прэзідэнтам НРА. На першых усеагульных свабодных выбарах у вер. 1992 абраны прэзідэнтам Анголы.

т. 14, с. 162

СА́НТУ-АНДРЭ́ (Santo André),

горад на ПдУ Бразіліі, уваходзіць у склад Вял. Сан-Паўлу. Засн. ў 1549. Каля 700 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: цяжкая (чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, гумава-тэхнічная, хімічная), гарбарна-абутковая, тэкст., харчасмакавая, паліграфічная.

т. 14, с. 162

САНТЫ... (ад лац. centum сто), дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 1/100 ад зыходных адзінак. Пазначаецца с. Напр., 1 см (сантыметр) = 0,01 м.

т. 14, с. 162

САНТЫМЕ́ТР,

адзінка даўжыні, роўная сотай долі метра. Абазначаецца см. 1 см=10​−2м. Асн. адзінка даўжыні, а таксама адзінка эл. ёмістасці і індуктыўнасці ў СГС сістэме адзінак.

т. 14, с. 162

САНТЭ́ХНІКА,

тое, што санітарная тэхніка.

т. 14, с. 162

САНТ’Я́ГА (Santiago),

горад, сталіца Чылі. Знаходзіцца ў цэнтр. ч. краіны, каля падножжа Анд (на выш. каля 540 м), на абодвух берагах р. Мапоча. 5538 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Праходзіць Панамерыканская шаша, вузел чыгунак і аўтадарог. 4 міжнар. аэрапорты. Гал. эканам., культ. і навук. цэнтр краіны. У С. сканцэнтравана каля палавіны апрацоўчай прам-сці краіны. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. эл.-тэхн.; металаапр., хім., тэкст., гарбарна-абутковая, паліграф., харч., фармацэўтычная, гумавая, тэкстыльная. Метрапалітэн. Акадэміі: навук, мовы, гісторыі, прыродазнаўчых навук. 3 ун-ты (найстарэйшы з 1738). Ін-т па вывучэнні Антарктыды. Музеі: Нац. гістарычны, Нац. выяўл. мастацтва і музыкі, сучаснага мастацтва і інш. Тэатры. 2 абсерваторыі. Бат. сад.

Засн. ў 1541 ісп. канкістадорам П. дэ Вальдывія як форт для абароны ад нападаў індзейцаў. У 1647 горад разбураны землетрасеннем. Пасля адбудовы да канца 18 ст. тут размяшчалася рэзідэнцыя ісп. каланіяльных улад. У 1738 у С. засн. ун-т. У 1810 адбылося нац.-вызв. паўстанне, задушанае ісп. войскамі У 1818 каля С. рэв. сілы пад камандаваннем ген. Х.​Сан-Марціна атрымалі вырашальную перамогу над іспанцамі. З 1818 С. — сталіца незалежнай Чылі.

У 16 ст. горад набыў строга рэгулярную планіроўку, забудаваны аднолькавымі нізкімі і шырокімі дамамі з унутр. дворыкамі. У цэнтры Пласа дэ Армас з будынкамі калан. часу: сабор (1541—1619, перабудаваны ў 1647 і 1679, барока; сучасны будынак — 1780—99, арх, Х.​Таэска-і-Рычы, класіцызм), ратуша (1775—1807, арх. Таэска-і-Рычы, М. дэ Хара Кемада) і інш. План развіцця С. (складзены ў 1841—53) прадугледжваў пераважна парадную забудову цэнтра. У 19—20 ст. С. значна вырас, але пераважае невысокая забудова (3—5, у цэнтры 8—12 паверхаў). На У раён віл, садоў, асабнякоў т.зв. каліфарнійскага стылю сярэдзіны 20 ст. Сярод помнікаў: кляштар Сан-Франсіска з касцёлам (1572—1618; партал з матывамі рэнесансу і платэрэска; вежа 1756, арх. П. дэ Мадар’я, перабудавана ў 1860, арх. Ф Вівасета), класіцыстычныя прэзідэнцкі палац Ла Манеда (б. манетны двор; 1780—1805, арх. Таэска-і-Рычы, А.​Кабальера), шпіталь Сан-Хуан дэ Дзьёс (1797, арх. Таэска-і-Рычы). На працягу 19 ст. класіцызм перарос у лацінаамер. варыянт. гістарызму і эклектызму: будынкі Нац. кангрэса (1-я пал. 19 ст., арх. А.​К.​Монт, з 1876 арх. Л.​Эно, Э.​Келі), ун-та Чылі (1854—74, арх. Эно, Вівасета), муніцыпальнага т-ра (1853, арх. К.​Ф.​Бруне дэ Бен, зруйнаваны ў 1870; новы будынак 1873, арх. Келі). У духу неаготыкі — саборы Ла Кампаньія (перабудова), Эль Асіла дэль Сальвадор (арх. Х.​Т.​Гандарыльяс). Асобныя будынкі маюць выразныя рысы мадэрна: палацы трыбуналаў (1905—11, арх. Э.​Дуаер, А.​Шадэ), прыгожых мастацтваў (1910) і інш. Сярод значных збудаванняў 20 ст.: Мін-ва сац. забеспячэння (1930-я г., арх. Р.​Гансалес Картэс), Эканам. камісія ААН для краін Лац. Амерыкі (1960—66, арх. Э.​Дуарт), жылыя комплексы «Гансалес Картэс» (1960—63, арх. С.​Гансалес і інш.), тэхнал. ун-т (1962—65, арх. К.​Брэшані, Г.​Вальдэс і інш.).

Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Горад Сант’яга. Раён Сан-Борха.
Сант’яга. Прэзідэнцкі палац Ла Манеда.

т. 14, с. 162

САНТ’Я́ГА-ДЭ-КУ́БА (Santiago de Cuba),

горад на ПдУ Кубы. Адм. ц. аднайм. правінцыі. Каля 500 тыс. ж. (2000). Порт на Карыбскім м., вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі пасля сталіцы эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая (тытунёвая, вінна-лікёрная, цукр., рыбакансервавая), металаапр., суднабуд., тэкст., гарбарна-абутковая, буд. матэрыялаў. Паблізу нафтаперапр. з-д. Ун-т. Нац. гіст. музей.

Засн. ў 1514 іспанцамі як перадавы порт для заваявання Мексікі і Цэнтр. Амерыкі. У 1522 атрымаў гар. правы. У 1553 разбураны франц. піратамі, у 1662 — англ. войскамі. Горад неаднаразова зруйнаваны землетрасеннямі (1675, 1766, 1852, 1932). Каля С.-дэ-К. адбылася вырашальная марская бітва ў Іспана-амерыканскай вайне 1898.

т. 14, с. 163

САНТ-Э́ЛІЯ ((Sant’ Elia) Антоніо) (30.4.1888, г. Кома, Італія — 10.10.1916),

італьянскі архітэктар. Вучыўся ў акадэміі Брэра і політэхн. ін-це ў Мілане, скончыў Школу прыгожых мастацтваў у Балонні (1912). Зазнаў уплыў О.​Вагнера і рацыяналістычнай архітэктуры ЗША. У сваіх поглядах блізкі да італьян. футурызму. На выстаўцы групы «Новыя традыцыі» прадставіў рамант. праект «горада будучага» (не ажыццёўлены), асновай формаўтварэння якога быў дынамічны рух: размяшчэнне трансп. магістралей на розных узроўнях, будынкі з вял. ліфтамі, эскалатарамі і г.д. У 1914 С.-Э. з арх. Ф.​Т.​Марынеці выдаў «Маніфест футурыстычнай архітэктуры». Праекты С.-Э. паўплывалі на горадабуд. канцэпцыі 20 ст. Загінуў на фронце ў 1 -ю сусв. вайну.

І.​М.​Скварцова.

А.Сант-Элія «Горад будучага». Малюнак. 1914.

т. 14, с. 162