Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПІНЧУ́К (Леанід Сямёнавіч) (н. 14.5.1938, г. Гомель),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1983), праф. (1990). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1960). З 1968 у Ін-не механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі (з 1984 заг. аддзела). Навук. працы па тэорыі і метадах герметызацыі, тэорыі кампазіцыйных матэрыялаў, стварэнні палімерных матэрыялаў новых класаў (процікаразійных, магнітавадкіх, антыфрыкцыйных для эндапратэзаў і інш.). Выявіў новы тып палімерных электрэтаў — металапалімерныя.

Гв.: Материаловедение и конструкционные материалы. Мн., 1989 (у сааўт.); Полимерные пленки, содержащие ишибиторы коррозии. М., 1993 (разам з А.​С.​Няверавым); Герметизирующие полимерные материалы. М., 1995 (з ім жа); Electrcts in engineering: Fundamentals and applications. Boston; London, 2000 (разам з У.​М.​Кестэльманам, В.​А.​Гальдадэ).

т. 12, с. 376

ПІНЧУ́К (Мікалай Рыгоравіч) (4.2.1921, в. Ізюмава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.1.1978),

Герой Сав. Саюза (1945), Засл. лётчык-выпрабавальнік (1969). Скончыў Бабруйскі аэраклуб (1940), Армавірскую ваен. авіяшколу (1942), Ваен.-паветр. акадэмію (1954). Ў Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Зах. і 3-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Смаленшчыны, Беларусі, баёў ва Усх. Прусіі. Камандзір знішчальнай эскадрыллі маёр П. за час вайны зрабіў 307 баявых вылетаў, збіў 22 самалёты ворага, адзін з іх тараніў у 1943 у раёне г. Ельня (Расія), 2 — у групавых баях. Да 1975 у Сав. Арміі. Аўтар кн. «У паветры — Які» (1977).

М.Р.Пінчук.

т. 12, с. 376

ПІНЧУ́К (Рыгор Сяргеевіч) (24.1.1912, г.п. Лоеў Гомельскай вобл. — 14.5.1944),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Варашылаўградскую ваен. авіяшколу пілотаў (1936), Ваен.-марскую акадэмію (1942). У Чырв. Арміі з 1934. Камандзір самалёта лейт. П. вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40, калі ў час бамбардзіроўкі свой ахоплены полымем самалёт пасадзіў у тыле ворага і вывеў экіпаж за лінію фронту. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Загінуў пры выкананні баявога задання.

Р.С.Пінчук.

т. 12, с. 376

ПІ́НЧЭРЫ (ад ням. Pinscher),

група парод сабак. Паходзяць ад стараж. сабак Зах. Еўропы, сфарміраваны ў канцы 19 ст. Пашыраны ва ўсіх краінах свету. На Беларусі сабакаводы-аматары найб. гадуюць даберман-П. як службовых, малога і карлікавага П. як дэкаратыўна-пакаёвых сабак.

Выш. даберман-П. ў карку 60—72 см, канстытуцыя моцная, сухая; касцяк і мускулатура добра развітыя. Поўсць кароткая, прамая, бліскучая, чорная, карычневая або блакітная з іржава-чырвонымі падпалінамі. Хвост і вушы купіруюць. Характэрны алюр — галоп. Тып паводзін рухомы з актыўнай абарончай рэакцыяй.

Да арт. Пінчэры. Даберман-пінчэр.

т. 12, с. 376

ПІНЧ-ЭФЕ́КТ (ад англ. pinch звужэнне, сцісканне),

звужванне эл. токавага канала ў сціскальным праводным асяроддзі пад уздзеяннем уласнага (створанага самім токам) магн. поля. Апісаны амер. вучоным У.​Х.​Бенетам (1934) у дачыненні да патокаў хуткіх зараджаных часціц у газаразраднай плазме. Рэалізуецца ў моцнатокавых газавых разрадах (сіла току сотні тысяч ампер і больш). Назіраецца таксама ў плазме цвёрдых цел, напр., у т.зв. моцна выраджанай электронна-дзірачнай плазме паўправаднікоў. Выкарыстоўваюць у даследаваннях уласцівасцей носьбітаў току, мадэляванні з’яў у газаразраднай плазме і інш.

т. 12, с. 376

ПІН-ДЫЁД,

паўправадніковы дыёд з p-i-n-структурай. Адрозніваецца ад дыёдаў p-n-структуры наяўнасцю базавай вобласці з нізкай праводнасцю (i-вобласці) паміж p- і n-абласцямі з высокай праводнасцю ў крышталі паўправадніка. Такія дыёды маюць павышанае хуткадзеянне ў рэжыме пераключэння, высокае значэнне напружання прабою, малую паразітную ёмістасць. Выкарыстоўваюцца ў якасці высакавольтных магутных дыёдаў, пераключальных і абмежавальных ЗВЧ-дыёдаў, лавінна-пралётных дыёдаў, паўправадніковых дэтэктараў ядз. выпрамяненняў і інш.

т. 12, с. 363

ПІО́НЫ,

тое, што пі-мезоны.

т. 12, с. 376

ПІПАНІ́ЧНЫ (Віталь Мікалаевіч) (н. 2.3.1937, г.п. Ніжнія Серагозы Херсонскай вобл., Украіна),

бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1994). Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Ін-це фізіка-арган. хіміі, з 1974 у Ін-це біяарган. хіміі АН Беларусі. З 1995 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы па хіміі кортыкастэроідаў і сінт. аналагаў стэроідаў. Адкрыў новую групу гетэрацыклічных аналагаў стэроідаў і сінтэзаваў шэраг біялагічна актыўных злучэнняў гэтай групы.

Тв.:

Синтез и биологическая активность производных 8,16-диазастероидов (у сааўт.) // Докл. АН СССР. 1978. Т. 240, № 3;

Полный синтез 8-аза-16-оксастероидов (у сааўт.) // Докл. АН БССР. 1978. Т. 22, № 5.

т. 13, с. 149

ПІПЕРАЗІ́Н, гексагідрапіразін, дыэтылендыамін,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C4H10N2. Бясколерныя крышталі, tпл 112 °C, tкіп 146 °C. Раствараецца ў вадзе, гліцэрыне, этаноле. Гіграскапічны; утварае гексагідрат з tпл 44 °C; з паветра паглынае дыаксід вугляроду. Паводле хім. уласцівасцей — другасны аліфатычны амін. Выкарыстоўваюць як інгібітар карозіі, паскаральнік полімерызацыі хларапрэну, П. гексагідрат і адыпінат — у медыцыне як процігліставы сродак. Таксічны: ГДК 5 мг/м³.

Літ.:

Бейшекеев Ж. Химия и применение пиперазина. Фрунзе, 1982.

т. 12, с. 377

ПІПЕРЫДЗІ́Н, гексагідрапірыдзін, пентаметыленімін,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C5H11N Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tкіп 106,17 °C, шчыльн. 860,6 кг/м³.

Змешваецца з вадой, этанолам, дыэтылавым эфірам. Паводле хім. уласцівасцей — моцная аснова, лёгка ўтварае солі. Структурны фрагмент многіх алкалоідаў (напр., анабазіну, лабеліну, марфіну). Выкарыстоўваюць для сінтэзу лек. прэпаратаў (анальгетыкаў, анестэтыкаў і інш.), некаторыя вытворныя — як паскаральнікі вулканізацыі.

т. 12, с. 377