старажытнагрэчаскі горад на р. Меандр, на мысе Мікале ў М. Азіі. Засн. ў сярэдзіне 11 ст. да н.э.; уваходзіла ў саюз 12 іанійскіх гарадоў. У канцы 6 ст. да н.э. трапіла пад уладу Персіі. У 5 ст. да н.э. ў Складзе Дэлоскага саюза, потым — дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. належала Селеўкідам, пазней увайшла ў Пергамскае царства, потым — правінцыяльны горад Рым. імперыі і Візантыі. Росквіту дасягнула ў 4—1 ст. да н.э., калі была буйным гандл. і рамесніцкім цэнтрам.
П. мела прамавугольную сетку вуліц (сістэма Гіпадама). Падоўжныя вуліцы ішлі ўступамі; іх перасякалі 16 папярочных вуліц-лесвіц, што вялі ад падэшвы да вяршыні г. Мікале і падзялялі П. на роўныя прамавугольныя кварталы. У час раскопак адкрыты руіны будынкаў 4—2 ст. да н.э., размешчаных на тэрасах і ўмацаваных падпорнымі сценамі, у т. л. храмы Афіны (4 ст. да н.э., арх. Піфей) і Зеўса, эклесіястэрый (зала пасяджэнняў нар. сходу), тэатр, стадыён, 2 гімнасіі, рынкі, жылыя дамы перыстыльнага тыпу.
Прыена. Калоны храма Афіны. 4 ст. да н.э.Арх. Піфей.