РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ (Усевалад Аляксандравіч) (10.4.1895, г. Пушкін Ленінградскай вобл — 31.8.1977),

рускі паэт і перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). Друкаваўся з 1910. У зб-ках «Вялікая Мядзведзіца» (1926), «Гранітны сад» (1929), «...Зямное сэрца» (1933), «Акно ў сад» (1939) пісаў пра жыццё ў краіне, дзеячаў рус. культуры. Зб-кі «Голас Радзімы» (1943), «Ладага» (1945), «Родныя дарогі» (1947) пра падзеі Вял. Айч. вайны. Лірыка 1950—70-х г. прысвечана паўн. прыродзе і Ленінграду. Аўтар кніг пра А.​Пушкіна («Чытаючы Пушкіна», 1962), мемуараў. З канца 1920-х г. перакладаў бел. паэзію. У 1930-я г. наведваў Беларусь, сустракаўся з бел. пісьменнікамі. На рус. мову пераклаў больш за 60 вершаў Я.​Купалы, яго паэмы «Яна і я», «Тарасова доля», драму «Раскіданае гняздо» (з П.​Кабзарэўскім). Я.​Купалу прысвяціў некалькі вершаў і артыкулаў. Пераклаў таксама вершы Ф.​Багушэвіча, Цёткі, П.​Глебкі, У.​Дубоўкі, К.​Кірэенкі, М.​Лужаніна, П.​Панчанкі, М.​Танка і інш. На бел. мову яго творы перакладалі Р Баравікова, А.​Вялюгін, Дубоўка, В.​Зуёнак, Г.​Кляўко, Р.​Няхай, У.​Паўлаў, Я.​Сіпакоў, М.​Танк і інш.

Тв.:

Избранное. Т 1—2. Л., 1974;

В созвездии Пушкина М., 1972;

Страницы жизни. 2 изд. М., 1974;

Город на Неве. 2 изд. Л., 1978;

Бел. пер. — у кн.: Паэты Ленінграда. Мн., 1948;

У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.

Літ.:

Васильева И.А. Всеволод Рождественский: Очерк жизни и творчества. Л., 1983;

Лиокумович Т. Поэзия Янки Купалы в русских переводах // Мастерство перевода. Сб. 12. 1979. М., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)