Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РУ́СКАЯ ПРА́ЎДА,

помнік стараж. права часоў Кіеўскай Русі і феад. раздробленасці. Вядома больш за 100 яе спісаў, якія зберагліся ў летапісных і інш. зб-ках 13—17 ст. Тэксты Р.П. падзяляюцца на 3 рэдакцыі — Кароткую, Падрабязную і Скарочаную. Кароткая праўда (11 ст.) складаецца з Праўды Яраслава і Праўды Яраславічаў. Ў 1-ю ўключаны нормы звычаёвага права 9—10 ст., дзе яшчэ захавалася роўная адказнасць за злачынствы супраць усіх вольных людзей; у 2-й выкладзены нормы права 11 ст., у якіх адлюстроўвалася класавае расслаенне грамадства, правы і прывілеі феадалаў, вызначалася, што мера пакарання залежыць ад сац. становішча пацярпелага. У Падрабязную праўду ўвайшлі перапрацаваныя нормы Кароткай і некат. законы і суд. пастановы 12—13 ст. Яна рэгулявала праваадносіны развітога феад. грамадства, вызначала прывілеі пануючага класа, абмяжоўвала правы залежных катэгорый насельніцтва, адлюстроўвала паступовае заняволенне закупаў і смердаў, замацоўвала бяспраўнае становішча халопаў; змяшчала шмат норм крымінальнага, цывільнага і працэсуальнага права. Скарочаная праўда перапрацавана з аднаго са спісаў Падрабязнай у 15 ст. для патрэб Маскоўскай дзяржавы, шырокага ўжытку не мела. Р.П. зрабіла значны ўплыў на развіццё рас., укр., бел. і літ. права (Судзебнік 1468).

Публ.: Правда Русская. Т. 1—3. М.; Л., 1940—63.

Літ.:

Тихомиров М.Н. Исследование о «Русской Правде»: Происхождение текстов. М.; Л., 1941;

Яго ж. Пособие для изучения Русской Правды. М., 1953.

І.​А.​Юхо.

т. 13, с. 465

«РУ́СКАЯ ПРА́ЎДА» Песцеля, «Руская праўда, ці Запаветная дзяржаўная грамата вялікага народа расійскага, якая з’яўляецца запаветам для ўдасканалення Расіі і змяшчае верны наказ як для народа, так і для часовага вярхоўнага праўлення»,

праграмны дакумент Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў. Распрацавана П.І.Песцелем да 1824. Прадугледжвала ліквідацыю прыгону, надзяленне сялян зямлёй пры частковым захаванні памешчыцкага землеўладання, абвяшчэнне Расіі рэспублікай, роўнасць усіх грамадзян перад законам, ліквідацыю саслоўяў, гарантыю грамадз. свабод: слова, друку, сходаў і інш. Паводле «Р.п.», уся паўната заканадаўчай улады ў краіне павінна належаць аднапалатнаму народнаму вечу, выканаўчая ўлада — Дзярж. думе. Упершыню надрукавана ў 1906 П.​Е.​Шчогалевым.

т. 13, с. 465

РУ́СКАЯ РАЎНІ́НА,

назва Усходне-Еўрапейскай раўніны на тэр. Расіі.

т. 13, с. 465

РУ́СКАЯ РЫСІ́СТАЯ ПАРО́ДА лёгказапражных коней.

Выведзена ў Расіі ў 19 ст. скрыжаваннем арлоўскай рысістай пароды і амерыканскіх рысакоў. Зацверджана ў 1949. Выкарыстоўваецца ў племянной рабоце і конным спорце. На Беларусі гадуюць на Гомельскім конным з-дзе.

Коні буйныя (выш. ў карку да 163 см), сухой канстытуцыі, з добра развітой мускулатурай. Масць гнядая, радзей вараная, рыжая. шэрая.

М.​А.​Гарбукоў.

Руская рысістая парода коней.

т. 13, с. 465

РУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ 1-га ІНТЭРНАЦЫЯНА́ЛА,

арганізацыя расійскіх эмігрантаў у Жэневе (Швейцарыя) ў 1870—72. Засн. ў канцы 1869 — пач. 1870, уваходзілі М.​І.​Уцін, В.І. і К.​Р.​Барценевы, бел. рэвалюцыянер А.Д.Трусаў, Г.В.Корвін-Крукоўская і інш. У Ген. Савеце Інтэрнацыянала 1-га Рус. секцыю прадстаўляў К.Маркс. Статут і праграма секцыі былі блізкія да праграмных дакументаў Інтэрнацыянала. Яе члены прытрымліваліся рэв.-дэмакр. поглядаў, першымі сярод рас. рэвалюцыянераў паставілі пытанне пра стварэнне ў Расіі рабочых саюзаў і партыі. Яны падтрымлівалі сувязі з рэв. падполлем Расіі, удзельнічалі ў рабочым руху Швейцарыі, дапамагалі Марксу і Ф.Энгельсу змагацца з анархізмам у Інтэрнацыянале, друкавалі на рус. мове працы Маркса, М.​Г.​Чарнышэўскага, І.​Ф.​Бекера і інш. У 1872 секцыя спыніла існаванне; яе б. члены, у т. л. Трусаў, падтрымлівалі сувязі з Марксам, выдавалі рэв. л-ру.

Літ.:

Козьмин Б.П. Русская секция Первого Интернационала. М., 1957;

Шпадарук И.П. Русская секция I Интернационала и ее социологические воззрения. Мн., 1970.

т. 13, с. 465

РУ́СКАЯ ЦЭНТРАЛІЗАВА́НАЯ ДЗЯРЖА́ВА Расійская дзяржава, Рускае царства,

шматнацыянальная манархічная дзяржава, якая ўзнікла ў канцы 15 — пач. 16 ст. ў выніку далучэння да Маскоўскага вялікага княства зямель і княстваў Паўн.-Усх. Русі. Маскоўскі вял. кн. Іван III [1462—1505] першы пачаў называць сябе вял. князем і «гасударам усяе Русі». Вярх. ўлада ў дзяржаве належала вял. князю, з 1547 — цару. Дарадчы орган — Баярская дума, з 1549 склікаліся земскія саборы. Тэр. Р.ц.дз. ў 1550-я г. складала каля 3 млн. км², насельніцтва — 7—9 млн. чал. (рускія, татары, удмурты, мары, мардва, чувашы, карэлы і інш.). Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Расія.

т. 13, с. 465

РУ́СКАЯ ЦЯЖКАВО́ЗНАЯ ПАРО́ДА коней.

Выведзена ў Расіі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем мясц. коней з ардэнскай і інш. цяжкавознымі пародамі. Зацверджана ў 1952. На Беларусі гадуюць на Мсціслаўскім конным з-дзе Магілёўскай вобл.

Коні масіўныя, моцнай канстытуцыі, рухавыя, выш. ў карку 150—156 см. Галава сярэдняй велічыні, лоб шырокі, шыя і спіна кароткія, грудзі шырокія і глыбокія. Ногі моцныя, сухія. Масць рыжая, гнядая. Трывалыя, непатрабавальныя да ўмоў утрымання, даўгавечныя (выкарыстоўваюцца да 25 гадоў). Грузападымальнасць да 26 т. Пладавітыя, добрай малочнасці.

М.​А.​Гарбукоў.

Руская цяжкавозная парода коней.

т. 13, с. 466

РУ́СКА-АЗІЯ́ЦКІ БАНК,

самы буйны акцыянерны камерц. банк у Рас. імперыі. Засн. ў 1910 на базе Руска-кіт. і Рус. паўн. банкаў пры ўдзеле франц. манаполій. Спецыялізаваўся на крэдытаванні буйных прадпрыемстваў ваен., нафтавай, тытунёвай прам-сці, трансп. машынабудавання, залатых прыіскаў і інш. Да 1914 баланс банка складаў 675 млн. руб. (15% усяго балансу рас. акцыянерных камерц. банкаў). У 1917 меў 116 філіялаў, у т. л. за мяжой (у Кітаі, Манголіі, Індыі і інш.). На Беларусі аддзяленне Р.-А.б. дзейнічала да 1-й сусв. вайны (баланс 13,1 млн. руб.; 1914). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 банк нацыяналізаваны і ўвайшоў у склад адзінага Нар. банка Сав. рэспублікі.

т. 13, с. 458

РУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ І ДАГАВО́РЫ 1824, 1832, 1854, 1867.

Рэгулявалі пытанні двухбаковых адносін паміж Рас. імперыяй і ЗША: тэр., гандл., навігацыйныя і інш. Канвенцыя 1824 Аб вызначэнні граніцы расійскіх уладанняў у Паўночнай Амерыцы падпісана 17 крас. у Пецярбургу (перагаворы вяліся па ініцыятыве Расійска-амерыканскай кампаніі з 1808). Па 54°40 паўн. ш. была ўстаноўлена граніца, на Пн ад якой амерыканцы, а на Пд — рускія абавязваліся не пасяляцца; рыбная лоўля і плаванне ўздоўж берагоў па Ціхім ак. былі абвешчаны на 10 гадоў адкрытымі для суднаў абедзвюх дзяржаў. Дагавор 1832 Аб гандлі і навігацыі падпісаны 18 снеж. ў Пецярбургу. У яго аснову пакладзены прынцып узаемнага спрыяння ў адносінах свабоднага заходу суднаў ЗША і Расіі ў гавані і парты, мытных збораў, пошлін і фрахтаў; жыхарам абедзвюх дзяржаў дазвалялася гандляваць усюды, дзе дапускаўся іншаземны гандаль. Дагавор прадугледжваў пашырэнне прывілеяў, якія адзін з бакоў даваў якой-н. нацыі ў галіне гандлю і навігацыі, на іншы дагаворны бок. Дзейнічаў да 1911. Канвенцыя 1854 аб марскім нейтралітэце падпісана 22 ліп. ў Вашынгтоне ва ўмовах Крымскай вайны 1853—56, была накіравана гал. чынам супраць варожых дзеянняў брыт. і франц. флоту, якія істотна шкодзілі гандлю Расіі з замежнымі краінамі, у т. л. з ЗША.

Расія і ЗША прызнавалі за суднамі ўсіх нейтральных краін права на перавозку тавараў грамадзян ваюючых краін (у т. л. Расіі), а таксама права грамадзян нейтральных дзяржаў перавозіць свае тавары на суднах ваюючых краін (гэтыя тавары ў выпадку захопу судна непрыяцелем не маглі быць захоплены або канфіскаваны і не лічыліся ваен. кантрабандай).Дагавор 1867 Аб продажы Расіяй сваіх паўночна-амерыканскіх уладанняў ЗША (гл. Вашынгтонскі дагавор 1867).

Літ.:

Дипломатический словарь. 4 изд. М., 1985. Т. 2. С. 479-481.

т. 13, с. 459

РУ́СКА-АНГЛІ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ НА МО́РЫ 1807—12,

марская вайна паміж Расіяй і Вялікабрытаніяй, выкліканая далучэннем Расіі (паводле Тыльзіцкага міру 1807) да абвешчанай Напалеонам I кантынентальнай блакады Вялікабрытаніі. Аб’яўлена Расіяй 7.11.1807 пасля нападу ў жн. 1807 брыт. эскадры на г. Капенгаген і захопу англічанамі амаль усяго дацкага флоту. Мела характар асобных баявых сутыкненняў невял. сіл у Атл. ак., Міжземным, Адрыятычным, Балт., Баранцавым і Белым морах; ад буйных бітваў і рашучых дзеянняў абодва бакі ўстрымліваліся. Брыт. флот блакіраваў рас. і замежныя порты, дзе знаходзіліся рас. караблі, нападаў на прыбярэжныя раёны, захопліваў і тапіў гандл. судны Расіі. Найб. значныя падзеі блакада ў ліст. 1807 — жн. 1808 брыт. флотам рас. эскадры віцэ-адм. Дз.​М.​Сянявіна ў порце Лісабон, пасля якой рас. судны да канца вайны знаходзіліся пад брыт. кантролем; няўдалая атака 29.5.1809 брыт. эскадрай атрада рас. ваен. суднаў у порце Трыест; уварванне ў чэрв.—вер. 1809 брыт. флоту ў Фінскі заліў. Вайна прычыніла вял. шкоду эканоміцы Расіі. Пасля ўварвання войск Напалеона I у Расію (чэрв. 1812) яна выйшла з рэжыму кантынент. блакады і 28.7.1812 падпісала ў швед. г. Эрэбру мірны дагавор з Вялікабрытаніяй.

т. 13, с. 459