Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СА́ЛЬПЫ (Salpae),

клас хордавых жывёл падтыпу абалоннікаў (паводле інш. класіфікацыі — атрад кл. пелагічных абалоннікаў Thaliacea). 2 атр. (падкл.): бачоначнікі (Cyclomyaria) і ўласна С. (Desmomyaria), 25 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, акрамя Паўн. Ледавітага. Свабоднаплаваючыя адзіночныя і каланіяльныя жывёлы. Трымаюцца пераважна паблізу паверхні вады. Здольныя да свячэння (за кошт сімбіятычных бактэрый).

Даўж. ад некалькіх міліметраў да 33 см. Цела бочачкападобнае, укрыта празрыстай абалонкай (тунікай). Сэрца на брушным баку, крывяносная сістэма незамкнёная. Нерв. сістэма прадстаўлена надглотачным нерв. вузлом, над якім размешчана святлоадчувальнае вочка. Дыхаюць жабрамі. Кормяцца фітапланктонам. Гермафрадыты. Жыццёвы цыкл адбываецца з чаргаваннем палавога і бясполага пакаленняў. Бясполыя асобіны (аазоіды) размнажаюцца пачкаваннем. Развіццё без стадыі лічынкі. У дарослых знікае хорда і хвост. Корм для некат. рыб, марскіх чарапах.

А.​М.​Петрыкаў.

Сальпы: 1 — талія (калонія); 2 — вялікая; 3 — даліёлум; 4 — цыкласальпа (калонія).

т. 14, с. 120

СА́ЛЬТА (ад італьян. salto скачок),

у акрабатыцы, гімнастыцы, фігурным катанні на лёдзе — поўны паварот у паветры цераз галаву (уперад ці назад) пры скачку. Напр., двайное С., трайное С. Асобна вылучаецца С.-мартале — смяротны скачок, які выкарыстоўваецца цыркавымі артыстамі-акрабатамі.

т. 14, с. 120

СА́ЛЬТА (Salta),

горад на Пн Аргенціны. Адм. ц. прав. Сальта. Засн. ў 1582 іспанцамі. Каля 400 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (цукр. трыснёг, тытунь, рыс). Прам-сць: харчасмакавая, гал. чынам цукровая і тытунёвая; лёгкая, нафтаперапрацоўчая. 2 ун-ты. Арх. помнікі 17—18 ст. Паблізу здабыча баратаў.

т. 14, с. 120

САЛЬТАНАБА́Д,

другая назва Эрак у зах. ч. Ірана.

т. 14, с. 120

САЛЬТЫ́ЛЬЁ (Saltillo),

горад на ПнУ Мексікі. Адм. ц. штата Кааўіла. Засн. ў 1575 іспанцамі. Каля 500 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Цэнтр раёна здабычы волава і серабра. Прам-сць: каляровая металургія, цяжкое і с.-г. машынабудаванне, хім., тэкст., шарсцяная (выраб пледаў-сарапе), харчовая. Злучаны трубаправодамі з раёнамі нафтагазавай прам-сці на ўзбярэжжы Мексіканскага зал. 2 ун-ты, у т. л. Міжамерыканскі. Арх. помнікі 18 ст.

т. 14, с. 120

САЛЬФАТА́РЫ (ад італьян. solfatara ад solfo сера),

струмені сярністага і серавадароднага газаў (т-ра 100—300 °C) з прымесямі пары вады, вуглякіслага і інш. газаў, якія выдзяляюцца з трэшчын сценак і дна кратэра, на схілах вулканаў. С. называюць таксама вулканы, якія спакойна і другі час выдзяляюць такія газы (напр., вулкан Сальфатара каля г. Неапаль). Гл. таксама Фумаролы.

т. 14, с. 120

САЛЬФЕ́ДЖЫО, сальфеджа (італьян. solfeggio ад назвы муз. гукаў соль і фа),

1) тое, што сальмізацыя.

2) Вучэбная дысцыпліна, прызначаная для развіцця муз. слыху і памяці. Уключае сальфеджыраванне (адна- ці шматгалосыя спевы з вымаўленнем назваў гукаў), муз. дыктант, аналіз на слых; існуюць абсалютная (фіксаваная до), рэлятыўная і лічбавая сістэмы С.

3) Зборнікі практыкаванняў для адна- ці шматгалосага сальфеджыравання ці аналізу на слых.

4) Спец. вак. практыкаванні для развіцця голасу (гл. Вакаліз).

Н.​Г.​Мазурына.

т. 14, с. 120

САЛЬЦІСО́Н,

у беларусаў традыц. мясны выраб. Адвараныя, дробна парэзаныя, пасоленыя свіныя вантробы (лёгкія, печань, сэрца, ныркі), а таксама галавізна, прыпраўленыя часнаком, перцам і інш. спецыямі, перамешваюць, кладуць у тоўстыя свіныя кішкі ці страўнік і зноў вараць ці падпякаюць у печы. Потым на 1—1,5 сут прыціскаюць гнётам. Ядуць халодным.

т. 14, с. 120

САЛЮБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад позналац. solubilis растваральны),

калоіднае растварэнне, пранікненне малекул нізкамалекулярных рэчываў, нерастваральных у дадзенай вадкасці, унутр міцэл ці глобул макрамалекул, што знаходзяцца ў ёй. Напр., непалярныя малекулы вуглевадародаў і тлушчаў салюбілізуюцца воднымі растворамі мылаў (гл. Мыйнае дзеянне). Адыгрывае важную ролю ў шэрагу тэхнал. працэсаў (эмульсійнай полімерызацыі, міцэлярным каталізе, пры атрыманні змазачна-ахаладжальных вадкасцей і інш.), а таксама ў біял. сістэмах (напр., пры страваванні тлушчы салюбілізуюцца жоўцю).

т. 14, с. 120

САЛЮ́СТЫЙ (Гай Крысп) (Gaius Sallustius Crispus; 86—35 да н.э.),

старажытнарымскі гісторык і дзярж. дзеяч. Удзельнічаў у грамадз. войнах 49—45 да н.э. на баку Ю.​Цэзара. З 46 да н.э. праконсул рым. правінцыі Новая Афрыка. Пасля смерці Цэзара (44 да н.э.) займаўся літ. дзейнасцю. Захаваліся інвектыва (выступленне) С. супраць Цыцэрона (54 да н.э.), лісты да Цэзара (каля 50—46 да н.э.) з прапановамі рэфармавання дзярж. ладу, 2 кнігі «Пра змову Катыліны» і «Югурцінская вайна», адметныя глыбокім псіхал. аналізам, дакладнасцю ацэнак падзей, напружанай дынамікай апавядання, невял. фрагменты твора «Гісторыя» (36—35 да н.э.).

Тв.:

Рус. пер. — Соч. М., 1981.

т. 14, с. 120