ПУЧЫ́НІ ((Puccini) Джакама) (22.12.1858, г. Лука, Італія —29.11.1924),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Муз. ін-це імя Дж.​Пачыні ў г. Лука (з 1872), у Міланскай кансерваторыі (1880—83). Прыхільнік традыцый італьян. опернага мастацтва, найб. значны прадстаўнік верызму. Яго оперы вызначаюцца сцэнічнасцю, гнуткасцю і свабодай форм, узмоцненай роляй аркестра. У музыцы праўдзіва ўвасабляў карціны жыцця простых людзей, унутраны свет герояў. Апіраючыся на італьян. гар. песеннасць і традыцыі вак. стылю бельканта, стварыў яркі, эмацыянальны арыёзна-меладычны стыль. У шэрагу опер не пазбег меладраматызму і сентыментальнасці, характэрных верызму. Лепшыя оперы П. ўвайшлі ў сусв. оперны рэпертуар; сярод іх: «Вілісы» (паст. 1884), «Манон Леско» (паст. 1893), «Багема» (паст. 1896; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1968), «Тоска» (паст. 1900; у Дзярж. т-ры 1937, 1950, 1969), «Чыо-чыо-сан» (паст. 1904; у Дзярж. т-ры 1940, 1943, 1945, 1953), «Дзяўчына з Захаду» (паст. 1910); оперны трыпціх «Плашч», «Сястра Анджэліка», «Джані Скікі» (1918); «Турандот» (закончана Ф.​Альфана, паст. 1926).

Літ.:

Келдыш Т. Дж.​Пуччини. 2 изд. Л., 1968;

Левашева О. Пуччини и его современники. М., 1980.

Г.​С.​Глушчанка.

Дж.Пучыні.

т. 13, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)