Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖЫРО́ВІЦКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у сярэдзіне 18 ст. пры базыльянскай семінарыі ў мяст. Жыровічы (цяпер вёска ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл.). Пастаўленыя ў ім драмы на лац. і польск. мовах з бел. інтэрмедыямі карысталіся папулярнасцю ў гледачоў. Вядома пра пастаноўкі ў тэатры лац. трагедыі «Цыцэрон» С.Навіцкага з музыкай мясц. кампазітара Б.Згіроўскага (1752), польска-бел. уніяцкай інтэрмедыі «Сляпы, кульгавы, потым пан і селянін» (1751) і інш.

т. 6, с. 472

ЖЫРО́ВІЧЫ, Жыровіцы,

вёска Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Шчара, на аўтадарозе, што злучае Слонім з аўтадарогай Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 10 км на Пд ад горада і чыг. ст. Слонім, 138 км ад Гродна. 2577 ж., 646 двароў (1997).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як уладанне, аддадзенае вял. кн. ВКЛ Казімірам Ягелончыкам літ. падскарбію А.Солтану. У 16 ст. заснаваны Жыровіцкі Успенскі манастыр. З 1610-х г. Ж. — уласнасць Л.Сапегі, потым Я.Мялешкі. З 17 ст. мястэчка, у 1652 атрымалі магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі, у Слонімскім пав. У 1880-я г. больш за 300 ж. З 1921 у складзе Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Слонімскага р-на. У 1971—2591 ж., 430 двароў.

Дзярж. сортавыпрабавальная станцыя. Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя. Сярэдняя і муз. школы. 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Георгіеўская царква (канец 18 ст.) і Жыровіцкі манастыр базыльян.

т. 6, с. 472

ЖЫРО́НДА (Gironde),

эстуарый рэк Гарона і Дардонь у Францыі, адкрываецца ў Біскайскі заліў. Даўж. 75 км, шыр. да 10 км, у ніжняй ч. глыб. да 35 м, у верхняй, больш вузкай, шмат пясчаных меляў і астравоў. Найменшая глыб. на фарватэры 8 м. Прылівы паўсутачныя, выш. да 5,2 м. У вусці Ж. — порт Ле-Вердон-сюр-Мер і марскі курорт Руаян.

т. 6, с. 472

ЖЫСКА́Р Д’ЭСТЭ́Н ((Giscard d’Estaing) Валеры) (н. 2.2.1926, г. Кобленц, Германія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі. Скончыў Політэхнічны ін-т і Нац. ін-т адм. кадраў у Парыжы. У 1956—76 і 1984—89 чл. Нац. сходу. У 1962—66 і 1969—74 міністр эканомікі і фінансаў. У 1974—81 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за інтэграцыю Францыі ў Еўрап. супольніцтва, падтрымліваў добрыя сувязі з ЗША і СССР; ва ўнутр. палітыцы імкнуўся знізіць узровень беспрацоўя і інфляцыі, кіраваў праграмай мірнага выкарыстання атамнай энергіі. Сузаснавальнік і ў 1966—73 старшыня партыі Нац. федэрацыя незалежных рэспубліканцаў, у 1977 заснаваў і з 1988 узначаліў Саюз за франц. дэмакратыю. З 1989 дэпутат Еўрапарламента. Аўтар успамінаў «Улада і жыццё» (т. 1—2, 1988—91).

т. 6, с. 472

ЖЫ́ТА (Secaled),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. злакаў. 6—8 відаў. Вырошчваюць (з 1—2-га тыс. да н.э.) пераважна ў краінах Паўн. паўшар’я Ж. пасяўное (S. cereale) — азімыя і яравыя формы. На Беларусі Ж. азімае — адна з найважнейшых збожжавых і кармавых прамежкавых культур.

Ж. пасяўное — аднагадовая расліна выш. 60—180 см. Каранёвая сістэма валасніковістая, магутная. Сцябло — саломіна, лісце лінейна-ланцэтнае. Каласы шчыльныя, двухрадковыя, пры выспяванні шэра- або светла-жоўтыя. Каласкі двухкветныя, каласковыя лускавінкі завостраныя, з кароткім асцюком. Зярняўкі маршчакаватыя, з глыбокай баразёнкай і невял. чубком. Зерне мае 9—13% бялкоў, 55—70 крухмалу, 1—2% тлушчу, вітаміны B1, B2, PP. Самая марозаўстойлівая культура сярод азімых злакаў, пераносіць кароткатэрміновыя маразы да -20 °C (на глыб. вузла кушчэння). Перыяд актыўнай вегетацыі 140—170 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: тэтраплоідныя — Пухаўчанка, Верасень, Ігуменская; дыплоідныя — Радзіма, Калінка.

Літ.:

Мухін М.Дз. Азімае жыта. Мн., 1969;

Кобылянский В.Д. Рожь. М., 1982.

Жыта пасяўное.

т. 6, с. 472

ЖЫ́ТКАВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з сак. да ліст. 1942 у г.п. Жыткавічы Гомельскай вобл. Аб’ядноўвала 20 чал. (кіраўнік Е.Я.Гораў), мела сувязь з партыз. і дыверсійна-разведвальнай групамі. Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод салдат ворага, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан бланкі ням. дакументаў, медыкаменты, звесткі пра рух воінскіх эшалонаў і ахову чыгункі, размяшчэнне войск праціўніка. Пусцілі пад адхон 9 эшалонаў ворага. Пасля арышту кіраўніка і некалькіх удзельнікаў падполля патрыёты пайшлі да партызан.

т. 6, с. 473

ЖЫТКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА БУ́РАГА ВУ́ГАЛЮ,

у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на ПнЗ ад г. Жыткавічы. Выяўлена ў 1969 у адкладах неагену. Аб’ядноўвае 4 збліжаныя самаст. вугальныя паклады. Магутнасць вугальнага пласта 0,3—15,6 м, глыб. залягання 12,4—44,4 м. Вугалі гумусныя (марка 1Б). Сярэдняя цеплыня згарання 6,2—7,2 МДж/кг. Сярэдняя попельнасць 18,5%. На пл. 16,9 км2 запасы вугалю 69,1 млн. т. Радовішча не распрацоўваецца.

А.П.Шчураў.

т. 6, с. 473

ЖЫ́ТКАВІЦКІ,

біялагічны заказнік на тэр. Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. Створаны ў 1978 як бат. заказнік рэсп. значэння для аховы прыродных запасаў лек. раслін. Пл. 15 тыс. га (1997). Займае лясны масіў, у якім пераважаюць чарнічныя хвойнікі, трапляюцца бярэзнікі, зрэдку чорнаалешнікі. Асн. лек. расліны: чабор, талакнянка, рабіна, чарніцы і інш.

т. 6, с. 473

ЖЫ́ТКАВІЦКІ РАЁН,

на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,9 тыс. км2. Нас. 51,2 тыс. чал. (1997), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 17,7 чал. на 1 км2. Цэнтр раёна — г. Жыткавічы; г.п. Тураў, 108 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Азяранскі, Браніслаўскі, Верасніцкі, Дзякавіцкі, Ленінскі, Людзяневіцкі, Марохараўскі, Мілевіцкі, Перароўскі, Руднянскі, Рычоўскі, Чырвоненскі, Юркевіцкі.

Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, плоская, забалочаная, мае нахіл з Пн на Пд да даліны р. Прыпяць. Амаль уся тэр. на выш. 120—145 м. Найвыш. пункт 184,1 м (на У, ва ўрочышчы Бялёва каля в. Бялёў). Карысныя выкапні: буры вугаль, сапрапель, торф, пяскі, гліны, каалін, пясчана-жвіровыя сумесі, гаручыя сланцы, граніт, гнейсы акварцаваныя. Сярэдняя т-ра студз. -5,9, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 584 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Гал. рэкі: Прыпяць з прытокамі Случ, Скрыпіца з Навуццю, Сцвіга, Свінавод. Азёры Чырвонае і Белае. Пераважаюць глебы поймавыя (26,7%), тарфянабалотныя (26%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (16,7%). Пад лесам 56,3% тэр. Найб. лясістасць на Пн, 3 і У; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Балоты займаюць 2,5% тэр. Найб. балотныя масівы Булеў Мох, Межч, Смалярня і інш. Пд раёна заняты Прыпяцкім нацыянальным паркам. Заказнікі: біялагічныя Жыткавіцкі, «Нізоўе Случы», Ленінскі паляўнічы. Помнік прыроды — Вятчынскае насаджэнне рададэндрану жоўтага (пантыйская азалія).

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,6 тыс. га, з іх асушана 33,5 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, рыбныя гаспадаркі «Белае» і «Чырвоная зорка». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля.

Вырошчваюць збожжа і бульбу. Прадпрыемствы лясной (лясгас, Тураўскі леспрамгас), тарфяной (Жыткавіцкі торфабрыкетны завод), металаапр. (маторабуд. з-д, «Пратон»), харч. (цэх малочнай прадукцыі і кансервавы з-д у Тураве, масларобчы з-д, рыбазавод «Чырвонапалескі» ў в. Пухавічы), буд. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель і аўтадарогі Брэст—Гомель, Мінск—Мікашэвічы, Жыткавічы—Столін. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 20 сярэдніх, 16 базавых, 13 пачатковых школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 31 дашкольная ўстанова, 67 клубаў, 61 б-ка, 4 бальніцы, 5 паліклінік, 35 фельч.-ак. пунктаў. Тураўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Усясвяцкая царква (1810) і помнік Кірылу Тураўскаму (1993) у г.п. Тураў.

С.І.Сідор.

т. 6, с. 473

ЖЫ́ТКАВІЦКІ ТОРФАБРЫКЕ́ТНЫ ЗАВО́Д Пабудаваны ў 1982 ў п. Чырвонае Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. на базе торфапрадпрыемства «Чырвонае» (1971). Спецыялізуецца на выпуску торфабрыкету. З 1996 разам з ВА «Беларусьнафта» вырабляе сарбенты для утылізацыі разліваў нафты на вадзе і зямлі. Сыравінная база — радовішча торфу Булеў Мох у Салігорскім і Жыткавіцкім р-нах. Пачатковыя прамысл. запасы торфу 46 800 тыс. т, на 1.1.1997—2800 тыс. т.

т. 6, с. 473