Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРШАСНАПО́ЛАСЦЕВЫЯ ЧЭ́РВІ, нематгельмінты, нематэльмінты (Nemathelminthes, або Aschelminthes),

тып ніжэйшых чарвей (скаляцыд). 6 (7) кл.: валасні, гастратрыхі, калаўроткі, кінарынхі, круглыя чэрві, скрэбні і, магчыма, прыапуліды. Апісана больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Свабоднажывучыя і паразіты (раслін, жывёл, чалавека). Свабоднажывучыя насяляюць моры, прэсныя вадаёмы, глебу. Узбуджальнікі нематодных хвароб раслін, нематадозаў. На Беларусі адзначаюцца валасні, гастратрыхі, калаўроткі, круглыя чэрві.

Даўж. ад 0,04 мм да 8 м. Цела цыліндрычнае, нячленістае, верацёна- або ніткападобнае, укрытае шчыльнай кутыкулай. Паміж скурнамускульным мяшком і кішэчнікам шырокая першасная поласць цела (адсюль назва). Кішэчнік з 3 аддзелаў: пярэдняй, сярэдняй і задняй кішкі з анальнай адтулінай. Выдзяляльная сістэма — відазмененыя скурныя залозы або протанефрыдыі. Нерв. сістэма складаецца з каляглотачнага нерв. кальца і аднаго ці некалькіх падоўжаных нерв. ствалоў ці мазгавога нерв. вузла з адыходзячымі ад яго нервамі. Органы пачуццяў (вочкі, нюхальныя ямкі, органы дотыку) слабаразвітыя. Дыхальнай і крывяноснай сістэм няма. Большасць раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 308

ПЕРШАСНАРО́ТЫЯ (Protostomia),

падраздзел двухбакова-сіметрычных беспазваночных жывёл, у якіх ротавая адтуліна ўтвараецца на месцы першаснага рота (бластапора) або яго пярэдняй часткі, анальная — на заднім канцы цела. Уключае імшанак, кольчатых чарвей, круглых чарвей, малюскаў, немертын, мечаногіх, плоскіх чарвей, фаранід, членістаногіх, аніхафор, калючагаловых. Проціпастаўляюцца другаснаротым, у якіх ротавая адтуліна ўтвараецца незалежна ад першаснага рота.

Шкілет вонкавы (кутыкула, хіцін ці ракавіна); пярэдняя і задняя кішкі развіваюцца праз прагінанне эктадэрмы; нерв. сістэма прадстаўлена нерв. ствалом і гангліямі (нерв. вузламі), выдзяляльная — нефрыдыямі. Драбленне яйца спіральнае (калі не зменена другасна).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 309

ПЕРШАСНАТРАХЕ́ЙНЫЯ (Protracheata),

адзіны клас беспазваночных жывёл тыпу аніхафор. 2 сям., 70 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай і ўмеранай зонах Паўд. паўшар’я. Жывуць у вільготных мясцінах, у лясным подсціле. Начныя жывёлы.

Даўж. да 15 см. Цела з 13—44 сегментаў, вусенепадобнае, укрыта мяккай хіцінавай кутыкулай. Па ўсёй даўж. цела кароткія ножкі. На галаве 3 пары прыдаткаў (1-я пара — доўгія вусікі). Органы дыхання — трахеі, выдзялення — цэламадукты. Сэрца ў выглядзе трубкі з адтулінай, крывяносных сасудаў няма. Кормяцца насякомымі. Раздзельнаполыя. Пераважна жывародныя.

т. 12, с. 309

ПЕ́РШАСНАЯ АПРАЦО́ЎКА ВО́ЎНЫ,

комплекс тэхнал. працэсаў па падрыхтоўцы воўны-сыравіны да далейшай перапрацоўкі. Адбываецца на спец. прадпрыемствах воўнаапрацоўчай прам-сці — фабрыках па П.а.в. (на Беларусі ў пас. Ільіч Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.). Асн. этапы: сартаванне, трапанне, мыццё, высушванне.

Пры сартаванні атрымліваюць аднародныя па тэхн. якасцях партыі воўны. Сартаваная воўна на трапальных агрэгатах разрыхляецца, і пазбаўляецца мех. прымесей. Мыюць воўну ў мыйных агрэгатах цёплым (40—48 °C) мыльна-содавым растворам, выдаляюць тлушчапот, мінер. прымесі, адціскаюць, разрыхляюць і высушваюць пры т-ры 50—60 °C. Пры парушэннях рэжымаў П.а.в. ўзнікаюць заганы воўны: зніжэнне трываласці, пругкасці, эластычнасці, страта бляску.

Л.​Ф.​Драбышэўскі.

т. 12, с. 309

ПЕ́РШАСНАЯ АПРАЦО́ЎКА ЛЁНУ, пачатковая апрацоўка лёну,

комплекс тэхнал. працэсаў па апрацоўцы льносаломы на валакно. У выніку атрымліваюць доўгае і кароткае валакно, кастрыцу і пакулле. Асн. этапы — рассціланне (ці вымочванне), размінанне, трапанне (гл. Ільноапрацоўка).

Рассціланне абмалочанай ці ачэсанай ільносаломы, сартаванай па даўж. сцябла, робяць на льнішчах ці лугах з невысокай густой травой. Найб. эфектыўна праводзіць у жн., пры цёплым (18 °C) і вільготным надвор’і з вял. росамі, на 3—4 тыдні (пры больш познім рассціланні на 5—7). Ільносалома ператвараецца ў трасту ў выніку жыццядзейнасці мікраарганізмаў (аэробных і анаэробных), якія раскладаюць пекцінавыя рэчывы і разбураюць сувязі паміж асобнымі валокнамі, валакністымі пучкамі і інш. тканкамі сцябла. Вылежалая льносалома змяняе колер з жоўтага на шэры. Каб пазбегнуць псавання, лён пераварочваюць і адбіраюць пробы для кантролю за якасцю (пераляжалае валакно робіцца слабым, пухлявым, зніжаецца выхад). Вымочванне дае валакно лепшай якасці, яго праводзяць у прыродных вадаёмах ці спец. ёмістасцях на льнозаводах. Выкарыстоўваюць вымочванне адзінарнае (10—12 дзён), камбінаванае (5—6 дзён, потым рассцілаюць) і падвойнае (2 вымочванні па 4—5 дзён з перапынкам на 2—3-дзённае прасушванне). Сушаць трасту на льнішчах у конусах ці ў спец. агрэгатах. Доўгае валакно аддзяляюць ад кастрыцы размінаннем (ламанне драўніны) і трапаннем (выдаленне з сырцу кастрыцы) на мяльна-трапальных агрэгатах (з адходаў на кудзелепрыгатавальных агрэгатах атрымліваюць кароткае валакно — кудзелю; гл. Ільноапрацоўчыя машыны). Валакно сартуюць і прасуюць. На прадпрыемствах ільняной прамысловасці доўгае валакно ідзе на выраб кашульна-блузачных, касцюмна-сукеначных, парцьерных, матрацных тканін, кароткае — брызентавых, тарных тканін, нятканых матэрыялаў, кручаных вырабаў. Кастрыцу (да 65% ад масы трасты) выкарыстоўваюць як паліва, сыравіну для вытв-сці кастрапліт, арбаліту, кармавых дабавак, цэлюлозы, паперы. Пакулле (кароткае, грубае валакно, непрыдатнае для пражы) атрымліваюць сепарацыяй кастрыцы; служыць буд. матэрыялам, сыравінай для вытв-сці кручаных вырабаў. У выніку П.а.л. з трасты атрымліваюць 25% валакністай масы, з яе 25—35% доўгага і 60—70% кароткага валакна, каля 5% пакулля.

На Беларусі льнозаводы (Дрысенскі, Лёзненскі) працуюць з 1930; у 2000 дзейнічаюць 53 ільнозаводы, 82 тэхнал. лініі, пераважна на Пн і ПнУ, дзе больш сеюць лёну (гл. Ільнаводства). Аб’ём вытв-сці льновалакна на Беларусі — 30,4 тыс. т у год, сусв. аб’ём — 350 тыс. т (1998). Навук. даследаванні па П.а.л. вяліся ў БелНДІ лёну (1971—1994), з 1994 у БелНДІ Мін-ва сельскай гаспадаркі працуе лабараторыя механізацыі вырошчвання, уборкі і перапрацоўкі лёну.

П.​М.​Сяргееў.

т. 12, с. 309

ПЕ́РШАСНАЯ НЫ́РКА, мезанефрас,

парны орган выдзялення ў пазваночных. Складаецца са шматлікіх канальцаў (адзін канец кожнага мае выраст — мальпігіева цельца, другім канцом каналец адкрываецца ў першаснанырачны або вольфаў канал). У кругларотых, рыб і земнаводных П.н. функцыянуе на працягу жыцця, у вышэйшых пазваночных — толькі на ранніх стадыях зародкавага развіцця, потым замяняецца метанефрасам (другаснай ныркай). Гл. таксама Выдзяляльная сістэма.

т. 12, с. 309

ПЕ́РШАСНАЯ ПО́ЛАСЦЬ ЦЕ́ЛА, схізацэль,

прастора паміж сценкай цела і кішэчнікам у некат. шматклетачных жывёл, у якой знаходзяцца ўнутр. органы. Паяўляецца ў першаснаполасцевых чарвей і характарызуецца адсутнасцю ўласнай клетачнай сценкі. У малюскаў прадстаўлена сістэмай лакун і сінусаў; у вышэйшых шматклетачных жывёл (кольчатыя чэрві, хордавыя) выцеснена другаснай поласцю цела, або цаломам цэломам. У членістаногіх яе рэшткі ў працэсе эмбрыянальнага развіцця зліваюцца з рэдукаваным цэломам і ўтвараюць т.зв. змешаную поласць цела, або міксацэль. У зародкаў жывёл на стадыі бластулы П.п.ц. наз. бластацэль.

т. 12, с. 309

ПЕ́РШАСНЫЯ І ДРУ́ГАСНЫЯ Я́КАСЦІ,

гнасеалагічныя паняцці для адрознення якасцей (уласцівасцей) рэчаў паводле прынцыпу аб’ектыўнасці. Распрацоўваліся ў філасофіі Дж.​Лока і інш. прадстаўнікоў зах.-еўрап. навукі 17—18 ст. Вытокі праблемы — у антычнай філасофіі. Дэмакрыт адрозніваў суб’ектыўныя веды «па меркаванні», якія звязаны з пачуццёвым успрыманнем, і веды «па ісціне» — аб’ектыўныя, якія грунтуюцца на мысленні. Пра якасці ў двух сэнсах разважаў Арыстоцель. Больш грунтоўнае ўяўленне аб першасных якасцях у працах Г.​Галілея, Р.​Дэкарта, Т.​Гобса і Р.​Бойля. Да першасных якасцей яны аднеслі механіка-геаметрычныя ўласцівасці цел. Лок ужо падзяліў усе якасці на першасныя і другасныя. Паводле яго, першасныя якасці прадметаў не залежаць ад суб’екта, гэта аб’ектыўныя якасці (працягласць, велічыня, фігура, становішча, колькасць і інш.). Другасныя якасці, наадварот, у многім залежаць ад суб’екта (колер, гук, пах, смак, цяпло, холад і інш.). Гэту праблему закраналі Дж.​Берклі, Д.​Юм, І.​Кант і інш. філосафы. Берклі трактаваў яе ў суб’ектыўна-ідэалістычным кірунку; спрабаваў даказаць суб’ектыўнасць і другасных, і першасных якасцей. Юм і Кант таксама адкідалі аб’ектыўнасць першасных якасцей, бо не прызнавалі падабенства адчуванняў да ўласцівасцей знешніх аб’ектаў. Вытлумачаная ў суб’ектыўна-ідэалістычным духу гэта праблема стала перадумовай гнасеалогіі эмпірыякрытыцызму. З пункту гледжання дыялектыкі праблема П. і д.я. вырашальная, паколькі дыялектычны светапогляд зыходзіць з недапушчальнасці іх супрацьпастаўлення. І адны, і другія спасцігаюцца суб’ектам і з’яўляюцца суб’ектыўным вобразам аб’ектыўнай рэчаіснасці.

Літ.:

Беркли Дж. Три разговора между Гиласом и Филонусом: Пер. с англ. // Соч. М., 1978;

Локк Дж. Опыт о человеческом разумении: Пер. с англ. // Соч. М., 1985. Т. 1;

Нарский И. Джон Локк и его теоретическая система // Локк Дж. Соч. М., 1985. Т. 1.

Т.​І.​Адула.

т. 12, с. 309

ПЕ́РШАСНЫЯ ПАЛАВЫ́Я ПРЫКМЕ́ТЫ,

гл. ў арт. Палавыя прыкметы.

т. 12, с. 310

ПЕ́РШАСНЫ ЎЛІК,

першапачатковая рэгістрацыя фактаў, падзей, працэсаў, запаўненне фармуляраў назірання і інш. дакументаў у статыст., бухгалтарскім і аператыўным уліку.

т. 12, с. 309