Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПІЛІГРЫ́М (італьян. pellegrino ад лац. peregrinus чужаземец),

багамольнік, вандроўны багамолец; тое, што паломнік (гл. Паломніцтва).

т. 12, с. 357

ПІЛІ́ПАЎ (Іван) (сапр. Нялепка Язэп Піліпавіч; каля 1879, в. Касцянёўцы ці чыг. ст. Парэчча Гродзенскага р-на — пасля 1920),

бел. пісьменнік, публіцыст. Працаваў тэлеграфістам на чыг. ст. Парэчча, з 1910 у Вільні. З 1909 друкаваўся ў газ. «Наша ніва», пасля ў «Вольнай Беларусі», «Белорусском эхе», бел. календарах і інш. Вершы П. адметныя лірызмам, уменнем перадаць настрой, фарбы роднай прыроды. У апавяданнях «Голас з магілы» (1909), «Казкі і сны» (1914) смутак, туга, унутранае хваляванне. У публіцыст. артыкулах пісаў пра стан родных мясцін, ахопленых вайной. У нарысе «На парозе будучыні» (1915) думкі пра гіст. перспектыву развіцця Беларусі.

Тв.:

У кн. — Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;

Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

Літ.:

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;

Каханоўскі Г.​А.​Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 12, с. 357

ПІЛІ́ПАЎСКІЯ ПЕ́СНІ,

песні зімовага цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Выконвалі іх на вячорках, прадучы кудзелю ў піліпаўку (6-тыднёвы пост перад калядамі). Ў іх пераважаюць сумныя матывы, у т. л. пра гаротнае жыццё замужняй жанчыны-сялянкі. Вылучаюцца 2 асн. тэмы П.п.: праца сялянкі ў доўгія зімовыя вечары (услаўляюцца ўмелыя працавітыя майстрыхі-рукадзельніцы, з’едліва высмейваюцца гультайкі і няўмекі), сямейныя ўзаемаадносіны (цяжкае, бяспраўнае становішча нявесткі ў сям’і мужа). Сярод П.п. трапляюцца таксама песні баладнага тыпу, жартоўныя, любоўная лірыка.

Публ.: Зімовыя песні. Мн., 1975.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, ч. 1. С. 97—137.

А.​І.​Гурскі.

т. 12, с. 357

ПІЛІПЕ́НКА (Міхаіл Карнеевіч) (н. 3.9.1924, в. Дубраўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейтэнант (1984). Скончыў Куйбышаўскае ваен. вучылішча сувязі (1946), Ваен. акадэмію сувязі (1953) і акад. курсы пры ёй (1972). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Ленінградскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах. Сувязіст мал. сяржант П. вызначыўся 2 і 5.10.1943 у час пераправы цераз Дняпро на Пд ад Кіева: удзельнічаў у яго вызваленні. Да 1973 на камандных пасадах у Сав. Арміі, да 1991 на выкладчыцкай рабоце. Аўтар кн, «Сам-насам з вайною» (1999). Ганаровы грамадзянін г. Кіеў.

М.К.Піліпенка.

т. 12, с. 357

ПІЛІПЕ́НКА (Міхаіл Фёдаравіч) (н. 19.5.1936, в. Нежыхаў Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. этнолаг. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р гіст. н. (1993), праф. (1995). Засл. дз. культ. Беларусі (1999). Скончыў БДУ (1961). Працаваў настаўнікам. З 1967 у БДУ (з 1977 дацэнт). З 1991 заг. аддзела этнаграфіі, з 1995 этналогіі, з 1994 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе пытанні гісторыі бел. этналогіі і фалькларыстыкі, бел. этнагенезу, сямейнага побыту, вясельных звычаяў і абрадаў бел. сялянства, нар. рэлігійных вераванняў. Адзін з аўтараў кніг «Гістарычнае краязнаўства Беларусі» (1980), «Народная педагогіка беларусаў» (1996), «Беларусы» (1998), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000).

М.Ф.Піліпенка.

Тв.:

Этнография Белоруссии. Мн., 1981;

Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.

т. 12, с. 357

ПІЛІПЕ́НКА (Сяргей Уладзіміравіч) (22.7.1891, Кіеў — 11.7.1943),

украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (з 1906), адкуль за антыўрадавую дзейнасць быў выключаны і высланы. Друкаваўся з 1917. Аўтар зб-каў баек «Байкаўніца» (1922), «Байкі» (1927), «Свінні на дубе» (1932), кніг апавяданняў і гумарэсак «Асколкі жыцця» (1925), «Кара» (1927), «Анекдоты старога рэдактара» (1933), аповесці «Востраў Драйкрайцэн» (1930), публіцыстычных і літ.знаўчых артыкулаў. Адзін з першых перакладчыкаў вершаў і баек Я.​Купалы (з 1917), пераклаў таксама асобныя творы Ц.​Гартнага, М.​Чарота, З.​Бядулі, К.​Крапівы. Рэдактар альманаха «Нова Білорусь» (Харкаў, 1929). На бел. мову байку П. «Грамафон» пераклаў Э.​Валасевіч.

В.​А.​Чабаненка.

т. 12, с. 357

ПІЛІПО́ВІЧ (Уладзімір Антонавіч) (н. 5.1.1931, в. Слабада Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. фізік. Акад. Нац. АН (1980; чл.-кар. 1977). Д-р фіз,матэм. н. (1972), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1954). З 1967 у Ін-це фізікі, з 1971 заг. Лабараторыі электронікі, з 1973 у Ін-це электронікі Нац. АН Беларусі (да 1998 дырэктар). Адначасова ў 1983—87 гал. вучоны сакратар Прэзідыума Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаваннях цвердацельных аптычных квантавых генератараў, імпульсных мадулятараў дыхтоўнасці рэзанатараў, узаемадзеянні магутнага выпрамянення з кандэнсаванымі асяроддзямі. Прапанаваў метады вызначэння страт выпрамянення ў працэсе генерацыі, устанавіў сувязь параметраў вымушанага выпрамянення з уласцівасцямі малекул фотатропных асяроддзяў. Распрацаваў галаграфічнае запамінальнае прыстасаванне і інш. Дзярж. прэмія СССР 1985. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Оптические квантовые генераторы с просветляющимися фильтрами. Мн., 1975 (разам з А.​А.​Кавалёвым);

Фотоэлектрические преобразователи в системах оптической обработки информации. Мн., 1990 (разам з А.​К.​Есманам, А.​А.​Візнерам);

Многоэлементные фотоприемники в преобразователях перемещений. Мн., 1991 (разам з А.​К.​Есманам, В.​С.​Паседзькам).

У.А.Піліповіч.

т. 12, с. 357

ПІЛІ́ТЫ,

у Вялікабрытаніі прадстаўнікі плыні, якая існавала ў партыі торы ў 1820—40-я г. Назва ад імя лідэра Р.Піля (міністр унутр. спраў у 1822—27 і 1828—30, прэм’ер-міністр у 1834—35 і 1841—46). Выступалі за эканам. ўступкі гандл.-прамысл. буржуазіі пры захаванні паліт. панавання буйных землеўладальнікаў і фінансістаў. У 1846, выконваючы праграму прыхільнікаў свабоды гандлю (гл. Фрытрэдэрства), дамагаліся адмены «хлебных законаў», што прывяло да значнага зніжэння ўвазных пошлін на многія віды харчавання і сыравіны. Гэта выклікала незадавальненне торы-пратэкцыяністаў і прывяло да расколу партыі торы. П. далучыліся да вігаў (з сярэдзіны 19 ст. Ліберальная партыя Вялікабрытаніі).

т. 12, с. 357

ПІЛО́Н (грэч. pylōn літар. брама, уваход),

1) масіўны слуп (слупы), які служыць апорай арак, мастоў, перакрыццяў будынкаў ці падземных збудаванняў.

2) Невысокія слупы, пастаўленыя па баках уезда ці ўвахода на тэр. сядзіб, палацаў, паркаў і інш. (найб. пашыраны ў архітэктуры класіцызму).

3) Вежападобнае збудаванне ў форме ўсечанай піраміды (у плане выцягнуты прамавугольнік) з трапецападобным фасадам. П. ставілі абапал вузкага ўвахода ў стараж.-егіпецкія храмы (каля 2050—1700 да н.э.).

С.​А.​Сергачоў.

Пілоны старажытна-егіпецкага храма.

т. 12, с. 357

ПІЛО́Н ((Pilon) Жэрмен) (1536—37, Парыж — 3.2.1590),

французскі скульптар і медальер; прадстаўнік Адраджэння. Вучыўся ў П.​Бантана. Працаваў у Парыжы. З 1572 гал. кантралёр Каралеўскага манетнага двара. У ранні перыяд зазнаў уплыў Ж.Гужона. Творы вызначаюцца грацыёзнасцю, тонкай рытмічнасцю, мяккасцю пластычнай формы (група «Тры грацыі» для урны з сэрцам Генрыха II, 1563, і інш.). З 1570-х г. у творах узмацнілася эмац. драматычнасць і напружанасць вобразаў («Маці Божая Засмучаная», 1586, і інш.). Майстар-партрэтыст: скульптуры грабніцы Генрыха II і Кацярыны Медычы ў абацтве Сен-Дэні (1563—70), бюст Генрыха II (1570—75), надмагілле Валянціны Бальбіяні (1583), надмагільная статуя канцлера Рэнэ дэ Бірага (1583—85) і інш. У медалях віртуозную прапрацоўку дэталей спалучаў са строгай гармоніяй кампазіцыі (медалі з партрэтамі Генрыха III, Карла IX, Кацярыны Медычы і інш.).

т. 12, с. 358