Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ (Усевалад Аляксандравіч) (10.4.1895, г. Пушкін Ленінградскай вобл — 31.8.1977),

рускі паэт і перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). Друкаваўся з 1910. У зб-ках «Вялікая Мядзведзіца» (1926), «Гранітны сад» (1929), «...Зямное сэрца» (1933), «Акно ў сад» (1939) пісаў пра жыццё ў краіне, дзеячаў рус. культуры. Зб-кі «Голас Радзімы» (1943), «Ладага» (1945), «Родныя дарогі» (1947) пра падзеі Вял. Айч. вайны. Лірыка 1950—70-х г. прысвечана паўн. прыродзе і Ленінграду. Аўтар кніг пра А.​Пушкіна («Чытаючы Пушкіна», 1962), мемуараў. З канца 1920-х г. перакладаў бел. паэзію. У 1930-я г. наведваў Беларусь, сустракаўся з бел. пісьменнікамі. На рус. мову пераклаў больш за 60 вершаў Я.​Купалы, яго паэмы «Яна і я», «Тарасова доля», драму «Раскіданае гняздо» (з П.​Кабзарэўскім). Я.​Купалу прысвяціў некалькі вершаў і артыкулаў. Пераклаў таксама вершы Ф.​Багушэвіча, Цёткі, П.​Глебкі, У.​Дубоўкі, К.​Кірэенкі, М.​Лужаніна, П.​Панчанкі, М.​Танка і інш. На бел. мову яго творы перакладалі Р.​Баравікова, А.​Вялюгін, Дубоўка, В.​Зуёнак, Г.​Кляўко, Р.​Няхай, У.​Паўлаў, Я.​Сіпакоў, М.​Танк і інш.

Тв.:

Избранное. Т 1—2. Л., 1974;

В созвездии Пушкина М., 1972;

Страницы жизни. 2 изд. М., 1974;

Город на Неве. 2 изд. Л., 1978;

Бел. пер. — у кн.: Паэты Ленінграда. Мн., 1948;

У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.

Літ.:

Васильева И.А. Всеволод Рождественский: Очерк жизни и творчества. Л., 1983;

Лиокумович Т. Поэзия Янки Купалы в русских переводах // Мастерство перевода. Сб. 12. 1979. М., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 250

РА́ЖКА,

у беларусаў пасудзіна для кармлення жывёлы; бандарны выраб. Падобна да цэбра, але меншых памераў (ёмістасць 15—20 л). Рабілі Р. з кароткіх клёпак, па форме — цыліндрычную ці крыху расшыраную ўверсе. Нярэдка мела ножкі, утвораныя трыма падоўжанымі клёпкамі. Яшчэ 2 больш доўгія клёпкі выступалі зверху і мелі адтуліны, утвараючы вушкі для пяньковай ці лыкавай почапкі. Звычайна ў Р. таўклі параную бульбу і замешвалі паўвадкі корм для свіней. У наш час амаль выйшла з ужытку.

В.​С.​Цітоў.

Ражка.

т. 13, с. 250

РАЖКО́ВАЕ ДРЭ́ВА, цэратонія струкавая (Ceratonia siliqua),

кветкавая расліна сям. бабовых. Адзіны від роду. Пашырана ў Міжземнамор’і. Трапляецца на камяністых схілах, у цяснінах, лясах з вечназялёных дубоў, ядлоўцаў і хвоі. Культывуецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. Афрыцы, Міжземнамор’і, Індыі.

Вечназялёнае дрэва выш. 6—15 м з шарападобнай кронай. Жыве 200—300 гадоў. Лісце шчыльнае, перыстае. Кветкі дробныя, сабраныя ў гронкі Плод — струк. Струкі Р.д. (цараградскія, або кіпрскія, рожкі) даўж. 10—25 см, маюць сакавітую, салодкую (да 50% цукру) мякаць, якая спажываецца ў ежу, ідзе на корм жывёле, з яе гатуюць сок, сіроп, сыравіну для атрымання спірту. Падпражанае насенне — сурагат кавы. Семя мае пастаянную масу (каля 200 мг), таму са стараж. часу яго выкарыстоўвалі як адзінку вагі (карат) у ювелірнай справе. Р.д. таксама наз. адзін з відаў роду празопіс.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 250

РАЖКО́Ў (Вячаслаў Зіноўевіч) (н. 20.2.1924, в. Блудніца Шуйскага р-на Іванаўскай вобл., Расія),

бел. жывапісец, майстар лакавай мініяцюры. Скончыў Палехскае маст. вучылішча (1948). З 1961 у Мінску. Творы вылучаюцца арыгінальнасцю малюнка, вытанчанасцю кампазіцыі Аўтар пано «Царэўна-лебедзь» (1950), «Лукамор’е», «За зямлю рускую» (абодва 1982), «Казка пра цара Салтана», «Канёк-гарбунок» (абодва 1985), «Дзмітрый Данскі» (1986), «Руслан і Людміла» (1989); куфэркаў «Тарас Бульба», «Багатырская слава» (абедзве 1953), «Паядынак» (1972), «Тройка» (1981); пласцін «Мцыры» (1960), «Беларускі Сусанін» (1964); пейзажаў «Бабіна лета» (1986), «Восень» (1989), «Бярозавы гай» (1990), «Карагод» (1991), «Перад навальніцай» (1997); нацюрмортаў.

Літ.:

В.​З.​Рожков: Искусство Палеха. Живопись. Мн., 2001.

Г.​А.​Фатыхава.

т. 13, с. 250

Ражкоў Леанід Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 442

Ражкоў Яўген Назаравіч

т. 18, кн. 1, с. 442

РАЖНО́ВА (Ніна Аляксандраўна) (н. 1.12.1919, г. Пенза, Расія),

бел. піяністка. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1947). З 1947 педагог і канцэртмайстар муз. вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі, з 1950 канцэртмайстар Маскоўскага муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. У 1954—90 канцэртмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Вяла канцэртную дзейнасць.

А.​Я.​Ракава.

т. 13, с. 250

РА́ЖСКІ (Георгій Георгіевіч) (12.2.1895, в. Ігнацьева Маскоўскай вобл. — 20.10.1952),

расійскі мастак. Засл. дз. маст. Расіі (1944). Правадз. чл. АМ СССР (1949). Вучыўся ў Маскве ў прыватных студыях (з 1912), Дзярж. свабодных маст. майстэрнях (1918—20). Чл. аб’яднанняў «Новае т-ва жывапісцаў» (1922), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1923). У 1934—52 выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це імя В.​Сурыкава. Ствараў пераважна партрэты жанчын: «Рабфакаўка» (1926), «Дэлегатка» (1927), «Старшыня» (1928), «Калгасніца-брыгадзір», «Чувашка-настаўніца» (абодва 1932).

Літ.:

Г.​Г.​Ряжский: Избр. произв. [Альбом]. М., 1958.

Г.Ражскі. Дэлегатка. 1927.

т. 13, с. 250

РАЗА́К (Stratiotes),

род кветкавых раслін сям. жабнікавых. 1 від — Р. звычайны, або алоэпадобны (S. aloides). Пашыраны ў Еўразіі. Трапляецца ў прэсных стаячых і слабапраточных водах, утварае зараснікі, якія прыводзяць да абмялення вадаёмаў. На Беларусі расце ў старыцах, рачных затоках, азёрах.

Шматгадовыя алушчаныя ў ваду (усплываюць у час цвіцення) травяністыя расліны выш. 15—45 см. Лісце сабранае ў разетку, лінейна-ланцэтнае, цвёрдае, з пілаватым краем, якім лёгка парэзацца (адсюль назва). Кветкі аднаполыя, белыя, даволі буйныя. Плод — ягадападобны. Кармавыя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Разак звычайны.

т. 13, с. 251

РАЗА́К для тэрмічнай рэзкі, прыстасаванне для падводу падагравальнага полымя і рэжучага струменя кіслароду ў зону рэзкі металу пры кіслароднай рэзцы, а таксама флюсу — пры кіслародна-флюсавай рэзцы; прыстасаванне, што падводзіць ток да электрода, падае ахоўны і рабочы газ у зону рэзкі пры плазменна-дугавой рэзцы; прыстасаванне для падводу току да электрода і падачы паветра ў зону рэзкі металу пры паветрана-дугавой рэзцы.

Разак для тэрмічнай (кіслароднай) рэзкі: 1 — кісларод; 2 — гаручы газ; 3 — гаручая сумесь.

т. 13, с. 251