від зброі, заснаваны на выкарыстанні паскораных часціц высокіх энергій. Па сваіх уласцівасцях блізкая да прамянёвай зброі; вызначаецца больш эфектыўным паражэннем цэляў (аб’ектаў).
Прынцып дзеяння ўключае генерацыю, факусіроўку і навядзенне на цэль інтэнсіўнага імпульснага (ці неперарыўнага) пучка зараджаных часціц з энергіяй да 1 ГэВ (гл.Паскаральнікі зараджаных часціц). Паражальныя фактары: мех. пашкоджанні, падрыванне зараду боепрыпасаў, вывядзенне са строю электроннага абсталявання за кошт радыяцыйнага ўздзеяння і эфектаў эл.-магн. імпульсу. Выкарыстоўваецца ў комплексах стратэгічнай проціракетнай абароны, у т. л.касм. базіравання.
Літ.:
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986.
ПУЧКО́Ў (Анатоль Андрэевіч) (н. 20.4.1936, станіца Раднікоўская Курганінскага р-на Краснадарскага краю, Расія),
бел. вучоны ў галіне аўтаматызацыі машынабудавання. Канд.тэхн.н. (1970), праф. (1994). Скончыў Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (1958). З 1970 у Гомельскім тэхн. ун-це (у 1981—87 прарэктар). Навук. працы па аўтаматызацыі тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці. Прапанаваў аўтаматызаваную сістэму распрацоўкі нарматываў часу, сістэму аўтаматызаванага праектавання арганізацыі працы вытв. брыгады.
Тв.:
Базовая система микроэлементных нормативов времени. М., 1989;
Практикум по токарным робототехнологическим комплексам. Мн., 1992.
ПУЧКО́Ў (Герман Фёдаравіч) (н. 3.1.1936, с. Братаўшчына Пушкінскага р-на Маскоўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне суд. медыцыны. Д-рмед.н. (1979), праф. (1982). Засл. дз. нав. Беларусі (1997). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1960). З 1965 у Мінскім мед. ін-це (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па медыка-сац. аспектах смерці людзей у дзіцячым і юнацкім узросце, малекулярна-генет. ідэнтыфікацыі чалавека і біял. аб’ектаў.
Тв.:
Служебное и уголовное разбирательство профессиональных правонарушений медицинских работников // Организационно-правовые основы врачебной деятельности. Мн., 1991;
Исследование трупов новорожденных (разам з У.Р.Навуменкам) // Судебно-медицинское исследование трупа. М., 1991.
ПУЧЫ́НІ ((Puccini) Джакама) (22.12.1858, г. Лука, Італія —29.11.1924),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Муз. ін-це імя Дж.Пачыні ў г. Лука (з 1872), у Міланскай кансерваторыі (1880—83). Прыхільнік традыцый італьян. опернага мастацтва, найб. значны прадстаўнік верызму. Яго оперы вызначаюцца сцэнічнасцю, гнуткасцю і свабодай форм, узмоцненай роляй аркестра. У музыцы праўдзіва ўвасабляў карціны жыцця простых людзей, унутраны свет герояў. Апіраючыся на італьян.гар. песеннасць і традыцыі вак. стылю бельканта, стварыў яркі, эмацыянальны арыёзна-меладычны стыль. У шэрагу опер не пазбег меладраматызму і сентыментальнасці, характэрных верызму. Лепшыя оперы П. ўвайшлі ў сусв. оперны рэпертуар; сярод іх: «Вілісы» (паст. 1884), «Манон Леско» (паст. 1893), «Багема» (паст. 1896; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1968), «Тоска» (паст. 1900; у Дзярж. т-ры 1937, 1950, 1969), «Чыо-чыо-сан» (паст. 1904; у Дзярж. т-ры 1940, 1943, 1945, 1953), «Дзяўчына з Захаду» (паст. 1910); оперны трыпціх «Плашч», «Сястра Анджэліка», «Джані Скікі» (1918); «Турандот» (закончана Ф.Альфана, паст. 1926).
падняцце (успучванне) глеб і грунтоў у выніку іх расшырэння пры прамярзанні, набраканні і выцісканні. Характэрна для абласцей з суровым кантынентальным кліматам і наяўнасцю шматгадовамёрзлых горных парод. Трапляецца таксама ў арыдных умовах на засоленых глебах, дзе абумоўлена разбуханнем солей пры ўвільгатненні. Улічваецца пры буд-ве і эксплуатацыі прамысл. прадпрыемстваў, аўтадарог і чыгунак, нафта- і газаправодаў і інш.
тып гарматы для стральбы па наземных, надводных і паветраных цэлях. П. перасягаюць усе інш. тыпы артыл. гармат (гаўбіцы, марціры, мінамёты) па далёкасці стральбы (звычайна насцільнай).
Вядома з 14—15 ст. П. наз. таксама інш. гарматы, якія паводле характарыстык з’яўляліся марцірамі, напр., «Цар-пушка» (1586; рус. майстар А.Чохаў). Бываюць агульнага і спец. прызначэння (зенітныя, процітанкавыя і інш.). Маюць доўгі ствол (40—80 калібраў), пач. скорасць снарада да 1,5 км/с, далёкасць стральбы больш за 40 км. Для павелічэння далёкасці стральбы выкарыстоўваюць актыўна-рэактыўныя снарады. Паводле спосабу перамяшчэння адрозніваюць буксіравальныя, самарухальныя, самаходныя; могуць размяшчацца на танку, самалёце, караблі. Уваходзяць у склад танк., авіяцыйнай, карабельнай і берагавой артылерыі. Іл.гл. да арт.Артылерыя.
удзельнік антыфеад. вайны 1648—54 і паўстання 1657, палтаўскі палкоўнік (1648—58). Прыхільнік Б.Хмяльніцкага. У 1657 П. разам з кашавым Я.Барабашам узначаліў нар. паўстанне, якое вясной 1658 ахапіла ўсё паўд. левабярэжжа Украіны з цэнтрам у Палтаве. У маі 1658 гетман І.Я.Выгоўскі з наёмнай ням. пяхотай, атрадамі крымскіх татар і казакамі з Пераяслаўскага, Чарнігаўскага, Кіеўскага і Уманскага палкоў накіраваліся ў Палтаву. На дапамогу паўстанцам прыйшлі запарожскія казакі. Вырашальная іх бітва ў чэрв. 1658 з войскам Выгоўскага скончылася паражэннем паўстанцаў. П. загінуў у гэтым баі.
ПУШКА́Р (Мікалай Мікітавіч) (8.5.1919, г.п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 29.12.1993),
бел. мастак-кераміст. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Харкаўскае маст. вучылішча (1937). Яго работы выкананы ў мяккіх акруглых формах, з натуральных матэрыялаў (пераважна шамот, тэракота), вызначаюцца лірычнасцю, выразным псіхалагізмам, добрым веданнем нар. традыцый, часта гумарыстычнай трактоўкай сюжэтаў і персанажаў. Сярод твораў: «Беларуская бульба», «Браткі-беларусы» (абодва 1966), «Мы з табою, як рыбка з вадою», «Дамашняя баталія» (абодва 1975), «Паляшук-пясняр» (1976), «Дударыкі-дудары» (1978), «Кум і кума» (1979), «Палескія напевы» (1980), «Мой родны кут» (1981), «Сон палешука» (1982), «Гарманіст», «Музыка» (абодва 1983), «Несцерка» (1984), «Сямейны хор» (1985) і інш.
цэнтральная ваен. ўстанова ў Расіі ў 16—17 ст. Вядомы з 1577. Прыказу былі падначалены служылыя артылерысты («пушкары», адсюль назва прыказа), казённыя кавалі рас. гарадоў (акрамя гарадоў на паўд.засечных межах, паморскіх і сібірскіх). Загадваў вырабам, размеркаваннем і ўлікам артыл. гармат і боепрыпасаў (яму былі падначалены Гарматны двор, Гранатны двор і казённыя парахавыя млыны), кантраляваў стан крапасных умацаванняў большасці гарадоў і назіраў за станам засек. Прыказ узначальвалі баярын (радзей акольнічы) і 2 дзякі; падзяляўся на гарадавы, засечны і грашовы сталы. У 1678—82 часова ўваходзіў у склад Рэйтарскага прыказа. У 1701 на базе П.п. створаны Артыл. прыказ.
стаянка эпохі позняга палеаліту каля аднайм. вёскі ў Ноўгарад-Северскім р-не Чарнігаўскай вобл. Украіны, на правым беразе р. Дзясна. Існавала каля 25 тыс.г. назад. Раскопкамі адкрыты рэшткі доўгага наземнага жытла, пабудаванага з касцей, скуры і іклаў маманта, памерам 12 × 4 м з 3 паглыбленымі агнішчамі. На падлозе прасочаны маленькія ямкі-сховішчы. Знойдзены крамянёвыя пласціны і вастрыі з прытупленай спінкай, скрабкі, разцы, касцяная матыка, зуб чалавека.