Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЛЮ́СЕНСКАЯ КАНА́ВА,

другая назва Слаўкавіцка-Ямінскага канала.

т. 12, с. 439

ПЛЮ́СКАЕ ВО́ЗЕРА,

другая назва возера Плюсы.

т. 12, с. 439

ПЛЮ́СКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1583, адзін з дагавораў паміж Расіяй і Швецыяй, якімі закончылася Лівонская вайна 1558—83. Заключаны на р. Плюса тэрмінам на 3 гады (потым прадоўжаны да 1590). Паводле П.п. пад уладай Швецыі заставаліся рус. землі, якія яна захапіла ў час вайны: гарады Івангорад, Ям, Капор’е і Карэла з іх паветамі. У выніку рус.-шведскай вайны 1590—93 паводле Цяўзінскага мірнага дагавора 1595 усе гэтыя тэрыторыі вернуты Расіі. Гл. таксама Ям-Запольскі мірны дагавор 1582.

т. 12, с. 439

ПЛЮ́СКАЎКА,

назва р. Вішня ў верхнім цячэнні.

т. 12, с. 439

ПЛЮСКВАМПЕРФЕ́КТ (ад лац. plusquamperfectum),

даўно мінулы час, складаная дзеяслоўная форма прошлага часу старажытных славянскіх моў. У стараж.-рус. мове ўжываўся пераважна для абазначэння даўно мінулага дзеяння, якое адбылося раней за якое-н. інш. дзеянне. Утвараўся шляхам спалучэння дапаможнага дзеяслова «быти» ў форме імперфекта і аорыста адпаведнай асобы з дзеепрыметнікам на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Са знікненнем у жывой мове аорыста і імперфекта дапаможны дзеяслоў у складзе П. ўжываўся ў форме перфекта «есмь былъ пришелъ». Паступова была страчана звязка ў складзе перфекта і ў дзеепрыметніках мужч. роду адз. л., канцавое «л» змянілася ў «ў»: «есмъ былъ пришелъ — я быў прыйшоў». П. зрэдку выкарыстоўваецца ў сучаснай бел. мове для абазначэння мінулага дзеяння, якое толькі пачыналася, але было перапынена якім-н. іншым: «Дзве хурманкі прыехалі былі на вяселле, дык і тыя сёння рана паехалі дадому» (К.​Крапіва). У літ. творах зрэдку пад уплывам рус. мовы трапляюцца формы П., дзе пры дзеепрыметніку на «-л» ужываецца нязменная часціца «было»: «Следам за ім памкнуліся было злазіць і сувязныя, але Злобіч стрымаў іх» (М.​Ткачоў). Аднак такое ўжыванне — парушэнне літ. нормы.

Літ.:

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979.

А.​І.​Жураўскі.

т. 12, с. 439

ПЛЮ́СЫ, Плюскае возера. У Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 20 км на Пн ад г. Браслаў. У межах ахоўнай зоны нац. парку Браслаўскія азёры. Пл. 1,54 км², даўж. больш за 2 км, найб. шыр. 1,6 км, найб. глыб. 5,8 м., даўж. берагавой лініі 8,6 км. Пл. вадазбору 6,56 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы на З і Пн выш. 4—5 м, разараныя, на Пд 8—10 м, пад хмызняком. Пойма шыр. 10—80 м, на ПдУ да 300 м. Берагі нізкія, пясчаныя. 9 астравоў агульнай пл. 10 га, з якіх Вялікі і Малы вызначаюцца значнымі памерамі. Некалькі заліваў. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей пераважна сапрапелістае і ілістае. Мінералізацыя вады 195—210 мг/л, празрыстасць 1,6 м. Эўтрофнае. Зараслі ўсх. і паўн. залівы, участкі паміж астравамі, шматлікія мелі. Упадаюць некалькі каналізаваных ручаёў, выцякае ручай у воз. Прысвяты.

т. 12, с. 439

ПЛЮ́СЫ,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на паўд.-зах. беразе воз. Плюсы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на Пн ад г. Браслаў, 247 км ад Віцебска, 48 км ад чыг. ст. Друя. 266 ж., 109 двароў (2000). Піларама, млын. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Тройцы (пач. 20 ст.).

т. 12, с. 439

ПЛЮШЧ (Hedera),

род кветкавых раслін сям. араліевых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Растуць у лясах, на камяністых месцах, падымаюцца на значную вышыню па дрэвах, якія з гэтай прычыны часта гінуць. На Беларусі 1 атлантычна-міжземнаморска-еўрап. рэліктавы від — П. звычайны (H. helix), занесены ў Чырв. кнігу (цвіценне ў вер.—кастр., плоданашэння не назіраецца, размнажэнне вегетатыўнае).

Вечназялёныя драўнінныя ліяны з паветранымі каранямі-прысоскамі на сцёблах. Лісце суцэльнае ці 3—5-лопасцевае. Кветкі дробныя, у шарападобных парасоніках ці сабраныя ў мяцёлкі. Плод — ягада. Выкарыстоўваюцца для прысценнага азелянення як хатнія і аранжарэйныя расліны. Меданосныя, дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Плюшч звычайны.

т. 12, с. 439

ПЛЮШЧА́Й (Sparganium),

род кветкавых раслін сям. рагозавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодным, умераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я, а таксама ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. На Беларусі 7 відаў. Найб. пашыраны П.: малы (S. minimum), прамы (S. erectum), усплылы, або просты (S. emersum). Трапляюцца па берагах рэк, азёр, вадасховішчаў.

Шматгадовыя водныя ці балотныя карэнішчавыя расліны. Сцябло прамастойнае або плаваючае. Лісце вузкалінейнае, у відаў, што растуць у глыбокай вадзе, — стужкападобнае.

Кветкі дробныя, аднаполыя, у шчыльных галоўках. Плод — касцянка. Корм андатры, нутрыі і вадаплаўных птушак. Некат. віды П. маюць пяргу.

Плюшчай незаўважаны.

т. 12, с. 439

ПЛЯБА́Н,

гл. ў арт. Пробашч.

т. 12, с. 440