САКА́ЛЬСКІ (Пётр Пятровіч) (26.9.1832, г. Харкаў, Украіна — 11.4.1887),
украінскі кампазітар, публіцыст, фалькларыст, муз.-грамадскі дзеяч. Скончыў Харкаўскі ун-т (1852). У 1859 аднавіў дзейнасць адэскага Філарманічнага т-ва, удзельнічаў у стварэнні Т-ва аматараў музыкі (1864, у далейшым Адэскае муз. т-ва) і муз. школы пры ім (1866). Яго оперы — адны з першых прафес. узораў укр. опернага мастацтва. Сярод муз. твораў: оперы «Мазепа» (1859), «Майская ноч» (1863), «Асада Дубна» (1878); кантата «Баль Пятра Вялікага» (1859); балада «Слухай» (1864); фп. (каля 40) і віяланчэльныя п’есы, рамансы (больш за 40), хары, песні і інш. У муз.-крытычных артыкулах адстойваў ідэі народнасці муз. мастацтва. Аўтар працы «Руская народная музыка, велікаруская і маларуская...» (1888). Збіраў і апрацоўваў нар. песні, у т. л. бел., шэраг з іх апублікаваны ў яго зб. «Маларасійскія і беларускія песні» (выд. 1903).
Літ.:
Карышева Т.И. Петр Сокальский: Жизнь и творчество. М., 1984.
Т.Б.Варфаламеева.
т. 14, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)