самабытны тып аркестра медных духавых інструментаў. Вядомы ў Расіі ў сярэдзіне 18—1-й пал. 19 ст. Упершыню створаны ў Пецярбургу чэш. валтарністам Я.А.Марашам, прыдворным капельмайстрам аркестра С.К.Нарышкіна. Не меў аналага ў зах.-еўрап. краінах. На Беларусі быў у Шклоўскім тэатры Зорыча.
Складаўся з удасканаленых паляўнічых рагоў розных памераў (ад 9,5 да 225 см), якія выраблялі з ліставой медзі, мелі канічную форму і парабалічна загнуты канец трубкі каля муштука. Р.а. поўнага складу ўключаў 91 рог, кожны з якіх выдаваў адзін гук пэўнай вышыні. Гучанне Р.а., магутнае і разам з тым мяккае, аксамітавае, вібрыраванае, нагадвала гучанне своеасаблівага аргана. Напачатку Р.а. абслугоўвалі прыдворныя святы, балі, прагулкі «на вадзе», феерверкі, маскарады, паляўнічыя выезды, суправаджалі серэнады. У канцы 18 — пач. 19 ст. іх выкарыстоўвалі ў публічных тэатр. пастаноўках і канцэртах. Часта былі адзінымі выканаўцамі інстр. музыкі ў правінцыяльных гарадах і памешчыцкіх сядзібах. Лепшыя Р.а. мелі даволі багаты і разнастайны рэпертуар — ад апрацовак нар. песень і танцаў да оперных уверцюр, сімфоній. Як спецыфічная з’ява муз. культуры знік у 1830-я г.
РАГАЗНЯ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Збунінскае возера. У Брэсцкім р-не, у бас.р. Серадовая Рэчка, за 30 км на Пд ад г. Брэст. Уваходзіць у Брэсцкую групу азёр. Пл. 0,43 км², даўж. 1,1 км, найб.шыр. 500 м, найб.глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 3 км². Катлавіна суфазійна-карставага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. 3—4 м, пад лесам, на Пн і У акаймаваны дзюнамі. Берагі высокія, на З сплавінныя. Дно плоскае, пясчанае, сапрапелістае. Шырыня мелкаводнай зоны да 100 м. Зарастае ўздоўж берагоў. Злучана канавай з воз. Белае, выцякае ручай у р. Серадовая Рэчка. На беразе возера санаторый «Бярэсце».
РАГАЛЕ́ВІЧ (Міхаіл Вікенцьевіч) (н. 29.9.1932, пас. Глінішчы Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1964). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Сярод жывапісных твораў: «Вечар» (1968), «Спі маленькі» (1971), «Беларусачка», «У памяці жывых» (абодва 1975), «Вясковая вуліца», «Які прыгожы гэты свет» (абодва 1977), «Антось і Ганна», «Фізік-тэарэтык» (абодва 1978), «У святочны вечар» (1979), «Восень» (1980), «Веснавая краса», «Збіраюць яблыкі» (абодва 1981), «Беларуская калыханка» (1982), «Дзяўчына і ружы», «Мір», «Журавіны» (усе 1983), «Свята», «Спрадвечнае», «Успаміны», «Светлы сум» (усе 1985), «Гонар беларускай навукі», трыпціх «Красуйся і ў шчасці жыві» (1987), «Маладая сям’я» (1988), «Сімфонія вясны» (1989), «Пра час і пра сябе», «Элегія» (абодва 1992), «Філасофія прыроды» (1999), «У садзе» (2000). Выканаў шэраг графічных партрэтаў. Творы адметныя самабытнасцю маст. мовы, маляўнічай дэкаратыўнасцю, чысцінёй колераў, выразнай контурнай лініяй.
РАГАЛЕ́ВІЧ-ДУТКО́ (Ірэна Міхайлаўна) (н. ў 1942, в. Літоўе Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастачка ў эміграцыі. Пляменніца Н.Кудасавай. З 1944 разам з бацькамі жыла ў Германіі. З 1950 у ЗША, дзе скончыла маст. школу ў штаце Пенсільванія. Як дызайнер спецыялізуецца ў графіцы. Малюе таксама алеем, акварэллю. Аформіла шэраг выданняў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, брашур, каталогаў, календароў, праспектаў і інш. рэкламнай прадукцыі. Намалявала абразы для бел.правасл. царквы ў Саўт-Рыверы. Арганізатар і ўдзельнік традыц.маст. выставак у г. Саўт-Рывер. Адказвала за маст. праграму бел. фестываляў у штаце Нью-Джэрсі (1976, 1977, 1979). Член кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў у Саўт-Рыверы.
род кветкавых раслін сям. рагаліснікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды Р.; апушчаны (C. demersum) і паўапушчаны, нар. назва вадзяная крапіва (C. submersum). Растуць у азёрах, сажалках, старыцах, канавах, утвараюць зараснікі.
Шматгадовыя водныя травяністыя бескаранёвыя расліны. Сцёблы тонкія, галінастыя, даўж. да 1,5 м. Лісце ў кальчаках, шматразова рассечана на лінейныя або ніткападобныя храсткаватыя долі. Кветкі дробныя, непрыкметныя, аднаполыя (апыленне падводнае). Плод — арэшак. Кармавыя расліны для рыб і вадаплаўных птушак.
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталася больш за 150 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Ажахоўскія, Завадскія, Іваноўскія, Красіцкія. Шчыт герба падзелены вертыкальна напалам, у 1-м, чырв. полі сярэбраны аленевы рог з 4 адросткамі, у 2-м, сярэбраным полі чырв. буйвалавы рог. Клейнод — над прылбіцай з каронай такія ж самыя рогі. Вядомы з сярэдзіны 13 ст.
РАГАНО́ЎСКІ (Мікалай Максімавіч) (н. 24.8.1942, с. Новасімбірка Кувандыкскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія),
бел. матэматык і педагог. Д-рпед.н. (1999), праф. (1996). Скончыў Орскі пед.ін-т (1964). З 1972 у Магілёўскім ун-це. Навук. працы па інтэграцыйных падыходах, сучасных сістэмах і тэхналогіях у навучанні матэматыцы. Аўтар падручнікаў па геаметрыі для сярэдніх школ з паглыбленым вывучэннем матэматыкі.
Тв.:
Методика преподавания математики в средней школе. Мн., 1990;
Научно-методические основы построения учебника геометрии средней школы. Мн., 1992.
РАГАЎЦО́Ў (Мікалай Мікалаевіч) (н. 18.5.1947, в. Старая Каменка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне оптыкі і прыкладной матэм. фізікі. Д-рфіз.-матэм.н. (1995), праф. (2000). Скончыў БДУ (1970). З 1979 у БПА. Навук. працы па тэорыі пераносу выпрамянення, скарыстанні ўласцівасцей і прынцыпаў інварыянтнасці пры рашэнні задач матэм. фізікі. Сфармуляваў прынцып інварыянтнасці як абагульненне асн. аспектаў тэарэтыка-групавога падыходу, на аснове чаго атрымаў рашэнні мнагамерных задач тэорыі пераносу, бесканечных лінейных сістэм алг. і Дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Тв.:
Восстановление внутреннего распределения поля излучения по его характеристикам на границах рассеивающей среды // Изв. АНСССР. Физика атмосферы и океана. 1980. Т. 16, №3;
Свойства и принципы инвариантности: Приложение к решению задач мат. физики. Ч. 1. Мн., 1999.
РАГАЎЦО́Ў (Уладзімір Мітрафанавіч) (н. 3.4.1943, в. Гута Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). З 1964 працуе ў Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівы акрэсленасць знешняга малюнка і распрацаванасць характару вобраза, шчырасць і эмацыянальнасць. Лепшыя ролі ў бел. рэпертуары: Прокусаў («Верачка» А.Макаёнка), Раман («І змоўклі птушкі» І.Шамякіна), Сцяпан («Людзі на балоце» І.Мележа), Скарына («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Красоўскі («Парог» А.Дударава), Максім («Выклік багам» А.Дзялендзіка), айцец Вікенцій («Пеўчыя» Г.Марчука), Ваявода («Князь Вітаўт» А.Дударава). Сярод. інш. роляў: Барыс, Мілонаў («Навальніца», «Лес», А.Астроўскага), Сорын, Кулыгін («Чайка», «Тры сястры» А.Чэхава), Сяргей («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.Арбузава), Цімафей («Традыцыйны збор» В.Розава), Карцаў («Яшчэ раз пра каханне» Э.Радзінскага), Ён («Віват, імператар!» Э.Іанеска), Сямёнаў («Піраміда Хеопса» Ю.Ломаўцава) і інш. Выступае на тэлебачанні з монаспектаклямі, на радыё. Зняўся ў фільмах «Людзі на балоце», «Трывожнае шчасце», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні», «Чужая бацькаўшчына», «Парашуты на дрэвах», «Помні імя сваё» і інш.