Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РЫ́МША (Андрэй) (каля 1550, в. Пенчын Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — пасля 1599),

бел. паэт. Заснавальнік панегірычнай паэзіі ў стараж. бел. л-ры. Паводле некат. звестак вучыўся ў Астрожскай школе на Валыні. З 1572 служыў у кн. Радзівілаў. Удзельнік ваен. паходаў. З 1582 жыў у маёнтку Дзявенішкі Ашмянскага пав., пасля быў падстаростам у мяст. Біржы. У 1581 выдаў у Астрогу на Валыні вершаваную «Храналогію» (фактычна памесячны каляндар) на бел. мове. Аўтар панегірычных вершаў на гербы магнатаў А.​Валовіча (1585), Л.​Сапегі (1588), Ф.​Скуміна (1591), паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла...» (Вільня, 1585). Паэма — значная з’ява ў бел. паэзіі канца 16 ст. Яна сведчыць пра ўменне Р. ствараць буйнамаштабныя, складаныя па кампазіцыі творы. Пераклаў з лац. на польскую мову і выдаў твор А.​Поляка «Хараграфія, або Тапаграфія... святой зямлі» (Вільня, 1595). На лац. мову вершы Р. пераклаў С.​Рысінскі (у «Дзвюх кнігах пісьмаў Саламона Пантэра» 1587).

Тв.:

У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры Мн., 1959. С. 327—330;

У кн.: Archiwum literackie. T. 16. Miscellanea staropolskie. 4. Wroclaw etc., 1972.

Літ.:

Порецкий Я. Неизвестные стихи Андрея Рымши // Нёман. 1969. № 2;

Кавалеў С.В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст. Мн., 1993;

Sajkowski A. Od Sierotki do Rybenki: W kręgu radziwiłłowskicgo mecenatu. Poznań, 1965. S. 9—22.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 514

РЫ́НАК,

1) месца, дзе ажыццяўляюцца акты куплі-продажу тавараў. Узнік у старажытнасці як месца для натуральнага абмену. Уплываў на развіццё эканам. адносін, вытв-сці, промыслаў і рамёстваў, сельскай гаспадаркі і інш. У СССР найб. распаўсюджанай яго формай быў калгасны Р. У постсав. перыяд развіваюцца спецыялізаваныя Р.: будаўнічыя, аўтамабільныя, харчовыя і інш. Ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін арганізуюцца Р. для ажыццяўлення гандлю аднароднымі відамі рэсурсаў — біржы (напр., валютныя біржы, фондавыя біржы, біржы сыравінных рэсурсаў і да т.п.). На Беларусі існуе Бел. валютна-фондавая біржа.

2) Сукупнасць эканам. адносін у галіне абмену, на аснове якіх ажыццяўляецца рэалізацыя тавараў (прадукцыі, работ і паслуг). Характарызуецца цэнаўтварэннем на аснове попыту і прапаноў. Класіфікуюцца паводле аб’ектаў куплі-продажу (Р. тавараў, паслуг, інфармацыі, капіталаў, працы); паводле тэр. прынцыпу (мясцовы, рэгіянальны, нац. і сусв.); паводле ступені насычанасці (раўнаважны, дэфіцытны, перанасычаны); паводле механізму функцыянавання (свабодны, манапалізаваны, рэгулюемы дзяржавай). Дасканалы Р. — абсалютна свабодныя рыначныя адносіны, асн. ўмовы якога: атамістычнасць (неабмежаваная колькасць прадаўцоў і пакупнікоў); магчымасць свабоднага ўваходу і выхаду; свабоднае цэнаўтварэнне; аднароднасць прадукцыі (адсутнасць аб’ектыўных фактараў, акрамя цаны, для перавагі аднайм. тавару аднаго прадаўца над таварам інш. прадаўца); адсутнасць умяшання ў рыначныя адносіны з боку органаў дзярж. улады, крымін. утварэнняў. На практыцы дасканалых рыначных адносін не існуе. Для большасці краін характэрна змешаная рыначная эканоміка, якая характарызуецца ўдзелам дзяржавы ў гасп. працэсах.

Літ.:

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Э. Рынок: Микроэкон. модель: Пер. с англ. СПб., 1992;

Березин И.С. Маркетинг и исследования рынков. М., 1992.

А.​І.​Лучанок.

т. 13, с. 514

РЫНА́ЛЬДЗІ ((Rinaldi) Антоніо) (каля 1710—10.4.1794),

італьянскі архітэктар. Вучыўся ў Л.Ванвітэлі. З 1751 працаваў у Расіі, у 1756—90 прыдворны архітэктар. Збудаванні Р. адлюстроўвалі пераход ад складанай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і пластычнага багацця дэталей архітэктуры барока (палацы Пятра III, 1758—62, Кітайскі, 1762—74, у г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.), мудрагелістай дэкаратыўнасці ракако (інтэр’еры Кітайскага палаца) да характэрных класіцызму стрыманага вонкавага аблічча будынкаў, прастаты чляненняў і выразнасці аб’ёмаў (палацы Гатчынскага палацава-паркавага ансамбля, Мармуровы ў Пецярбургу, 1768—85). Работы Р. адметныя высокім майстэрствам унутр. аддзелкі, увядзеннем у арх. кампазіцыю жывапісных і скульпт, пано.

т. 13, с. 515

РЫНАПЛА́СТЫКА [ад грэч. rhis (rhinos) нос + plastikē фарміраванне],

пластычная аперацыя аднаўлення носа пры яго дэфармацыі і розных дэфектах. Адрозніваюць Р. касметычную, татальную і субтатальную. Касметычныя пластычныя аперацыі робяць пры прыроджаных або набытых дэфармацыях (празмерна вял. памеры носа ці яго асобных ч., напр., пры рынафіме; скрыўленне або асіметрыя носа). Татальную Р. праводзяць пры поўных дэфектах носа рознага паходжання, субтатальную — пры частковых дэфектах (яго касцявога або храстковага аддзелаў, крылаў і інш.).

т. 13, с. 515

РЫНАСКАПІ́Я [ад грэч. rhis (rhinos), нос + skopeō гляджу],

даследаванне поласці носа (агляд яе сценак) пры розных захворваннях.

т. 13, с. 515

РЫНАСПАРЫДЫЁЗ,

хранічны мікоз жывёл і чалавека, які выклікае грыб рынаспарыдыум. У жывёл праяўляецца паліпознымі разрастаннямі на слізістай абалонцы поласці носа. На Р. хварэюць буйныя рагатыя жывёлы, коні, сабакі. Заражэнне аэрагеннае, пылавымі часцінкамі глебы і інш. У чалавека Р. бывае на слізістай абалонцы носа, гартані, вачэй, магчыма пашкоджанне ўнутр, органаў. Узбуджальнік трапляе ў арганізм праз пашкоджаныя слізістыя абалонкі. Лячэнне хірургічнае.

т. 13, с. 515

РЫНАФІ́МА [ад грэч. rhis (rhinos) нос + phyma нараст, новаўтварэнне],

хранічнае захворванне скуры носа з яго гіпертрафіяй, павелічэннем і знявечаннем. Часцей назіраецца ў мужчын. Звычайна ўзнікае пры частым ужыванні алкаголю і пераахаладжэнні. Адрозніваюць фіброзную і залозістую (бугрыстую) формы Р. Пры фібрознай нос раўнамерна павялічваецца ў памерах, скура становіцца ярка-чырвонай. Пры залозістай форме ў вобласці верхавіны і крылаў носа ўтвараюцца 3 бугрыстыя вузлы, якія потым зліваюцца, твар знявечваецца. Лячэнне хірургічнае.

т. 13, с. 515

РЫ́НАЧНАЯ ВА́РТАСЦЬ,

вартасць тавараў і паслуг, у т. л. біржавых тавараў, фондавых каштоўнасцей і валюты, у кожны канкрэтны момант на рынку. Вызначацца на аснове попыту і прапаноў.

т. 13, с. 515

РЫ́НАЧНАЯ ЭКАНО́МІКА,

сістэма арганізацыі эканам. дзейнасці, заснаваная на таварна-грашовых адносінах, разнастайнасці форм уласнасці, свабоднай канкурэнцыі паміж вытворцамі і спажыўцамі. У межах Р.э. абмен рэсурсамі ці іх размеркаванне ажыццяўляецца пераважна на аснове рыначных цэн, якія фарміруюцца ў залежнасці ад попыту і прапаноў. Механізм Р.э. грунтуецца на сістэме рынкаў (таварных, рабочай сілы, капіталаў, каштоўных папер, жылля і інш.). Для Р.э. характэрна дэцэнтралізацыя кіравання: планаванне вытв-сці ажыццяўляецца суб’ектамі гаспадарання, а не органамі дзярж. кіравання. Гал. ўмова Р э. — свабода прадпрымальніцтва, вытворчага і спажывецкага выбару, заснаваных на эканам. інтарэсах. Вытворцы зацікаўлены ў максімалізацыі прыбытку, спажыўцы — у аптымізацыі сваёй выгады пры набыцці неабходных тавараў і паслуг. Сутыкненне гэтых інтарэсаў складае сутнасць рыначнай канкурэнцыі. Акрамя свабоднай Р.э., заснаванай на рыначнай канкурэнцыі без умяшання ў працэсы куплі-продажу органаў дзярж. кіравання і ўлады, існуе змешаная Р.э., пры якой дзейнасць прыватных суб’ектаў гаспадарання кіруецца рыначным механізмам, а органы дзярж. кіравання ўздзейнічаюць на эканам. працэсы эканам. і адм. метадамі рэгулявання. Эканоміка многіх дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь, спалучае рысы рыначнай і адм.-каманднай эканомікі. Гэта абумоўлена тым, што і рыначным, і камандна-адм. метадам кіравання ўласцівы пэўныя недахопы, уздзеянне якіх аслабляецца ва ўмовах змешанай эканомікі.

Літ.:

Фишер С., Дорнбуш Р, Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ. М., 1999;

Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;

Рыночное реформирование экономики Беларуси. Мн., 1996;

Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.

А.​І.​Лучанок.

т. 13, с. 515

РЫ́НАЧНЫЯ ЦЭ́НЫ, раўнаважныя цэны,

цэны на тавары і паслугі, якія фарміруюцца пад уздзеяннем законаў попыту і прапаноў. У адрозненне ад дзярж. фіксаваных цэн Р.ц. складваюцца без непасрэднага ўмяшання дзярж. органаў. Дынаміка Р.ц. адлюстроўвае кан’юнктуру рынку, забяспечвае раўнавагу паміж попытам і прапановамі, прадухіляе дэфіцыт ці перавытворчасць тавараў і паслуг. Працэс пераходу ад дзярж. фіксаваных цэн да Р.ц. называюць лібералізацыяй цэн.

т. 13, с. 515