Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРЫЕ́НА (Priēnē),

старажытнагрэчаскі горад на р. Меандр, на мысе Мікале ў М. Азіі. Засн. ў сярэдзіне 11 ст. да н.э.; уваходзіла ў саюз 12 іанійскіх гарадоў. У канцы 6 ст. да н.э. трапіла пад уладу Персіі. У 5 ст. да н.э. ў Складзе Дэлоскага саюза, потым — дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. належала Селеўкідам, пазней увайшла ў Пергамскае царства, потым — правінцыяльны горад Рым. імперыі і Візантыі. Росквіту дасягнула ў 4—1 ст. да н.э., калі была буйным гандл. і рамесніцкім цэнтрам.

П. мела прамавугольную сетку вуліц (сістэма Гіпадама). Падоўжныя вуліцы ішлі ўступамі; іх перасякалі 16 папярочных вуліц-лесвіц, што вялі ад падэшвы да вяршыні г. Мікале і падзялялі П. на роўныя прамавугольныя кварталы. У час раскопак адкрыты руіны будынкаў 4—2 ст. да н.э., размешчаных на тэрасах і ўмацаваных падпорнымі сценамі, у т. л. храмы Афіны (4 ст. да н.э., арх. Піфей) і Зеўса, эклесіястэрый (зала пасяджэнняў нар. сходу), тэатр, стадыён, 2 гімнасіі, рынкі, жылыя дамы перыстыльнага тыпу.

Прыена. Калоны храма Афіны. 4 ст. да н.э. Арх. Піфей.

т. 13, с. 65

ПРЫЕ́ШКІН (Валянцін Рыгоравіч) (н. 24.5.1951, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). З 1976 мастак Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Працуе ў галіне маст. керамікі. Творы вызначаюцца арыгінальнасцю колеравага вырашэння і фактуры матэрыялу. Аўтар дэкар. кампазіцый «Жнівень» (1979), «Кветкі» (1980), «Лісты з блакнота» (1981), «Горад на пяску», «Падарункі дзядзькі Антося» (абедзве 1983), «Арэлі» (1984), серыі рэльефаў «Апосталы» (1989), керамічных скульптур «Катапульта», «Каля крыніцы» (абедзве 1998) і інш. Выканаў дэкар. пластыку рэстарана «Мінск» у Патсдаме (Германія, 1977), скульптуры і вазы ў Палацы культуры ў г. Вілейка (1987), рэльеф у Палацы нафтавікоў у г. Наваполацк (1988), дэкар. пано, скульптуру і кафлі для інтэр’ера аптэкі № 137 у г. Барысаў, дэкар. пано для інтэр’ера рэстарана «Планета» (усе 1979), дэкар. скульптуры для залы камернай музыкі (1983), дэкар. пластыку ў кафэ «Батлейка» (1986, усе з М.​Байрачным), пано ў басейне «Гарызонт» (1989), серыю рэльефаў для рэзідэнцыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (усе ў Мінску), рэльефы «Пётр» і «Павел» для Пасольства Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь (усе 1998), керамічныя рэльефы і скульптуры для рэстарана «Заслаўе» (1989), камін і рэльефы для прафілакторыя Мін-ва ўнутр. спраў Беларусі (1995) у в. Ждановічы Мінскага р-на і інш.

Т.​С.​Мусінская.

В.Прыешкін. Апосталы. 1989.

т. 13, с. 65

ПРЫЁМНАЯ СЯМ’Я́,

форма ўладкавання і выхавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і П.с. ўтвараецца на падставе дагавора аб перадачы дзіцяці (дзяцей) у сям’ю і прац. дагавора, што заключаецца паміж органамі апекі і папячыцельства і прыёмнымі бацькамі (мужам і жонкай або асобнымі грамадзянамі, якія жадаюць узяць дзяцей на выхаванне ў сям’ю). На выхаванне ў П.с. перадаецца дзіця (дзеці), якое не дасягнула паўналецця, на тэрмін, прадугледжаны дагаворам. Парадак перадачы дзяцей у П.с., умовы, якім павінны адпавядаць прыёмныя дзеці і прыёмныя бацькі, вызначаны заканадаўствам. На ўтрыманне кожнага дзіцяці П.с. штомесяц выплачваюцца грашовыя сродкі ў парадку, вызначаным урадам.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 65

ПРЫЁМНАЯ ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ ТРУ́БКА,

электравакуумная прылада для пераўтварэння эл. сігналаў у бачны відарыс. Адрозніваюць П.т.т. для вяшчальнага і прыкладнога тэлебачання (кінескопы) і індыкатарныя радыёлакацыйныя, асцылаграфічныя і інш. Гл. таксама Электронна-прамянёвая трубка.

т. 13, с. 65

ПРЫЁМНА-ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНАЯ ЛЯ́МПА,

электронная лямпа, прызначаная ў асн. для ўзмацнення эл. сігналаў, пераўтварэння частаты, а таксама для генерыравання эл. ваганняў. дэтэктыравання (выпрамлення). Выкарыстоўваецца пры частотах, меншых за 300 МГц.

Бываюць прамога і ўскоснага напальвання катода; паводле колькасці электродаў падзяляюцца на дыёды, трыёды, тэтроды, пентоды, гептоды, актоды і інш.; паводле канструкцыі — шкляныя з цокалем ці без яго, звышмініяцюрныя, нувістары, маячковыя, металакерамічныя і інш., а таксама камбінаваныя, якія маюць у 1 балоне 2 (ці больш) сістэмы электродаў з незалежнымі электроннымі патокамі, напр., дыёд-трыёды, трыёд-пентоды. Да П.-ў.л. адносяць таксама электронна-светлавыя індыкатары, электраметрычныя лямпы і механатроны. З 1960-х г. П.-ў.л. замяняюцца паўправадніковымі прыладамі, аднак маюць шэраг пераваг перад імі: могуць працаваць у апаратуры пры ўздзеянні радыяцыі, павышаных т-р, а таксама ў апаратуры спец. прызначэння, напр., у выхадных каскадах магутных перадатчыкаў, апаратуры з малымі нелінейнымі скажэннямі, у т. л. студыйнай апаратуры гуказапісу.

т. 13, с. 65

ПРЫЁМНІКІ АПТЫ́ЧНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

прылады, у якіх змены стану адчувальных элементаў пад уплывам аптычнага выпрамянення (святла) служаць для выяўлення і вымярэння гэтага выпрамянення. Пераўтвараюць энергію выпрамянення ў інш. віды энергіі (цеплавую, эл., мех. і інш.), больш зручныя для непасрэдных вымярэнняў.

Асн. параметры: парогавая адчувальнасць (найменшы паток выпрамянення, які можна зарэгістраваць на фоне ўласных шумаў), каэфіцыент пераўтварэння (звязвае зыходны паток з выхадным сігналам), спектральная характарыстыка (залежнасць адчувальнасці прылады ад даўжыні хвалі выпрамянення) і інш. Бываюць неселектыўныя (адчувальнасць слаба залежыць ад даўжыні хвалі ў шырокім дыяпазоне) і селектыўныя (спектральная характарыстыка мае адметныя максімумы ці мінімумы). Паводле механізму пераўтварэння адрозніваюць цеплавыя (паглынанне энергіі вядзе да павышэння т-ры адчувальнага элемента, у выніку чаго змяняюцца інш. яго параметры), фотаэлектрычныя (непасрэдна пераўтвараюць эл.-магн. энергію ў электрычную), фотахімічныя (гл. Святлоадчувальнасць фатаграфічная) і пандэраматорныя (гл. Пандэраматорнае дзеянне святла). П.а.в. выкарыстоўваюцца ў асн. вузлах аўтам. сістэм кіравання, радыё- і оптаэлектронных апаратаў, таксама ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, астраноміі і інш.

т. 13, с. 65

ПРЫЁМНІКІ ГУ́КУ,

акустычныя прылады для ўспрымання гукавых сігналаў і пераўтварэння іх з мэтай вымярэння, перадачы, узнаўлення, запісу ці аналізу.

Найб. пашыраны П.г., што пераўтвараюць акустычны сігнал у эл. (гл. Электраакустычныя пераўтваральнікі). Да іх адносяцца мікрафоны, якія выкарыстоўваюцца ў паветры, гідрафоны (у вадзе), геафоны (у грунце). Асноўныя характарыстыкі П.г.: адчувальнасць, частотная характарыстыка, уласнае эл. супраціўленне, накіраванасць. У якасці П.г. можна разглядаць і органы слыху жывёл і чалавека, якія пераўтвараюць акустычныя сігналы ў нервовыя імпульсы, што перадаюцца ў цэнтры галаўнога мозга.

т. 13, с. 65

ПРЫЁНАВЫЯ ХВАРО́БЫ,

інфекцыйныя хваробы чалавека і жывёл, якія выклікаюцца асаблівымі бялкамі — прыёнамі. Крыніца інфекцыі для чалавека — мяса (магчыма, і малако) хворых кароў, для жывёл — харч. дабаўкі (касцявая або мясная мука, прыгатаваная з хворых жывёл). У чалавека П.х. выклікаюць павольнае згасанне рэфлексаў ног, гіпатанію, зніжэнне адчувальнасці, парушэнне голасу і глытання, развіццё слепаты, глухаты, расстройствы псіхікі і смерць ад маразму. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх месяцаў да дзесяткаў гадоў. Для чалавека апісаны 6 назалагічных форм П.х.: куру, хвароба Кройтцфельта—Якаба, амітрафічны лейкаспангіёз (апісаны на Беларусі В.А.Вацяковым, Х.А.Протасам, 1957), сіндром Герстмана—Страўслера, фатальная сямейная бяссонніца, прыёнасацыіраваная міяпатыя. У жывёл найб. вылучаюць спангіяформную энцэфалапатыю буйной рагатай жывёлы (т. зв. «шаленства кароў»), ад мяса якіх адбываецца заражэнне людзей (скрыты перыяд у людзей 5—35 гадоў). Захворванне абумоўлена губчастым перараджэннем галаўнога мозга. Дыягностыка П.х. праводзіцца на аснове клінічных даных, заражэння лабараторных жывёл, электроннай мікраскапіі і інш. Асн. прафілакт. мерапрыемствы — вет. нагляд.

Літ.:

Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990;

Шлопов В.Г. Прионовые инфекции: медико-социал. и экол. проблемы. Киев, 2000.

А.​Л.​Астапаў.

т. 13, с. 66

ПРЫЁНЫ,

асаблівыя бялкі, якія выклікаюць пашкоджанне нерв. сістэмы чалавека і жывёл з развіццём губчастага перараджэння галаўнога мозга; выклікаюць павольныя інфекцыі (гл. Прыёнавыя хваробы). Апісаны С.Прузінерам. Маюць форму бялковых фібрыл даўж. 50—500 нм. Асаблівасць П. (як узбуджальнікаў хвароб) — адсутнасць у іх структуры нуклеінавых к-т, устойлівасць да кіпячэння, дзеяння пары спірту (70 °C), яны інертныя да рэчываў, якія разбураюць нуклеінавыя к-ты. Аднак П. адчувальныя да дзеяння рэчываў, што інактывуюць бялкі.

А.​А.​Астапаў.

т. 13, с. 66

ПРЫЁР (ад лац. prior першы, важнейшы),

1) настаяцель невял. каталіцкага кляштара; вял. П. — службовая асоба ў духоўна-рыцарскіх ордэнах, рангам ніжэйшая за вял. магістра.

2) У Італіі і некаторых інш. краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі — выбарны кіраўнік купецкай або рамеснай гільдыі.

т. 13, с. 66