РЫ́МША (Андрэй) (каля 1550, в. Пенчын Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — пасля 1599),
бел. паэт. Заснавальнік панегірычнай паэзіі ў стараж. бел. л-ры. Паводле некат. звестак вучыўся ў Астрожскай школе на Валыні. З 1572 служыў у кн. Радзівілаў. Удзельнік ваен. паходаў. З 1582 жыў у маёнтку Дзявенішкі Ашмянскага пав., пасля быў падстаростам у мяст. Біржы. У 1581 выдаў у Астрогу на Валыні вершаваную «Храналогію» (фактычна памесячны каляндар) на бел. мове. Аўтар панегірычных вершаў на гербы магнатаў А.Валовіча (1585), Л.Сапегі (1588), Ф.Скуміна (1591), паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла...» (Вільня, 1585). Паэма — значная з’ява ў бел. паэзіі канца 16 ст. Яна сведчыць пра ўменне Р. ствараць буйнамаштабныя, складаныя па кампазіцыі творы. Пераклаў з лац. на польскую мову і выдаў твор А.Поляка «Хараграфія, або Тапаграфія... святой зямлі» (Вільня, 1595). На лац. мову вершы Р. пераклаў С.Рысінскі (у «Дзвюх кнігах пісьмаў Саламона Пантэра» 1587).
Тв.:
У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры Мн., 1959. С. 327—330;
У кн.: Archiwum literackie. T. 16. Miscellanea staropolskie. 4. Wroclaw etc., 1972.
Літ.:
Порецкий Я. Неизвестные стихи Андрея Рымши // Нёман. 1969. № 2;
Кавалеў С.В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст. Мн., 1993;
Sajkowski A. Od Sierotki do Rybenki: W kręgu radziwiłłowskicgo mecenatu. Poznań, 1965. S. 9—22.
І.У.Саламевіч.
т. 13, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)