Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РА́СТРАВЫЯ АПТЫ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

клас аптычных сістэм з вял. колькасцю дробных адтулін, лінзаў, люстэркаў, прызмаў і інш. элементаў, размешчаных на агульнай паверхні (гл. Растр).

Адрозніваюць рэгулярныя і нерэгулярныя Р.а.с. Рэгулярныя сістэмы бываюць лінейныя (растр з паралельных ліній), радыяльныя (элементы «разбягаюцца» прамянямі з агульнага цэнтра), кальцавыя (утвараюцца кальцавымі зонамі) і інш. Найб. пашыраны Р.а.с. з пастаянным перыядам чаргавання элементаў на агульнай плоскасці. Выкарыстоўваюцца ў паліграфіі, высокаскарасной кіназдымцы, аб’ёмнай фатаграфіі, рэнтгенаграфіі і інш.

т. 13, с. 366

РА́СТРАВЫЯ ГРАФІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

комплекс апаратна-праграмных сродкаў увядзення, апрацоўкі, захоўвання і ўзнаўлення аптычных відарысаў.

Зыходны 2-мерны відарыс дыскрэтызуецца з дапамогай растравага сканера і пераўтвараецца ў лічбавы відарыс у выглядзе матрыцы элементаў (пікселаў). Для каляровых відарысаў дадаткова праводзіцца колерадзяленне і фарміруюцца асобныя матрыцы для кожнага з асн. колераў. Для такога пераўтварэння 3-мерных відарысаў найб. пашыраны метад сячэння зыходнага аб’екта паралельнымі плоскасцямі і фарміравання паслядоўнасці 2-мерных матрыц, а таксама метад 2-мернага растравага ўвядзення эквівалентных светлавых ліній на паверхні аб’екта. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах тэхн. зроку ў робататэхніцы, медыцыне, паліграфіі, лёгкай прам-сці і інш, Гл. таксама Лічбавая апрацоўка відарысаў.

На Беларусі Р.г.с. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

В.​К.​Ерахавец.

т. 13, с. 366

«РАСТРАПА́ДКА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4, тэмп жвавы. Назва ад растрапаць, трапаць. Выконваецца пад песню. Мае сольны імправіз. характар; кожны танцор імкнецца найлепш паказаць свае здольнасці. Зафіксаваны ў 1930-я г. ў беларусаў Лудзенскага пав. (цяпер Лудзенскі р-н, Латвія).

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 13, с. 366

РАСТРАПО́ВІЧ (Мсціслаў Леапольдавіч) (н. 27.3.1927, Баку),

расійскі віяланчэліст, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1961), Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме, Франц. акадэміі прасторавых мастацтваў і інш. Скончыў Маск. кансерваторыю (1946, кл. віяланчэлі ў С.​Казалупава, кл. кампазіцыі ў В.​Шабаліна, кл. інструментоўкі ў Дз.​Шастаковіча), у 1948—74 выкладаў у ёй (з 1960 праф.), адначасова з 1961 — у Ленінградскай кансерваторыі. З 1950-х г. вёў канцэртную дзейнасць як віяланчэліст, у т. л. на Беларусі. У 1962—74 дырыжор, у т. л. ў Вял. т-ры ў Маскве. З 1974 за мяжой (у 1978—90 Р. і яго жонка Г.​Вішнеўская былі пазбаўлены грамадзянства СССР). У 1977—94 узначальваў Нац. сімф. аркестр ЗША (Вашынгтон). Р. пашырыў межы віяланчэльнага мастацтва. Яго выкананне адметнае маштабнасцю, драматызмам, эмацыянальнасцю, інтэлектуальнасцю і глыбінёй разумення аўтарскай задумы. У рэпертуары класічныя, а таксама творы выдатных кампазітараў 20 ст., большасць з якіх прысвечана яму і ўпершыню ім выканана: Б.​Брытэна, Р.​Гліэра, А.​Жаліве, М.​Мяскоўскага, С.​Пракоф’ева, Л.​Піпкава, У.​Пістана, Л.​Фоса, А. і К. Хачатуранаў, Б.​Чайкоўскага, Шабаліна, Шастаковіча, А.​Шнітке, Р.​Шчадрына і інш. Выступаў у ансамблі з буйнейшымі музыкантамі свету. Дырыжыраваў вядомымі сімф. аркестрамі свету. Арганізатар Сусв. кангрэса віяланчэлістаў (1997, С.-Пецярбург). Першыя прэміі Усесаюзнага конкурсу музыкантаў (1945, Масква), Міжнар. конкурсу імя Г.​Вігана (1950, Прага). З 1970-х г. праводзіцца Міжнар. конкурс імя Р. (Парыж). Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэміі Расіі 1991, 1995.

Літ.:

Гайдамович Т.А. Мстислав Ростропович. М., 1969;

Хентова С.М. Ростропович. СПб., 1993;

Грум-Гржимайло Т.Н. Ростропович и его современники. М., 1997.

Н.​В.​Шпянёва.

т. 13, с. 366

РАСТРА́ТА,

гл. ў арт. Прысваенне або растрата.

т. 13, с. 367

РАСТРЫ́РАВАННЕ,

працэс ператварэння тонавага відарыса ў растравы. Робіцца пры дапамозе праекцыйнага і кантактнага растраў або электронным спосабам. У выніку Р. атрымліваецца мікраштрыхавы відарыс, які складаецца з маленькіх, розных па памерах кропак з аднолькавымі адлегласцямі паміж іх цэнтрамі. Участкі яго з больш буйнымі кропкамі выглядаюць цямнейшымі (цёмныя тоны), з дробнымі — святлейшымі (светлыя тоны).

Пры Р. з праекцыйным растрам ёй змяшчаецца ў рэпрадукцыйным фотаапараце паміж фотаматэрыялам і аб’ектывам. Пры фатаграфаванні прамяні святла ад арыгінала праходзяць праз аб’ектыў, на растры расшчапляюцца на асобныя элементы (кропкі) і ствараюць на фотаматэрыяле адпаведны відарыс. Пры Р. з кантактным растрам ён знаходзіцца ў кантакце з фотаслоем з аднаго боку і з тонавым негатывам або дыяпазітывам — з другога. Святло, праходзячы праз растр, разбіваецца на асобныя светлавыя пучкі рознай яркасці, якія ўтвараюць на святлоадчувальным матэрыяле кропкі розных памераў. Пры электронным Р. тонавы відарыс ператвараецца ў мікраштрыхавы пры дапамозе разгорткі і пры фарміраванні імпульсных сігналаў у электронным вылічальным прыстасаванні, якое кіруе святлозапісвальным прыстасаваннем. У аўтаматызаваных сістэмах электроннай перапрацоўкі ілюстрацый Р. адбываецца па сігналах растравых працэсараў пры вывадзе растравых відарысаў на лазерныя прынтэры і экспануючыя прыстасаванні.

У.​М.​Сацута.

Растрыраванне: а — у высокім друку; б — у плоскім; в — у глыбокім; 1 — тонавы арыгінал; 2 — друкарскія формы; 3 — адбіткі.

т. 13, с. 367

РАСТРЭ́ЛІ ((Rastrelli) Барталамео Карла) (1675, г. Фларэнцыя, Італія —29.11.1744),

італьянскі скульптар, прадстаўнік барока. Каля 1700 пасяліўся ў Парыжы, працаваў у манум. скульптуры, якая вызначалася павышанай дэкаратыўнасцю (надмагілле маркіза дэ Пампон у царкве Сен-Мэры, 1703—06, не захавалася). У 1716 па запрашэнні Пятра I прыехаў у Пецярбург для выканання скульпт. і арх. работ, стварэння садоў, фантанаў, тэатр. механізмаў, дэкарацый і навучання гэтаму рус. майстроў. Фактычна працаваў у галіне скульптуры. Барочную параднасць і пышнасць, імкненне перадаць фактуру матэрыялу спалучаў з праўдзівасцю і пераканаўчасцю характарыстыкі мадэлі: партрэты А.​Д.​Меншыкава (1716—17), Пятра I (1723), невядомага (магчыма, аўтапартрэт, 1732), Ганны Іаанаўны з арапчонкам (1733—41). Аўтар коннай статуі Пятра I у Пецярбургу (1743—44, устаноўлена ў 1800 перад Інжынерным замкам). Удзельнічаў у афармленні Вял. каскада ў Пецяргофе (маскароны і інш., 1721—23), у стварэнні мадэлі Трыумфальнага стаўпа ў гонар Пятра I і Паўн. вайны (пачаты ў 1721).

Літ.:

Архипов Н.И., Раскин А.Г. Бартоломео Карло Растрелли, 1675—1744. Л.;

М., 1964;

Петинова Е.Ф. Бартоломео Карло Растрелли. Л., 1979.

Б.К.Растрэлі. Партрэт А.​Д.​Меншыкава. 1716—17.

т. 13, с. 367

РАСТРЭ́ЛІ ((Rastrelli) Варфаламей Варфаламеевіч) (Барталамео Франчэска; 1700, Парыж — 1771),

расійскі архітэктар, прадстаўнік рус. барока сярэдзіны 18 ст. Па паходжанні італьянец. Сын Б.​К.​Растрэлі. У 1716 прыехаў з бацькам у Пецярбург. Вучыўся за мяжой, магчыма, у Італіі (паміж 1725—30). У 1730—63 прыдворны архітэктар. Раннія пабудовы блізкія рус. архітэктуры 1-й пал. 18 ст. (палацы Бірона ў Рундале, 1736—40, і Елгаве, 1738—40, абодва Латвія). Традыцыі архітэктуры еўрап. барока пераасэнсаваны Р. пад уплывам рус. нац. маст. культуры. Для пабудоў характэрны прасторавы размах арх. ансамбля, выкарыстанне званіц, купалаў, ганкаў, тонкіх калонак і інш.; расфарбоўка сцен, пазалота, расл. матывы ў дэкоры (Андрэеўская царква ў Кіеве, праект 1747, пабудавана ў 1748—67 арх. І.​Мічурыным). У 1747—52 будаваў Вял. палац у Петрадварцы. Творы 1750—60-х г. набылі большую пластычнасць, рэльефнасць арх. форм, складаны рытм каланад, прасторавы размах у іх спалучаецца з выразнасцю аб’ёмаў, строгасцю планаў: Вял. (Кацярынінскі) палац у Пушкіне, палацы Варанцова (1749—57), Строганава (1752—54) у Пецярбургу і інш. Магутнасцю і веліччу вылучаюцца гар. ансамблі Смольнага манастыра і Зімняга палаца ў Пецярбургу.

Літ.:

Денисов Ю.М., Петров А.Н. Зодчий Растрелли. Л., 1963;

Овсянников Ю. Ф.​Б.​Растрелли. Л., 1982.

В.В.Растрэлі.
В.Растрэлі. Андрэеўская царква ў Кіеве.

т. 13, с. 367

РАСТЭРМІНО́ЎКА,

1) спосаб аплаты тавараў або паслуг, пры якім плацяжы ажыццяўляюцца не ў поўнай суме іх кошту, а па частках. Пры Р. плацяжу паміж контрагентамі ўзнікаюць крэдытныя абавязацельствы. У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. найб. пашырана пры продажы рознічных тавараў у крэдыт.

2) У цывільным працэсуальным заканадаўстве суд, які пастанавіў рашэнне, правамоцны па заяве асоб, што ўдзельнічаюць у справе, зыходзячы з матэрыяльнага становішча бакоў або інш. акалічнасцей, растэрмінаваць або адтэрмінаваць выкананне рашэння. Такія заявы разглядаюцца ў суд. пасяджэнні. Пры наяўнасці акалічнасцей, якія ўскладняюць выкананне рашэння або робяць яго немагчымым, суд. выканаўца можа паставіць перад судом пытанне аб адтэрміноўцы або Р. выканання.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 367

РАСУ́Л РЗА (сапр. Рзаеў Расул Ібрагім аглы; 19.5.1910, г. Геакчай, Азербайджан — 1.4.1981),

азербайджанскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Азербайджана (1944). Нар. паэт Азербайджана (1960). Герой Сац. Працы (1980). Вучыўся ва Усерас. дзярж. ін-це кінематаграфіі (1935—37). У 1965—81 гал. рэдактар Азерб. сав. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1927. У зб-ках вершаў і апавяд. «Бессмяротныя героі» (1942), «Лютасць і каханне» (1943) тэма Вял. Айч. вайны. Аўтар паэм «Ленін» (1950; Дзярж. прэмія СССР 1951), «Лейлі і Меджнун» (1973), паэт. зб. «Супраць ветру» (1978), п’ес, перакладаў і інш. Асобныя яго творы на бел. мову пераклаў М.​Танк.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1975;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1982.

Літ.:

Алибекова Г.С. Всегда в пути: Жизнь и творчество Расула Рзы. М., 1972.

т. 13, с. 368