РАМО́Н-І-КАХА́ЛЬ ((Ramón y Cajal) Сант’яга) (1.5.1852, Петылья-дэ-Арагон, Іспанія — 17.10.1934),
іспанскі гістолаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1909) і Парыжскай АН (1916). Скончыў Сарагоскі ун-т (1873). З 1877 праф. Сарагоскага, з 1884 — Валенсійскага, з 1887 — Барселонскага, у 1892—1922 — Мадрыдскага ун-таў. Арганізатар і кіраўнік лабараторыі біял. даследаванняў Мадрыдскага ун-та. Навук. працы па анатоміі і гісталогіі нерв. сістэмы. Адкрыў адросткі нерв. клетак — дэндрыты і неўрыты (аксоны), выканаў класічныя працы па вывучэнні мікраскапічнай структуры сятчаткі вока, спіннога мозга, мазжачка і інш. аддзелаў галаўнога мозга. Прасачыў працэсы дэгенерацыі і рэгенерацыі нерв. валокнаў, эмбрыянальнага гістагенезу. Стварыў нейронную тэорыю будовы нерв. сістэмы. Нобелеўская прэмія 1906 (разам з К.Гольджы).