Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РАМО́НАЧНІК,

род кветкавых раслін сям. складанакветных; тое, што пірэтрум.

т. 13, с. 302

РАМО́НТ (франц. remonte ад remonter паправіць, папоўніць, зноў сабраць),

сукупнасць тэхніка-эканам. і арганізац. мерапрыемстваў, звязаных з падтрыманнем і частковым або поўным аднаўленнем спажывецкай вартасці асн. фондаў (сродкаў вытв-сці) ці прадметаў асабістага карыстання. Бывае бягучы, сярэдні і капітальны.

Р. тэхн. аб’ектаў (канструкцый, машын, вырабаў) робяць з мэтай аднаўлення іх спраўнасці і работаздольнасці. Бягучы Р. праводзяць пры неабходнасці ліквідацыі адказаў і няспраўнасці абсталявання. Уключае ліквідацыю дробных пашкоджанняў заменай або аднаўленнем асобных вузлоў і дэталей, рэгуліровачныя работы. Сярэдні Р. вядуць для аднаўлення зрасходаванага рэсурсу машын, абсталявання. Уключае частковую разборку прыстасавання, устараненне выяўленых дэфектаў, капітальны Р. асобных частак. Капітальны Р. прадугледжвае поўную разборку і дэфектацыю агрэгатаў, машын, абсталявання, замену або аднаўленне ўсіх зношаных дэталей, вузлоў і механізмаў, іх зборку, комплексную праверку, рэгуліроўку і выпрабаванне. Р. бягучы звычайна выконвае абслуговы персанал, сярэдні і капітальны — спецыялізаваныя службы і прадпрыемствы; асабістыя прадметы рамантуюць пераважна службы быт. абслугоўвання.

А.​Я.​Вакар.

т. 13, с. 303

РАМОНТАПРЫДА́ТНАСЦЬ,

адна з асн. уласцівасцей надзейнасці вырабаў, якая характарызуе іх прыстасаванасць да прадухілення, адшукання і ліквідацыі прычын і наступстваў пашкоджанняў (адказаў) правядзеннем прафілактычных работ і рамонтаў. Вызначаецца затратамі працы, часу і сродкаў на падтрыманне і аднаўленне работаздольнасці вырабу. Забяспечваецца пры яго праектаванні і вырабе адпаведным выбарам канструкцыі, асн. вузлоў (частак) і выкананнем тэхналогіі вытв-сці. Р. вырабу ў працэсе яго эксплуатацыі падтрымліваецца рацыянальнай сістэмай тэхн. абслугоўвання.

т. 13, с. 303

РАМО́НТ СТА́ТКА,

сістэма мерапрыемстваў па адборы, вырошчванні і ўводзе ў статак маладых жывёл. Праводзіцца з мэтай павелічэння статка, паляпшэння яго прадукцыйнасці, замены жывёл. Маладняк, які выкарыстоўваюць для Р.с., называюць рамонтным. Пры адборы рамонтнага маладняку ўлічваюцца пародныя і прадукц. якасці бацькоўскай пары, паказчыкі асабістага развіцця (хуткасць росту, устойлівасць да хвароб і інш.). У малочнай жывёлагадоўлі штогод для Р.с. пакідаюць не менш як 30% цялушак і праводзяць адбор пасля першага ацёлу. У свінагадоўлі штогод для Р.с. на адну асн. матку вырошчваюць адну рамонтную, якіх выбракоўваюць пасля першага апаросу. У авечкагадоўлі для папаўнення статка штогод пакідаюць 25—30% маладняку.

П.​Ф.​Драбышэўскі.

т. 13, с. 303

РАМО́Н-І-КАХА́ЛЬ ((Ramón y Cajal) Сант’яга) (1.5.1852, Петылья-дэ-Арагон, Іспанія — 17.10.1934),

іспанскі гістолаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1909) і Парыжскай АН (1916). Скончыў Сарагоскі ун-т (1873). З 1877 праф. Сарагоскага, з 1884 — Валенсійскага, з 1887 — Барселонскага, у 1892—1922 — Мадрыдскага ун-таў. Арганізатар і кіраўнік лабараторыі біял. даследаванняў Мадрыдскага ун-та. Навук. працы па анатоміі і гісталогіі нерв. сістэмы. Адкрыў адросткі нерв. клетак — дэндрыты і неўрыты (аксоны), выканаў класічныя працы па вывучэнні мікраскапічнай структуры сятчаткі вока, спіннога мозга, мазжачка і інш. аддзелаў галаўнога мозга. Прасачыў працэсы дэгенерацыі і рэгенерацыі нерв. валокнаў, эмбрыянальнага гістагенезу. Стварыў нейронную тэорыю будовы нерв. сістэмы. Нобелеўская прэмія 1906 (разам з К.Гольджы).

А.С.Леанцюк.

С.Рамон-і-Кахаль.

т. 13, с. 302

Рамон Ілан

т. 18, кн. 1, с. 443

РАМО́ЎШ ((Ramovš) Фран) (14.9.1890, Любляна — 16.9.1952),

славенскі філолаг-славіст. Правадз. чл. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1938). Д-р філалогіі (1914). У 1910—14 вучыўся ў Венскім і Грацкім ун-тах. З 1919 праф. Люблянскага ун-та. З 1942 акадэмік-сакратар, з 1950 прэзідэнт Славенскай акадэміі навук і мастацтваў. Вывучаў гіст. граматыку славенскай мовы і дыялекталогію. Склаў «Дыялекталагічны атлас славенскай мовы», «Атлас славенскіх дыялектаў» (абодва 1931). Выдаў «Кароткую гісторыю славенскай мовы» (1936), падрыхтаваў навук. выданне «Брыжынскія помнікі» (1937, з М.​Косам). Складальнік і рэдактар некалькіх выданняў «Славенскага правапісу» (1935—50). Збіраў матэрыялы для акад. слоўніка славенскай мовы, запісваў фальклор.

І.​А.​Чарота.

т. 13, с. 303

РА́МПА (ад франц. rampe схіл, пакатасць),

1) канструкцыя для перамяшчэння трансп. сродкаў паміж двума рознымі ўзроўнямі з нахілам, магчымым для іх руху. Выкарыстоўваецца для падымання грузаў на чыг. платформу, заезду пагрузачна-разгрузачных машын на склады, пераходу цягнікоў метрапалітэна з паверхні зямлі пад зямлю, для пераходу на асн. магістраль у месцах развязкі руху у двух узроўнях і інш. (гл. таксама Апарэль, Пандус).

2) Асвятляльнае прыстасаванне, размешчанае на падлозе тэатр. сцэны па яе пярэднім краі, а таксама мяжа паміж глядзельнай залай і сцэнай.

т. 13, с. 303

РАМСЕ́С II (троннае імя Усер-маат-Расатэп-ен-Ра),

старажытнаегіпецкі фараон [1290—1224 да н.э.] XIX дынастыі. Пры ім Егіпет дасягнуў значнай магутнасці. Працягваў палітыку свайго бацькі Сеці I, аднавіў уладу Егіпта ў Палесціне. Ваяваў з хетамі (у выніку бітвы каля Кадэша спыніў далейшае прасоўванне хецкага войска), у 1278 да н.э. падпісаў з імі мірны дагавор, чым забяспечыў Егіпту на доўгі час стабільнасць. Перанёс сваю рэзідэнцыю з Фіваў у паўн.-ўсх. Дэльту, пабудаваў «Пер-Рамсес» («Дом Рамсеса», цяпер рыбацкае паселішча Сан-эль-Хагор у Егіпце). Вёў вял. буд-ва: храмы ў Абідасе, Фівах, пячорныя храмы Абу-Сімбел, прыбудовы да храмаў у Карнаку, Луксоры і інш.

Літ.:

Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр. М., 1992. С. 226—249.

т. 13, с. 303

РАМЯЗЫ́,

вёска ў Ельскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Чэрцень, на аўтадарозе Ельск—Лельчыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на З ад горада і чыг. ст. Ельск, 192 км ад Гомеля. 510 ж., 230 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 303