ПІЛО́Н ((Pilon) Жэрмен) (1536—37, Парыж — 3.2.1590),

французскі скульптар і медальер; прадстаўнік Адраджэння. Вучыўся ў П.​Бантана. Працаваў у Парыжы. З 1572 гал. кантралёр Каралеўскага манетнага двара. У ранні перыяд зазнаў уплыў Ж.Гужона. Творы вызначаюцца грацыёзнасцю, тонкай рытмічнасцю, мяккасцю пластычнай формы (група «Тры грацыі» для урны з сэрцам Генрыха II, 1563, і інш.). З 1570-х г. у творах узмацнілася эмац. драматычнасць і напружанасць вобразаў («Маці Божая Засмучаная», 1586, і інш.). Майстар-партрэтыст: скульптуры грабніцы Генрыха II і Кацярыны Медычы ў абацтве Сен-Дэні (1563—70), бюст Генрыха II (1570—75), надмагілле Валянціны Бальбіяні (1583), надмагільная статуя канцлера Рэнэ дэ Бірага (1583—85) і інш. У медалях віртуозную прапрацоўку дэталей спалучаў са строгай гармоніяй кампазіцыі (медалі з партрэтамі Генрыха III, Карла IX, Кацярыны Медычы і інш.).

т. 12, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)