ПЛЮСКВАМПЕРФЕ́КТ (ад лац. plusquamperfectum),
даўно мінулы час, складаная дзеяслоўная форма прошлага часу старажытных славянскіх моў. У стараж.-рус. мове ўжываўся пераважна для абазначэння даўно мінулага дзеяння, якое адбылося раней за якое-н. інш. дзеянне. Утвараўся шляхам спалучэння дапаможнага дзеяслова «быти» ў форме імперфекта і аорыста адпаведнай асобы з дзеепрыметнікам на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Са знікненнем у жывой мове аорыста і імперфекта дапаможны дзеяслоў у складзе П. ўжываўся ў форме перфекта «есмь былъ пришелъ». Паступова была страчана звязка ў складзе перфекта і ў дзеепрыметніках мужч. роду адз. л., канцавое «л» змянілася ў «ў»: «есмъ былъ пришелъ — я быў прыйшоў». П. зрэдку выкарыстоўваецца ў сучаснай бел. мове для абазначэння мінулага дзеяння, якое толькі пачыналася, але было перапынена якім-н. іншым: «Дзве хурманкі прыехалі былі на вяселле, дык і тыя сёння рана паехалі дадому» (К.Крапіва). У літ. творах зрэдку пад уплывам рус. мовы трапляюцца формы П., дзе пры дзеепрыметніку на «-л» ужываецца нязменная часціца «было»: «Следам за ім памкнуліся было злазіць і сувязныя, але Злобіч стрымаў іх» (М.Ткачоў). Аднак такое ўжыванне — парушэнне літ. нормы.
Літ.:
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979.
А.І.Жураўскі.
т. 12, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)