САЛЮБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад позналац. solubilis растваральны),
калоіднае растварэнне, пранікненне малекул нізкамалекулярных рэчываў, нерастваральных у дадзенай вадкасці, унутр міцэл ці глобул макрамалекул, што знаходзяцца ў ёй. Напр., непалярныя малекулы вуглевадародаў і тлушчаў салюбілізуюцца воднымі растворамі мылаў (гл. Мыйнае дзеянне). Адыгрывае важную ролю ў шэрагу тэхнал. працэсаў (эмульсійнай полімерызацыі, міцэлярным каталізе, пры атрыманні змазачна-ахаладжальных вадкасцей і інш.), а таксама ў біял. сістэмах (напр., пры страваванні тлушчы салюбілізуюцца жоўцю).
т. 14, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)