Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

САКАЛО́ЎСКІ (Уладзімір Эдуардавіч) (н. 13.9.1930, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. арх. Беларусі (1979). Канд. архітэктуры (1966). Скончыў БПІ (1958). З 1958 працаваў у ін-це «Белдзяржпраект», з 1965 гал. архітэктар, з 1972 дырэктар БелНДІдзіпрасельбуда. З 1965 адначасова выкладаў у БПА. У 1992—2000 гал. эксперт Галоўэкспертызы Мін-ва архітэктуры і буд-ва Беларусі. Асн. работы: праект дэталёвай планіроўкі і забудовы г. Салігорск, праекты дэталёвай планіроўкі зон адпачынку на Заслаўскім вадасховішчы і воз. Нарач (усе 1959—60), дом адпачынку на воз. Нарач (1959—61), будынак БелНДІдзіпрасельбуда і лабараторны корпус з-да імя Вавілава (1969) у Мінску, праект і забудова в. Малеч у Бярозаўскім р-не (1969—81, усе ў сааўт.).

Тв.:

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1973 (у сааўт.);

Проектирование и строительство промышленных комплексов. Мн., 1975 (разам з І.​Г.​Малковым);

Архитектура нового белорусского села. Мн., 1979 (разам з Р.​М.​Алімавым);

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).

т. 14, с. 87

САКАЛО́ЎСКІ-АРЛО́ЎСКІ (Эдвард) (псеўд. Тамаш Маліноўскі; 1878, Вільня — 18.4.1932),

рэвалюцыянер, журналіст. У 1896—99 чл. сацыял-дэмакратыі Літвы, удзельнік віленскай нарады па пытанні ўтварэння СДКПіЛ (1899), II з’езда, на якім закончана афармленне СДКПіЛ (1900), III з’езда (1901) і II Краёвай канферэнцыі (1901) СДКПіЛ. Чл. Гал. праўлення СДКПіЛ (1900—01). У 1905 чл. Віленскага к-та СДКПіЛ, рэдактар газ. «Walka robotnicza» («Рабочая барацьба») і «Солдатская памятка». У 1906 кіраўнік Ваен.-рэв. арг-цыі абл. к-та Паўн.-Зах. саюза РСДРП. У 1910 рэдактар легальнага органа СДКПіЛ «Trybuna» («Трыбуна»). У 1907 і 1912 арыштаваны. У 1917 чл. Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У 1918—25 дзеяч Камуніст. партыі Польшчы, у 1927—30 канд. у чл. яе ЦК. З 1926 у СССР — у Міжнар. агр. ін-це, у рэдакцыі газ. «Trybuna radziecka» («Савецкая трыбуна»).

В.​С.​Семенякоў.

т. 14, с. 87

САКАЛО́ЎШЧЫНА,

вёска ў Галубаўскім с/с Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл., каля р. Свольна. Цэнтр калгаса. За 21 км на У ад г. Верхнядзвінск, 198 км ад Віцебска, 4 км ад чыг. ст. Свольна. 152 ж., 50 двароў (2001). Пач. школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 88

САКАЛО́Ў-СКАЛЯ́ (Павел Пятровіч) (3.7.1899, С.-Пецярбург —3.8.1961),

расійскі мастак. Нар. мастак Расіі (1956). Правадз. чл. АМ СССР (1949). Вучыўся ў студыі І.​Машкова ў Маскве (1914—18) і маскоўскіх Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—22). Старшыня аб’яднання «Быццё» (1920), чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1926), маст. кіраўнік «Окон ТАСС» (1941—45). Выкладаў у Студыі ваен. мастакоў імя М.​Грэкава (1935—41), маскоўскім ін-це прыкладнога і дэкар. мастацтва (1948—51), маст. ін-це (1953—60) і інш. Ствараў прасякнутыя рамант. пафасам гісторыка-рэв., батальныя і жанравыя карціны: «Пакаранне Сцяпана Разіна» (1923), «Таманскі паход» (1928), «Шлях з Горак» (1929), «Браты» (1932), трыпціх «Шчорс» (1938), «Краснадонцы» (1948). Аўтар серыі «Гады і людзі» (1930—31). Аформіў спектаклі «Іван Грозны» А.​Талстога (1945), «Стварэнне свету» М.​Пагодзіна (1945) у Малым т-ры; «Ад усяго сэрца» Г.​Жукоўскага (1951) у Вял. т-ры ў Маскве; кнігі А.​Фадзеева, Дз.​Фурманава, П.​Яршова і інш. Выступаў таксама як майстар панарам і дыярам (кіраваў аднаўленнем панарамы Ф.​Рубо «Абарона Севастопаля», 1954—56). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949.

Тв.:

Годы и люди: [Альбом]. М., 1959;

Долг художника. М., 1963.

Літ.:

Ястребов И.И. П.​П.​Соколов-Скаля. М., 1959.

П.Сакалоў-Скаля. Шлях з Горак. 1929.

т. 14, с. 86

САКА́ЛЬСКІ (Пётр Пятровіч) (26.9.1832, г. Харкаў, Украіна — 11.4.1887),

украінскі кампазітар, публіцыст, фалькларыст, муз.-грамадскі дзеяч. Скончыў Харкаўскі ун-т (1852). У 1859 аднавіў дзейнасць адэскага Філарманічнага т-ва, удзельнічаў у стварэнні Т-ва аматараў музыкі (1864, у далейшым Адэскае муз. т-ва) і муз. школы пры ім (1866). Яго оперы — адны з першых прафес. узораў укр. опернага мастацтва. Сярод муз. твораў: оперы «Мазепа» (1859), «Майская ноч» (1863), «Асада Дубна» (1878); кантата «Баль Пятра Вялікага» (1859); балада «Слухай» (1864); фп. (каля 40) і віяланчэльныя п’есы, рамансы (больш за 40), хары, песні і інш. У муз.-крытычных артыкулах адстойваў ідэі народнасці муз. мастацтва. Аўтар працы «Руская народная музыка, велікаруская і маларуская...» (1888). Збіраў і апрацоўваў нар. песні, у т. л. бел., шэраг з іх апублікаваны ў яго зб. «Маларасійскія і беларускія песні» (выд. 1903).

Літ.:

Карышева Т.И. Петр Сокальский: Жизнь и творчество. М., 1984.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 14, с. 88

САКА́Р’Я (Sakarya),

рака на ПнЗ Турцыі. Даўж. 790 км, пл. басейна каля 65 тыс. км². Цячэ пераважна па Анаталійскім пласкагор’і, упадае ў Чорнае м. Зімовае разводдзе. Сярэдні расход вады каля 200 м³/с. ГЭС Сарыяр і Гёкчэкая. Выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна ў ніжнім цячэнні). На С. — г. Адапазары.

т. 14, с. 88

СА́КАЎШЧЫНА,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., каля р. Бярэзіна і Сакаўшчынскага вадасховішча, на аўтадарозе Валожын—Вішнева. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на З ад г. Валожын, 87 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Багданаў. 580 ж., 263 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (1878).

т. 14, с. 88

СА́КАЎШЧЫНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Валожынскім р-не Мінскай вобл., каля в. Сакаўшчына. Створана ў 1937 на р. Бярэзіна (бас. р. Нёман) для энергет. мэт (Сакаўшчынская ГЭС, цяпер не працуе), у 1955 адноўлена. Пл. 1,3 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 3,1 м, аб’ём вады 1,5 млн. м³. Берагі нізкія, пясчаныя, замацаваныя расліннасцю, у вярхоўі забалочаныя. У рэльефе ложа вылучаюцца 2 участкі: верхні — мелкаводны і ніжні — прыплацінны з глыб. больш за 1 м; на затопленым рэчышчы Бярэзіны глыб. больш за 2 м. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады нязначная. Моцна зарастае. Гняздуюцца лебедзі. У вярхоўі вадасховішча вучэбная геагр. станцыя БДУ «Зах. Бярэзіна».

т. 14, с. 88

СА́КІ,

горад у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым, Украіна, на беразе Сакскага воз., за 4 км ад Чорнага м. Чыг. станцыя. Каля 40 тыс.ж. (2000). Хім. з-д, разліў мінеральнай вады, прадпрыемствы харч. прам-сці. Бальнеагразевы і кліматычны курорт, засн. ў 1828. Лета цёплае, зіма мяккая (т-ра ў лютым -1 °C). Асн. лек. фактары: высокаканцэнтраваная глеевая гразь і рапа Сакскага салёнага воз., мінер. крыніца з тэрмальнай (37—45 °C) хларыдна-гідракарбанатна-натрыевай вадой, якую выкарыстоўваюць для ваннаў, пітнога лячэння. Лечаць хваробы суставаў, нерв. сістэмы, гінекалагічныя. Сезон увесь год.

т. 14, с. 88

САКЛАКО́Ў (Уладзімір Іванавіч) (н. 20.2.1940, г. Чыта, Расія),

бел. вучоны ў галіне нефралогіі. Д-р мед. н. (1987). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1969). З 1986 у Бел. НДІ кардыялогіі, з 2001 у Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Навук. працы па лазератэрапіі хранічнай ныркавай недастатковасці, ацэнцы мэтазгоднасці гемадыялізу, дыягностыцы дыябетычнай нефрапатыі.

Тв.:

Хроническая почечная недостаточность: интеграция и дифференциация лечения. Мн., 1993 (разам з В.​С.​Пілатовічам);

Оценка эффективности гемодиализа методом спин-меченых зондов (у сааўт.) // Докл. Нац. АН Беларуси. 1999. Т. 43, №5.

т. 14, с. 88