РАСТРАПО́ВІЧ (Мсціслаў Леапольдавіч) (н. 27.3.1927, Баку),
расійскі віяланчэліст, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1961), Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме, Франц. акадэміі прасторавых мастацтваў і інш. Скончыў Маск. кансерваторыю (1946, кл. віяланчэлі ў С.Казалупава, кл. кампазіцыі ў В.Шабаліна, кл. інструментоўкі ў Дз.Шастаковіча), у 1948—74 выкладаў у ёй (з 1960 праф.), адначасова з 1961 — у Ленінградскай кансерваторыі. З 1950-х г. вёў канцэртную дзейнасць як віяланчэліст, у т. л. на Беларусі. У 1962—74 дырыжор, у т. л. ў Вял. т-ры ў Маскве. З 1974 за мяжой (у 1978—90 Р. і яго жонка Г.Вішнеўская былі пазбаўлены грамадзянства СССР). У 1977—94 узначальваў Нац. сімф. аркестр ЗША (Вашынгтон). Р. пашырыў межы віяланчэльнага мастацтва. Яго выкананне адметнае маштабнасцю, драматызмам, эмацыянальнасцю, інтэлектуальнасцю і глыбінёй разумення аўтарскай задумы. У рэпертуары класічныя, а таксама творы выдатных кампазітараў 20 ст., большасць з якіх прысвечана яму і ўпершыню ім выканана: Б.Брытэна, Р.Гліэра, А.Жаліве, М.Мяскоўскага, С.Пракоф’ева, Л.Піпкава, У.Пістана, Л.Фоса, А. і К. Хачатуранаў, Б.Чайкоўскага, Шабаліна, Шастаковіча, А.Шнітке, Р.Шчадрына і інш. Выступаў у ансамблі з буйнейшымі музыкантамі свету. Дырыжыраваў вядомымі сімф. аркестрамі свету. Арганізатар Сусв. кангрэса віяланчэлістаў (1997, С.-Пецярбург). Першыя прэміі Усесаюзнага конкурсу музыкантаў (1945, Масква), Міжнар. конкурсу імя Г.Вігана (1950, Прага). З 1970-х г. праводзіцца Міжнар. конкурс імя Р. (Парыж). Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэміі Расіі 1991, 1995.
Літ.:
Гайдамович Т.А. Мстислав Ростропович. М., 1969;
Хентова С.М. Ростропович. СПб., 1993;
Грум-Гржимайло Т.Н. Ростропович и его современники. М., 1997.
Н.В.Шпянёва.
т. 13, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)