Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАРАДЖЭ́ННЕ ПА́РЫ часціца-антычасціца,

адзін з відаў узаемапераўтварэння элементарных часціц, у якім у выніку эл.-магн. (ці інш.) узаемадзеяння адначасова ўзнікаюць часціца і антычасціца. Магчымасць Н.п. (і яе анігіляцыі) вынікае з рэлятывісцкага Дзірака ўраўнення. У 1933 І. і Ф.Жаліо-Кюры эксперыментальна выявілі Н.п. электрон-пазітрон гама-квантамі ад радыеактыўнай крыніцы.

Працэсы Н.п. адбываюцца ў кулонаўскім полі ядра атама пры энергіі фатона, якая перавышае падвоеную энергію спакою часціцы (паводле законаў захавання энергіі-імпульсу Н.п. адзінкавым фатонам немагчыма). Магчымы працэс Н.п. віртуальным фатонам (гл. Віртуальныя часціцы). Пры сутыкненнях часціц высокіх энергій назіраецца таксама працэс нараджэння мюонных пар. У адронных сутыкненнях Н.п. μ​+μ​ звязана з эл.-магн. анігіляцыяй кваркаў 1 антыкваркаў, якія ўваходзяць у склад адронаў, або з працэсамі канверсіі фатонаў тармазнога выпрамянення, утвораных пры сутыкненнях кваркаў з кваркамі ці глюонамі. Працэсы Н.п. μ​+μ​ вывучаюцца ў межах квантавай хромадынамікі і кваркпартоннай мадэлі (гл. Партоны).

В.І.Куўшынаў.

т. 11, с. 145

НА́РАДНАЯ,

гара ў Даследчым хр. Прыпалярнага Урала, на мяжы Рэспублікі Комі і Цюменскай вобл., Расія. Найб. высокая на Урале (1895 м). Складзена з кварцытаў і метамарфічных сланцаў. На схілах лісцевыя і бярозавыя рэдкалессі, вышэй — горная тундра, ледавікі.

т. 11, с. 145

НАРАДО́М СІЯНУ́К (н. 31.10.1922, Пнампень),

дзяржаўны дзеяч Камбоджы. Вучыўся ў В’етнаме і Францыі. У 1941—55 кароль Камбоджы, у сак. 1955 адрокся ад прастола на карысць бацькі Нарадома Сурамарыта. У 1955—60 прэм’ер-міністр Камбоджы, пасля смерці свайго бацькі (1960) кіраўнік дзяржавы. У 1970 скінуты ваеннымі. Узначальваў у Пекіне Каралеўскі ўрад нац. саюза Камбоджы. Пасля захопу ўлады ў крас. 1975 «чырвонымі кхмерамі» вярнуўся ў Камбоджу, дзе лічыўся ў 1975—76 кіраўніком дзяржавы, але фактычна знаходзіўся пад хатнім арыштам. У студз. 1979 вызвалены. Асудзіў у 1979 увод в’етн. войск у Камбоджу, у 1982—88 узначальваў Нар. нац. вызв. фронт, які вёў узбр. барацьбу супраць урада Нар. Рэспублікі Кампучыя. У кастр. 1991 вярнуўся ў Камбоджу, у 1991—93 старшыня Вярх. нац. савета. З вер. 1993 кароль Камбоджы.

т. 11, с. 145

НАРА́ДЫ ПРАДСТАЎНІКО́Ў КАМУНІСТЫ́ЧНЫХ І РАБО́ЧЫХ ПА́РТЫЙ,

форма ідэйна-паліт. сувязей паміж камуніст. і рабочымі партыямі і каардынацыі іх дзейнасці. Праводзяцца міжнар. нарады і сустрэчы, рэгіянальныя сустрэчы, двухбаковыя перагаворы, навук. канферэнцыі і сімпозіумы. Пашырыліся пасля роспуску Камуністычнага інтэрнацыянала, пераважна з 1950-х г. Найб. значэнне ў гісторыі міжнароднага камуністычнага руху мелі маскоўскія нарады: 14—16.11.1957, прадстаўлены 12 партый сацыяліст. краін, прынята Дэкларацыя; 16—19.11.1957, прадстаўлены 64 партыі, прыняты Маніфест міру; 10.11—1.12.1960, прадстаўлена 81 партыя, прыняты Заява камуніст. і рабочых партый (у абарону адзінства камуніст. руху) і Зварот да народаў свету; 15—17.6.1969, прадстаўлены 75 партый, прыняты выніковы дакумент «Задачы барацьбы супраць імперыялізму на сучасным этапе і адзінства дзеянняў камуністычных і рабочых партый, усіх антыімперыялістычных сіл», зварот «Аб 100-годдзі з дня нараджэння У.І.Леніна» і інш. Найважнейшыя рэгіянальныя нарады адбыліся ў Берліне (1976), Парыжы (1980), Буэнас-Айрэсе, Дамаску (абедзве 1984) і інш. На Міжнар. сустрэчы ў Афінах (чэрв. 1999) прадстаўлены 55 камуніст. і рабочых партый з 50 краін. У снеж. 1999 у г. Лімасол на Кіпры адбылася 2-я міжнар. сустрэча камуніст., левых і прагрэс. партый краін Еўропы, Б.Усходу і Міжземнамор’я, дзе былі прадстаўлены 49 арг-цый з 28 краін, у т. л. кампартыі Расіі, Украіны і Арменіі.

т. 11, с. 145

НАРАЗНА́Я ЗБРО́Я,

агнястрэльная зброя, паверхня канала ствала якой мае нарэзы (вінтавыя канаўкі) для надання снараду (кулі) вярчальнага руху, што забяспечвае ўстойлівасць траекторыі ў паветры, павышае скарастрэльнасць, далёкасць і кучнасць стральбы. Да Н.з. адносяцца: стралковая зброя (вінтоўкі, карабіны, аўтаматы, кулямёты, пісталеты), артыл. гарматы (пушкі, гаўбіцы, марціры, асобныя ўзоры мінамётаў і безадкатных гармат). Ручная Н.з. з прамымі нарэзамі з’явілася ў канцы 15 ст., гарматы (пішчаль і інш.) з прамымі нарэзамі вядомы з 16 ст. Значнае пашырэнне Н.з. атрымала ў сярэдзіне 19 ст. У сучасных гарматах армій большасці краін прынята правая нарэзка (злева ўверх направа), у франц. гарматах — левая (справа ўверх налева). Адлегласць паміж двума супрацьлеглымі палямі (па дыяметры) наз. калібрам зброі.

т. 11, с. 146

НАРАСІ́МХА РА́О (Памулапурці Венката) (н. 28.6.1921, г. Карымнагар, Індыя),

індыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Бамбейскі і Нагпурскі ун-ты. Чл. Індыйскага нац. кангрэса. З 1957 дэпутат Заканад. асамблеі штата Андхра-Прадэш. У 1962—71 чл. урада, у 1971—73 гал. міністр штата Андхра-Прадэш. З 1977 чл. інд. парламента (Лок Сабхі). У 1980—85 і 1988—90 міністр замежных спраў Індыі. У 1991—96 прэм’ер-міністр Індыі.

Дульная частка ствала наразной зброі.

т. 11, с. 146

НАРАСТА́ННЕ І СПАДА́ННЕ ФУ́НКЦЫІ,

павелічэнне (змяншэнне) значэнняў функцыі пры павелічэнні значэнняў яе аргумента. Функцыя y = 𝑓(x) наз. нарастальнай (спадальнай) на адрэзку

[a, b],

калі для любых x1 і x2, такіх, што ax1x2b, выконваецца няроўнасць 𝑓(x1) < 𝑓(x2) [адпаведна 𝑓(x1) > 𝑓(x2)]. Дыферэнцавальная функцыя з’яўляецца нарастальнай (спадальнай) на зададзеным інтэрвале, калі яе вытворная ў кожным пункце гэтага інтэрвалу дадатная (адмоўная). Напр., функцыя y = x2 спадае на інтэрвале (−∞,0) і нарастае на інтэрвале (0, +∞).

т. 11, с. 146

НА́РАЎ (Narew),

рака на Беларусі (у Пружанскім і Свіслацкім р-нах Гродзенскай вобл.) і ў Польшчы, правы прыток р. Зах. Буг (бас. р. Вісла). Даўж. 497 км (на Беларусі 44 км). Пл. вадазбору 74,8 тыс. км². Пачынаецца з вярхоўя Скаронава канала (Свіслацкі р-н) за 6 км на ПнУ ад в. Клепачы Пружанскага р-на, вусце на тэр. Польшчы. На Беларусі цячэ па Прыбугскай раўніне і праз Белавежскую пушчу. Даліна ў межах Беларусі амаль на ўсім працягу невыразная. Каналізавана 13 км рэчышча ад вытоку да вусця канала Матылёў Роў, на астатнім працягу яно звілістае, месцамі выраўнаванае, у ніжнім цячэнні зарэгулявана Загжынскім вадасх. (Польшча). Шыр. ракі ў межах 8—10 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 199 м³/с, у межах Беларусі — 5 м³/с.

т. 11, с. 146

НАРАЎЛЯ́НКА, Нароўля,

рака ў Мазырскім і Нараўлянскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 27 км. Пл. вадазбору 124 км². Пачынаецца за 3 км на ПдЗ ад в. Міхалкі Мазырскага р-на. Рэчышча ў ніжнім цячэнні на працягу 3 км каналізаванае. Пры ўпадзенні Н. ў Прыпяць г. Нароўля.

т. 11, с. 146

НАРАЎЛЯ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

бой падраздзяленняў 415-й стралк. дывізіі (палк. П.І.Машчалкоў) 61-й арміі Бел. фронту і 27-й Нараўлянскай партыз. брыгады імя Кірава (камандзір У.П.Яромаў) супраць ням.-фаш. захопнікаў за вызваленне г.п. Нароўля 28—30 ліст. ў Вял. Айч. вайну. У пасёлку знаходзілася каля 500 гітлераўцаў з 13 танкамі, 2 штурмавымі гарматамі «фердынанд», 2 бронемашынамі. 28 ліст. сав. дывізія фарсіравала р. Прыпяць і з Пд наблізілася да Нароўлі. Партызаны разведалі ўмацаванні праціўніка, наяўнасць і месцазнаходжанне яго агнявых кропак і разам з камандаваннем дывізіі распрацавалі план вызвалення Нароўлі. У ноч на 30 ліст. партызаны (камандзір П.І.Літоўскі) і падраздзяленні стралк. палка абышлі пасёлак з 3 і Пн і пачалі наступленне. Баючыся акружэння, праціўнік адступіў. Нароўля была вызвалена, захоплены ваен. склады праціўніка. Партызаны і часці Чырв. Арміі вызвалілі таксама в. Верхні і Ніжні Млынок, з дапамогай насельніцтва пабудавалі мост цераз Прыпяць.

Я.К.Габец.

т. 11, с. 146