Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РАВО́К,

радовішча мелу ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл., паміж вёскамі Глушнева і Зуі. Пластавы паклад звязаны з адкладамі туронскага яруса (верхні мел). Мел белы, шаравата-белы, слаба сцэментаваны, участкамі трэшчынаваты, у верхняй ч. забруджаны абломкава-гліністым матэрыялам, у ніжняй ч. пласта з праслоямі мергелю. Паверхня няроўная, закарставаная. Разведаныя запасы 13,6 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы (ускрытая) 4,7—13,5 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,5—10,6 м. Мел прыдатны на выраб вапны, вапнавання кіслых глеб, мінер. падкормкі для с.-г. жывёл.

А.​П.​Шчураў.

т. 13, с. 193

РАВУ́ЦКІ (Васіль Іванавіч) (н. 6.12.1938, в. Колкі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ваен. тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1991). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1988). Вынаходнік СССР (1984). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча (1959). З 1962 у Мінскім вышэйшым інж. зенітна-ракетным вучылішчы ППА (у 1976—82 нач. кафедры, з 1982 нам. нач. вучылішча). Навук. працы па аналізе і сінтэзе складаных сістэм ваен. прызначэння. Аўтар навуч. дапаможнікаў.

Тв.:

Основы устройства и эксплуатации пункта управления и целераспределения. М., 1983;

Устройство и эксплуатация средств управления системой. М., 1992.

т. 13, с. 193

РАВУ́ЦКІ (Леў) (Ляўко) Мікалаевіч (20.2.1889, с. Іржавец Ічнянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 30.3.1977),

украінскі кампазітар, педагог, грамадскі дзеяч. Д-р мастацтвазнаўства (1941). Акад. АН УССР (1957). Нар. арт. СССР (1944). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1916, па класе кампазіцыі Р.Гліэра), з 1935 яе праф. Творчасці ўласцівы вернасць нац. і класічным традыцыям, апора на нар. мастацтва. Сярод твораў: кантата-паэма «Хусціна» (паводле Т.​Шаўчэнкі; з фп., 1923; з арк., 1944), 2 сімфоніі (1920, 2-я рэд. 1957; 1927, апошняя рэд. 1970), канцэрт для фп. з арк. (1934, 2-я рэд. 1963), хар. паэма «Ода песні» (1960), хар. і сольныя апрацоўкі ўкр. нар. песень. Дзярж. прэмія СССР 1941. Дзярж. прэмія Украіны 1966.

Літ.:

Бялик М.Г. Л.​Н.​Ревуцкий. М., 1963;

Шеффер Т. Л.​М.​Ревуцький. Київ, 1973.

Л.М.Равуцкі.

т. 13, с. 193

РАВУ́ЧАЕ ВО́ЗЕРА.

У Добрушскім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Ачоса, за 22 км на ПнУ ад г. Добруш. Пл. 0,87 км², даўж. 1,32 км, найб. шыр. 910 м, найб. глыб. 4 м, даўж. берагавой лініі 3,12 км. Пл. вадазбору 25 км². Схілы катлавіны выш. да 2 м, спадзістыя, пад хмызняком, часткова разараныя. Дно сапрапелістае. Упадае некалькі меліярацыйных канаў, сцёк па канаве ў р. Ачоса.

т. 13, с. 193

«РАВУ́ЧЫЯ САРАКАВЫ́Я»,

традыцыйная назва акіянскай прасторы ў 40-х шыротах Паўд. паўшар’я, дзе моцныя і ўстойлівыя зах. вятры і частыя штормы. Гэта тлумачыцца абсалютнай перавагай адкрытых акіянскіх прастораў і адсутнасцю перашкод для вятроў. Тыя ж кліматычныя асаблівасці характэрны і для 50-х шырот Паўд. паўшар’я.

т. 13, с. 193

Равяка Казімір Адамавіч

т. 18, кн. 1, с. 442

РАГАВА́,

вёска ў Мінскім р-не, на аўтадарозе Мінск—Паперня—Радашковічы. Цэнтр сельсавета. За 35 км на ПнЗ ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Радашковічы. 66 ж., 33 двары (2001). Лясніцтва. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных і мірных жыхароў.

т. 13, с. 193

РАГАВА́Я ПАДМА́НКА,

найбольш пашыраны пародаўтваральны мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, групы амфіболаў, гідраксідалюмасілікат кальцыю, магнію, жалеза, (NaK)0-1 (Ca, Na)2 (Mg, Fe​+, Al, Fe​3+, Ti)5 [(Si, Al)4 O11]2 (OH, F, Cl)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае крышталі прызматычныя, слупкаватыя, часцей зярністыя масы, украпаныя падоўжаныя зерні. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6. Шчыльнасць 3,1—3,3 г/см³. Крохкі. Адзін з гал. кампанентаў многіх вывергнутых і метамарфічных горных парод. Пры выветрыванні пераходзіць у сумесь гліністых мінералаў, апалу і гідраксідаў жалеза.

Рагавая падманка.

т. 13, с. 193

РАГАВІ́К,

шчыльная тонказярністая кантактава-метамарфічная парода, якая ўзнікла пры ўздзеянні інтрузіўных мас на ўмяшчальныя пароды (пераважна асадкавыя). Пераўтварэнне парод у Р. адбываецца з перабудовай структуры, з’яўленнем новаўтвораных мінералаў. Р. — таксама асадкавыя крамяністыя пароды з характэрным ракавістым зломам, з дамешкам гліны, гідраксідаў жалеза, якія ўтвараюць канкрэцыі, сцяжэнні, прапласткі ў карбанатных і гліністых адкладах.

т. 13, с. 193

РАГАВО́Й (Павел Пракопавіч) (16.6.1895, в. Навілаўка Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.12.1985),

бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Акад. АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1947), д-р с.-г. н., праф. (1943). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1923). З 1923 у Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі, з 1925 у БСГА. З 1930 у Бел. лесатэхн. ін-це (заг. кафедры). У 1958—62 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (дырэктар), у 1964—73 у Бел. тэхнал. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні глеб Беларусі, працэсаў глебаўтварэння і іх уплыве на ўрадлівасць, водных рэжымаў глебагрунтоў. Прапанаваў прынцыпы класіфікацыі глеб дзярнова-падзолістай зоны і поймавых глеб. Адзін са складальнікаў глебавай карты Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Почвы БССР. Мн., 1952 (у сааўт.);

Поймы рек Днепра, Сожа и Припяти (в пределах БССР) и их хозяйственное использование. Мн., 1957 (разам з І.​П.​Яновічам);

Водный режим почво-грунтов на территории Белоруссии. Мн., 1972.

Літ.:

Библиография научных трудов академика АН БССР П.​П.​Рогового. Мн., 1975.

П.П.Рагавой.

т. 13, с. 193