САНТ-Э́ЛІЯ ((Sant’ Elia) Антоніо) (30.4.1888, г. Кома, Італія — 10.10.1916),
італьянскі архітэктар. Вучыўся ў акадэміі Брэра і політэхн. ін-це ў Мілане, скончыў Школу прыгожых мастацтваў у Балонні (1912). Зазнаў уплыў О.Вагнера і рацыяналістычнай архітэктуры ЗША. У сваіх поглядах блізкі да італьян. футурызму. На выстаўцы групы «Новыя традыцыі» прадставіў рамант. праект «горада будучага» (не ажыццёўлены), асновай формаўтварэння якога быў дынамічны рух: размяшчэнне трансп. магістралей на розных узроўнях, будынкі з вял. ліфтамі, эскалатарамі і г.д. У 1914 С.-Э. з арх. Ф.Т.Марынеці выдаў «Маніфест футурыстычнай архітэктуры». Праекты С.-Э. паўплывалі на горадабуд. канцэпцыі 20 ст. Загінуў на фронце ў 1 -ю сусв. вайну.